21 Чэрвень, чацвер

Вы тут

Укусіў кантралёра — зламаў сабе зуб. Як мы лавілі «зайцоў»


Пачуўшы фразу «Праверка аплаты праезду», нават калі ты толькі што прыклаў праязны да валідатара, а потым яшчэ раз — на ўсялякі выпадак, усё роўна міжвольна пачынаеш адчуваць трывогу. Не раз паназіраўшы збоку за злоўленымі «зайцамі», менш за ўсё хочацца апынуцца ў падобнай сітуацыі. Але, як відаць, гэтае правіла распаўсюджваецца не на ўсіх: бо хтосьці катаецца «на адрэналіне» ці не ўвесь час. Каб паспрабаваць на сабе адну з самых стрэсавых (без перабольшання!) прафесій, мы вырашылі напрасіцца ў напарнікі да кантралёраў грамадскага транспарту.


Раніцамі не спрачаюцца, рызыкуюць днём

Гадзіна дня. Радасныя супрацоўнікі офісаў спяшаюцца на абед, а ў работнікаў КУП «Мінсктранс» толькі пачынаецца другая змена. З Галінай ГРЫНКЕВІЧ сустракаемся ў дыспетчарскай станцыі «Карастаянавай». Жанчына працуе ў гэтай сферы аж з 2001 года, таму псіхалогію пасажыраў ужо паспела вывучыць дасканала.

— За гэтыя гады навучылася вылучаць пэўныя тыпажы, таму ў прынцыпе ведаю, хто чаго варты. Але наогул самы скандальны тып — гэта дарослыя жанчыны, прыблізна майго ўзросту. Можа быць, гэта звязана з тым, што мы прывыклі ўсё пралічваць, і сума штрафу ў 12,5 рубля можа неяк збіць сістэму выдаткаў, — разважае Галіна. Свой узрост — 55 гадоў — яна не хавае і шчыра прызнаецца, што лічыць месяцы да выхаду на пенсію. Стамілася.

Працоўны графік кантралёраў выглядае так: пяць дзён першая змена — з 6-й раніцы да 15, пяць дзён другая — з 13 да 22. Тыя, работнікі, якія зусім нядаўна прайшлі стажыроўку, працуюць у самыя непапулярныя гадзіны, у розныя змены з 5-й раніцы і да 12-й ночы, так што неахопленым пільным вокам правяральшчыкаў мінскі грамадскі транспарт не застаецца ніколі.

У сярэднім за дзень трэба праверыць 40 машын рухомага складу, але калі пачынаецца адміністрацыйны працэс з выклікам міліцыі, то ўсё гэта можа зацягнуцца, тады наганяць прыходзіцца ў іншыя дні, разлічваючы на тое, што «зайцы» трапяцца больш згаворлівыя. Больш за ўсё безбілетнікаў днём. Раніцамі людзі спяшаюцца на працу, таму часу на спрэчкі ў іх звычайна няма, вось і не адважваюцца рызыкаваць.

Сістэма размеркавання фронту працы сярод кантралёраў таксама цікавая. Напрыклад, ад дыспетчарскай станцыі «Карастаянавай» ідзе 12 маршрутаў, для кантралёраў яны чаргуюцца ў вызначаным парадку. Мы трапляем на дзень з маршрутам ад плошчы Бангалор, па Арлоўскай і да Вяснянкі. Заўтра, напрыклад, Галіна са сваім калегам будуць правяраць напрамак на Зялёны Луг.

Па адным кантралёры не працуюць. Вытрымаць такі націск няпроста і разам, а ў адзіночку наогул нерэальна. Былі перыяды, калі працавалі і па трое, але гэта здалося нерацыянальным выкарыстаннем працоўных рэзерваў. Зараз кампанію Галіне складае Міхаіл, які прайшоў дзесяцідзённую стажыроўку ўсяго месяц таму. Нягледзячы на салідны ўзрост паўгода таму мужчына з правінцыі перабраўся ў сталіцу. Раней працаваў на заводзе, а вось у Мінску знайсці месца па спецыяльнасці не атрымалася, пачакаў пару месяцаў і вырашыў падацца ў кантралёры — тут кадры заўсёды патрэбныя. Папрацаваўшы не так шмат, Міхаіл прызнаецца: не чакаў, што людзі могуць быць такія...

«А што вы мне зробіце?»

Наслухаўшыся расказаў аб тым, якой ледзь не экстрэмальнай можа быць гэтая праца, не церпіцца рынуцца ў бой. «Але вы на многае не разлічвайце. Мне ўжо пашылі форменную куртку, якую безбілетнікі вылічаюць на раз-два», — папярэджвае Галіна.

Некалькі першых прыпынкаў пасля дыспетчарскай станцыі — цішыня і спакой. У тралейбусах усяго па пары пасажыраў, якія прадбачліва, а можа, і сумленна — не будзем паклёпнічаць, — нічога не парушаюць.

У гэты час Галіна раскрывае нам прафесійныя тонкасці: «Лепш дакладна не становіцца. Раней было прасцей тым, што штрафная квітанцыя выдавалася адразу на месцы, а зараз для яе атрымання неабходна прадставіць пашпарт або від на жыхарства. Любы іншы дакумент не падыдзе, так што, калі безбілетны пасажыр і хоча вырашыць усё палюбоўна, — не атрымаецца, прыйдзецца чакаць, пакуль прыедзе міліцыя і дапаможа ўстанавіць яго асобу. Гэта звязана з тым, што неаплачаны праезд — адміністрацыйнае правапарушэнне, таму яно павінна быць занесена ў базу. Але пры гэтым самастойна затрымаць правапарушальнікаў кантралёры не маюць права, могуць толькі прапанаваць дачакацца супрацоўнікаў міліцыі. У кагосьці сумленне ўсё ж прачынаецца, і яны цярпліва стаяць на прыпынку і па паўгадзіны, а хтосьці разварочваецца і смела сыходзіць: маўляў, а што вы мне зробіце?

Што датычыцца ўведзеных нядаўна дыферэнцыраваных штрафных тарыфаў, то чалавека, які гатовы заплаціць штраф, не важна, на месцы або на працягу месяца, яны не закрануць — ён заплаціць у любым выпадку 12,5 рубля. Але калі парушальнік не ўкладзецца ў адведзены тэрмін, то штраф будзе ўжо 61 рубель 25 капеек. Калі пры складанні пратакола пасажыр не згодны з прыцягненнем да адказнасці, у дачыненні да яго будзе праведзена разбіральніцтва, дзе вырашаць, які штраф яму прызначыць: 0,5 або 1 базавую велічыню. Такія выпадкі бываюць даволі часта. Напрыклад, каля двух тыдняў таму Галіна выявіла безбілетніка: у мужчыны быў праязны на колькасць паездак, ён прыклаў партманэ да валідатара і не ўпэўніўся, што аплата прайшла. Пераправерылі — валідатар спраўны, праезд сапраўды не быў аплачаны. Жанчына, якая сядзела побач, настойліва сцвярджала, што бачыла, што мужчына праезд аплаціў. Дарэчы, пасажыры часцей за ўсё становяцца на бок «зайца» — што тут страшнага, з кім не бывае. У выніку з рашэннем кантралёраў «выпадковы» безбілетнік так і не пагадзіўся — паехаў на камісію.

Слухаць гісторыі, вядома, цікава, але ўбачыць нешта падобнае ўжывую ўсё роўна хочацца больш.

На адным з прыпынкаў якраз перасякаемся з калегамі, якія вывелі з тралейбуса маладую жанчыну.

— Я дакладна прабівала. Разумееце, я не з Мінска. Паехала не ў той бок, потым перасела, мне наогул у цэнтр «Маці і дзіця» трэба, — дрыготкім голасам даказвае пасажырка, перабіраючы па кішэнях, пакетах, розных аддзяленнях сумкі і кашалька з дзясятак паперак. Калі дзяўчына ўжо гатовая расплакацца, запаветны талончык усё ж такі знаходзіцца — вядома, у самым нечаканым месцы.

Укусіў кантралёра — зламаў сабе зуб

Дарэчы, і нам «шанцуе» на першага безбілетніка. Яго гісторыя падобная на папярэднюю — пераблытаў (дата на талончыку зусім «нясвежая»). І паверыць было б можна, калі б кантралёры не пазналі яго ў твар — ловяць ўжо не першы раз. Мабыць, ведаючы ўсе «лайфхакі», мужчына спакойна выходзіць з транспарту і тут жа ўцякае з прыпынку, здалёк яшчэ нешта неразборліва выкрыкваючы. Самае дзіўнае, што праз 10 хвілін мы сустракаем яго на тым жа маршруце — і зноў без талона.

Праўда, гэты раз яго ўжо не чапаем, таму што паспяваем заўважыць іншага пасажыра без аплаты праезду. Як толькі адміністрацыйны працэс пачынаецца ў дачыненні да аднаго безбілетніка, астатнія «зайцы» могуць выдыхнуць спакойна — іх правяраць не будуць.

Гэтым разам сустракаемся з тым самым тыпажом, пра які спачатку казала Галіна, — дарослая жанчына, гатовая адстойваць сваю пазіцыю да апошняга. Выйшаўшы на прыпынку, не менш за 10 хвілін слухаем, што жанчына ўсё-ткі збіралася купіць талон, гэта сама кантралёр ёй не дала. За гэты час паспяваем даведацца ўсё аб яе ўласным жыцці: што яна працавала настаўнікам, зараз даглядае хворую 93-гадовую маці, сама гіпертонік, на вуліцу наогул рэдка выходзіць. Пры гэтым тэма выкрыкаў вар'іруецца ад «Я напішу на вас вялікую скаргу», «Дык вазьміце аўтамат і расстраляйце мяне» да «Вы ж жанчына, вы павінны мяне зразумець». Не ведаю, як можна вытрымаць такі націск штодня, але ў мяне пачынае балець галава і знікае настрой ужо пасля першага падобнага выпадку. Дарэчы, выклік міліцыі так і застаецца пагрозай, і жанчыну адпускаюць з мірам — ёй яшчэ трэба спяшацца да хворай мамы. Кантралёры прызнаюцца, што да пэўных катэгорый у іх, у добрым сэнсе, прадузятае стаўленне: пажылых людзей, цяжарных жанчын ці маладых мам, хутчэй, спакойна папросяць купіць талон, а вось патрабаваць пакінуць транспарт — не будуць.

На самай справе мы з лёгкасцю маглі б даказаць сваю правату. Камеры ўключаюцца пры ўваходзе ў транспарт, запіс ідзе, пакуль не завершаны адміністрацыйны працэс. Скаргаў нямала, таму па дакументальную хроніку звяртаюцца даволі часта. Але кантралёры гэтага не баяцца, яны заўсёды прытрымліваюцца службовай інструкцыі — гэта пасажыры могуць расказваць любыя гісторыі і выбіраць любыя мадэлі паводзін. Галіна ўспамінае адпаведны выпадак. Кантралёры зайшлі ў транспарт разам з жанчынай, яна на іх вачах пракампасціравала талон, аднак ён быў непрыдатны, бо праезд ужо падаражэў, і яго трэба было абмяняць у кіёску «Мінсктранса». Кантралёр папрасіла пасажырку купіць новы талон у кіроўцы, але тая адмовілася. Толькі на трэцім прыпынку, калі не дапамаглі ўгаворы, яе папрасілі выйсці і выклікалі супрацоўнікаў міліцыі. У выніку жанчына напісала скаргу, што з яе адразу ж пачалі патрабаваць штраф, а міліцыю чакалі гадзіну, хоць камера зафіксавала 19 хвілін. Натуральна, з лёгкасцю атрымалася ўстанавіць праўду.

Звычайна ўсё заканчваецца толькі пагрозамі на словах. Але ў калегі Галіны быў выпадак, калі парушальнік яе ўкусіў. Расплата не прымусіла сябе доўга чакаць — пры гэтым мужчына зламаў сабе зуб. Яго затрымалі, паўдзельнічаў нават кіроўца. Вынік — 10 базавых велічынь штрафу і нямалая сума на аднаўленне зуба.

Што датычыцца школьнікаў, то яны звычайна ходзяць з даведкамі, але ёсць і хітруны, якія «косяць» пад малалетніх. «Памятаю, трапілася дзяўчына. Так, невысокага росту, худзенькая, але па твары значна старэйшая. Які год нараджэння? — 2001. Кажу, будзем выклікаць супрацоўнікаў міліцыі. Яна адказвае: «Не трэба ніякіх супрацоўнікаў, усё аплачу». Працягвае пашпарт, а там 1991. Рэзка пасталела на 10 гадоў», — расказвае Галіна.

Нам на шляху трапляюцца чамусьці адны безбілетныя мужчыны. Першы сцвярджае, што паездкі скончыліся нечакана, хоць апошняя аплата праводзілася тыдзень таму, другі — што не будзе аплачваць наземны транспарт, пакуль у ім не з'явяцца тэрміналы продажу білетаў, трэці — што не мае працы, таму і за праезд плаціць не павінен. Аднак пагроза выкліку міліцыі дзейнічае ацверажальна — пашпарты знаходзяцца, а вось жаданне ездзіць «зайцам» знікае. Кантралёры выводзяць з тралейбуса чарговага безбілетніка, а мы едзем далей, на ўсялякі выпадак пераправерыўшы сваю ўласную аплату.

Дар'я КАСКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Каментары

Нажаль, ветлівыя кантралёры сустракаюцца вельмі рэдка. Амаль кожны раз чуеш саўковае "прад'яўляем!!!". А пра тое, што трэба вітацца і казаць "калі ласка", нават калі ты нечага патрабуеш - нават і казаць не буду. Адчуваюць сябе звышчалавекамі. Цьфу.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад педагога залежыць, як «будзе гучаць мелодыя»

Ад педагога залежыць, як «будзе гучаць мелодыя»

Медыяпраект «Мая малая Радзіма, або Чаму я стаў педагогам?» запусцілі ў БДПУ.

Эканоміка

Дачы і катэджы: калі складана прадаць — то можна здаць

Дачы і катэджы: калі складана прадаць — то можна здаць

Загарадных дамоў на рынку так зашмат, што іх не купляюць нават па сабекошце.