Вы тут

Amazon стварае «вечны» гадзіннік


Кіраўнік кампаніі Amazon (амерыканскі канцэрн, найбуйнейшы ў свеце па абароце тавараў і паслуг праз інтэрнэт) Джэф Безас намерыўся стварыць практычна вечны механічны гадзіннік. Сам гадзіннік размешчаны ўнутры скалы каля касмадрома Blue Orіgіn, што ў заходнім Тэхасе, а на рэалізацыю праекта выдаткавана 42 мільёны долараў ЗША.


Як заяўляюць аўтары праекта, самы вялікі ў свеце механічны гадзіннік павінны прапрацаваць як мінімум 10 000 гадоў. Пра гэта паведаміў сам Безас праз свой «Твітар».

Шахта для ўстаноўкі гадзіннікавага механізма глыбінёй 152 метры была выкапана яшчэ некалькі гадоў таму. Вакол яе ўзведзена спіральная лесвіца для будаўніцтва і абслугоўвання гадзінніка. «Сэрцам» гадзінніка з'яўляецца велізарны маятнік вагой 280 кілаграмаў. Акрамя гэтага, у канструкцыі выкарыстоўваюцца 20 велізарных шасцерань дыяметрам да 2,5 метра, самая масіўная з якіх важыць 450 кілаграмаў. Сілкаваць увесь механізм будзе сонечная энергія. Паводле слоў самога Джэфа, «за час працы гэтага гадзінніка перастануць існаваць Злучаныя Штаты Амерыкі, загінуць і ўзнікнуць новыя цывілізацыі, будуць вынайдзены новыя формы праўлення. Ніхто не можа сабе ўявіць, якім будзе свет, калі гэты гадзіннік перастане ісці».

Варта заўважыць, што ідэя ўзвядзення такога гадзінніка належыць зусім не Джэфу Безасу. Яшчэ ў 1995 годзе яе прапанаваў інжынер Дэні Хіліс у якасці ілюстрацыі таго, што трэба думаць пра будучыню планеты, а не жыць сённяшнім днём. Пасля запуску гадзіннік і яго ўнутранае месціва будуць адкрыты для бясплатнага наведвання, аднак ёсць невялікая цяжкасць. Для таго каб дабрацца да месца, трэба будзе ажыццявіць немалое падарожжа. Як паведамляецца на афіцыйным сайце праекта, «найбліжэйшы аэрапорт знаходзіцца за некалькі гадзін язды на машыне, пасля чаго наведвальнікам прыйдзецца пешшу залезці на 600-метровы схіл».

Праект Джэфа Безаса можна ўспрымаць па-рознаму, але ў даволі гучную заяву з нагоды таго, што гадзіннік прапрацуе 10 000 гадоў, верыцца з цяжкасцю. Бо калі разважаць аб'ектыўна: ці шмат вы ведаеце рэальна існуючых аб'ектаў узростам 10 000 гадоў (акамянеласці не лічым)? Акрамя таго, такі гадзіннік з'яўляецца механічным, а значыць у яго канструкцыі прысутнічаюць шасцярэнькі, якія пастаянна адчуваюць сілу трэння пры ўзаемадзеянні адно з адным, што зношвае дэталі. Нават самыя лепшыя швейцарскія гадзіннікі час ад часу патрабуюць замены некаторых элементаў. Акрамя гэтага, нельга забываць, што металічныя дэталі схільныя да карозіі. Ці Безас змог стварыць метал, які з часам не акісляецца?

Многія СМІ выказваюць сумнеў у даўгавечнасці згаданай прылады. Яны лічаць, што ўся гэтая гісторыя больш падобна на піяр-кампанію самога Безаса, вядомага сваімі неардынарнымі ўчынкамі.

Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».