Вы тут

Чаго вы не ведалі пра кажаноў


На думку многіх палеантолагаў, кажаны жылі на нашай планеце яшчэ да з'яўлення на ёй людзей, і яны — адны з самых дзіўных істот у свеце, хоць шмат хто можа з гэтым не пагадзіцца. Спадзяёмся, прыведзеныя ніжэй дзіўныя факты, пра якія вы, верагодна, і не здагадваліся, дадуць вам магчымасць зірнуць на кажаноў па-іншаму.


Гісторыя

Навуковая назва кажаноў — рукакрылыя, ад грэчаскага cheіr (рука) + pteron (крыло). Навукоўцы мяркуюць, што кажаны ўпершыню з'явіліся 65—100 мільёнаў гадоў таму, у той жа самы час, што і дыназаўры. Буйныя кажаны больш блізкія да прыматаў (у тым ліку людзей), чым да сваіх меншых суродзічаў.

У 600 годзе да нашай эры грэчаскі байкапісец Эзоп расказаў байку пра кажана, які пазычыў грошы, каб распачаць сваю справу. Яго план праваліўся, і кажан вымушаны быў хавацца на працягу дня, каб не трапіцца на вочы тым, у каго ён пазычыў грошы. Вось менавіта таму, паводле Эзопа, кажаны актыўныя толькі ноччу.

Біялогія

Кажаны дзеляцца на дзве асноўныя групы: буйныя, якія харчуюцца ў асноўным садавіной, і не буйныя, якія харчуюцца насякомымі, жабамі, рыбай, яшчаркамі і птушкамі. Яны насяляюць усе кантыненты, акрамя Антарктыды, ад Палярнага круга і да Аргенціны і паўднёвай ускраіны Паўднёвай Афрыкі.

Большасць з нас мяркуе, што жывёлы, асабліва млекакормячыя, жывуць 10—15 гадоў. Аднак некаторыя віды кажаноў могуць жыць у дзікай прыродзе да 30 гадоў.

Крылы кажана ўтвараюць пальцавыя косткі, пакрытыя тонкай скурай. Перапонкі крылаў складаюць каля 95 % паверхні цела. Яны дапамагаюць рэгуляваць тэмпературу цела, крывяны ціск, водны баланс і газаабмен.

У кароткавухага кажана пульс налічвае ўсяго толькі 18 удараў у хвіліну падчас спячкі ў параўнанні з 880, калі кажан актыўны.

І лётаюць, і чуюць, і бачаць

Кажаны — адзіныя млекакормячыя, якія могуць лётаць. Розніца паміж імі і «лятучымі вавёркамі» ў тым, што кажаны кантралююць свой палёт, тады як «вавёркі, якія лётаюць» могуць толькі планіраваць з дрэва на дрэва. У адрозненне ад птушак, якія робяць узмах усёй пярэдняй канечнасцю, кажаны махаюць сваімі растапыранымі пальцамі.

Насуперак ходкай думцы кажаны не сляпыя. Многія з іх добра бачаць, а некаторыя віды нават адчувальныя да ўльтрафіялетавага выпраменьвання. Але калі іх зрок вас не ўражвае, то гэта сапраўды можа зрабіць іх слых — яны могуць чуць частоты ад 20 да 120 000 Гц. Для параўнання людзі могуць чуць толькі ад 20 да 20 000 Гц, сабакі — ад 40 да 60 000 Гц.

У кажаноў самы павольны працэс узнаўлення ў параўнанні з іншымі млекакормячымі іх памераў, і перыяд цяжарнасці ў іх таксама даўжэйшы, чым у іншых жывёл.

Прыкладна 70 % кажаноў ядуць насякомых. У сярэднім кажан можа з'есці больш за 600 казявак за гадзіну — гэта ўсё роўна, што звычайнаму чалавеку з'есці 20 адзінак піцы за вечар.

Сярод іх ёсць вампіры

Міф пра Дракулу ўзнік ва Усходняй Еўропе, аднак рэальныя кажаны-вампіры сустракаюцца толькі ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы. Кажаны-вампіры — адзіныя млекакормячыя, якія харчуюцца толькі крывёю. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню кажаны-вампіры на самай справе не «смокчуць» кроў. Яны «злізваюць» яе сваімі языкамі, выпіваючы па дзве чайныя лыжкі крыві за ноч. Кроў рухаецца праз рот па двух каналах пад языком. Для жыццядзейнасці кажанам-вампірам патрэбныя толькі чырвоныя крывяныя клеткі, таму хвіліны праз дзве пасля пачатку трапезы плазма выходзіць з цела мышы ў выглядзе мачы. Кажаны-вампіры кожны дзень павінны выпіваць столькі ж крыві, колькі важаць самі.

Паводле апытання, праведзенага каналам Anіmal Planet, кажаны-вампіры займаюць трэцяе месца сярод жывёл, якіх баяцца больш за ўсё. Іх апярэджваюць толькі ваўкі і гарылы, а адразу за імі ідуць піранні.

Між іншым кажаны-вампіры прыносяць чалавеку вялікую карысць. Навукоўцы выкарыстоўваюць антыкаагулянт, які змяшчаецца ў іх сліне, для лячэння пацярпелых ад інсульту, а таксама пацыентаў з рознымі сардэчнымі захворваннямі.

Цікавае

Самы вялікі ў свеце кажан — гіганцкая лятучая золатакаронная лісіца, рэдкі від кажаноў, якія харчуюцца садавінай. Размах яе крылаў больш за паўтара метра.

У пячоры Бракен Бат у Тэхасе жыве самая вялікая калонія кажаноў у свеце — 20 мільёнаў асобін, што ў два разы больш за насельніцтва Нью-Ёрка.

У Кітаі і Японіі кажаны з'яўляюцца сімваламі шчасця. Па-кітайску словы «кажан» і «ўдача» вымаўляюцца аднолькава — «фу».

Кажаны, якія харчуюцца жабамі, могуць адрозніць бяспечных ад атрутных, пачуўшы кліч самца.

Іван Купарвас

Загаловак у газеце: Сапраўдныя вампіры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».