Вы тут

Якiя прыярытэтныя задачы на 2018 год вызначылi ў Мiнпрыроды


У мiнулым годзе былi выкананы ўсе мэтавыя паказчыкi, якiя датычацца дзейнасцi ведамства, расказаў падчас вынiковага пасяджэння калегii Мiнпрыроды мiнiстр прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ХУДЫК. У 2018 годзе праца прыродаахоўных органаў павiнна быць накiравана на захаванне станоўчых тэндэнцый у стане наваколля i рашэнне пытанняў у гэтай сферы.


У 2017-м Мiнпрыроды забяспечаны прырост запасаў нафты на 0,641 млн тон, цi на 106,8 % ад устаноўленага паказчыка.

Па словах мiнiстра, развiццё мiнеральна-сыравiннай базы краiны — адна з галоўных задач мiнiстэрства. I для паляпшэння працы ў гэтым кiрунку трэба перайсцi да практычнай дзейнасцi. «Неабходна прыняць усе меры, каб разведаныя радовiшчы перадавалiся ў распрацоўку суб'ектам гаспадарання, у прамысловае асваенне, канцэсiю, прыцягвалiся рэальныя iнвестыцыi ў эканомiку, — адзначыў Андрэй Худык. — Пры гэтым павінен быць баланс паміж здабычай і прыростам запасу».

Намеснiк мiнiстра Андрэй Хмель падкрэслiў, што на сёння асноўнай задачай у працэсе развiцця мiнеральна-сыравiннай базы краiны з'яўляецца павелiчэнне аб'ёму i якасцi геолагаразведачных работ. Для рашэння гэтых пытанняў будуць прынятыя меры па прыцягненнi iнвестыцый у матэрыяльна-вытворчую базу галiны.

Актыўна iдзе праца i па знiжэннi выкiдаў забруджвальных рэчываў у атмасферу. Па словах першага намеснiка мiнiстра Ii Малкiнай, дзякуючы намаганням тэрытарыяльных органаў у мiнулым годзе выканана больш за 200 прыродаахоўных мерапрыемстваў, якiя дапамаглi знiзiць аб'ём выкiдаў амаль на 7,5 тысячы тон. Агульная ж колькасць выкiдаў забруджвальных рэчываў у атмасферу ад стацыянарных i мабiльных крынiц склала 1243 тыс. тон (мэтавы паказчык — не больш чым 1245 тыс. тон).

Змяншэнне выкiдаў — вельмi важная задача для гарантавання экалагiчнай бяспекi краiны. Сёння спецыялiсты сцвярджаюць: у структуры агульнага захворвання насельнiцтва ўсё большую частку займаюць хваробы, якiя з'яўляюцца вынiкам тэхнагеннага забруджвання наваколля, у прыватнасцi атмасфернага паветра.

Прагноз надвор'я — па-новаму

У мiнулым годзе крытыку, у тым лiку i з боку Прэзiдэнта, выклiкала праца сiноптыкаў. Па словах Андрэя Худыка, праблемнымi пытаннямi ў дзейнасцi Рэспублiканскага цэнтра па гiдраметэаралагiчнай дзейнасцi, кантролi радыеактыўнага забруджвання i манiторынгу навакольнага асяроддзя, акрамя недакладных прагнозаў надвор'я, з'яўляюцца i пытаннi дысцыплiны, недастатковы рост сярэднямесячнай заработнай платы. Вырашэнне гэтых праблем не толькi павысiць якасць працы гiдраметэаралагiчнай службы, але i дапаможа зменшыць уплыў прыродных катаклiзмаў на эканомiку краiны — па мiжнародных ацэнках, ад неспрыяльных пагодных з'яў Беларусь штогод губляе 93 млн долараў.

У 2017 годзе ў Белгiдрамеце з'явiлiся новыя вiды прагнозаў, напрыклад, прагноз ападкаў з пазначэннем працэнта iх iмавернасцi, прагноз прыросту снежнага покрыва. Працягвалася работа па тэхнiчным перааснашчэннi сеткi метэаназiранняў, мадэрнiзацыя тэлекамунiкацыйных сiстэм, павышэнне квалiфiкацыi спецыялiстаў. Дзякуючы гэтаму была забяспечана апраўдвальнасць прагнозаў: на наступныя суткi — да 96,3 % (у 2016 годзе — 95,6 %), на трое сутак —
96,2 % (у 2016-м — 94,5 %). Да 34 гадзiн павялiчылася своечасовасць папярэджвання неспрыяльных i небяспечных пагодных з'яў (у 2016-м гэты паказчык складаў ад 9 да 12 гадзiн).

Другасным рэсурсам не месца на звалках

На асаблiвым кантролi ў Мiнпрыроды сёння i пытаннi навядзення парадку на зямлi.

— У пытаннях абыходжання з адходамi абсалютная бескантрольнасць, якая павiнна быць спынена, — сказаў Андрэй Худык. — Захаванне другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) дапускаецца паўсюдна, хоць яно законам забаронена. Рэдкiя аб'екты захавання адходаў адпавядаюць патрабаванням, якiя да iх прад'яўляюцца.

Як адзначыў намеснiк мiнiстра Аляксандр Корбут, сёння ў краiне таксама неабходна павышаць эфектыўнасць работы сартавальных станцый. Многiя з iх не выйшлi на праектныя магутнасцi, а значная частка (каля 40 %) займаецца сартаваннем толькi паасобна сабраных адходаў. Так, у 2017 годзе было сабрана 654 тыс. тон ДМР (пры заданнi ў 752 тыс. тон).

— Неабходна больш дасканала праводзiць кантроль i не дапускаць вывазу змяшаных камунальных адходаў на захаванне без папярэдняга сартавання, — падкрэслiў ён.

Барацьба з баршчэўнiкам Сасноўскага ў бягучым годзе таксама павiнна быць арганiзавана зусiм на iншым узроўнi, лiчыць мiнiстр.

— Калi мы рэальна будзем рабiць тое, пра што расказваем, то, упэўнены, праз год-два мы яго вынiшчым, — сказаў Андрэй Худык. — Дзе ёсць гаспадары, кантрольныя органы, гэта работа праведзена.

Сёння агульная плошча, якую займае баршчэўнiк Сасноўскага, складае 2924 га. Больш за ўсё шкоднай раслiны ў Вiцебскай (73 %) i Мiнскай (12,5 %) абласцях. Галоўнымi прычынамi недастаткова эфектыўнай барацьбы з баршчэўнiкам спецыялiсты Мiнпрыроды лiчаць адсутнасць сiстэмнай работы, парушэнне тэрмiнаў i тэхналогiй мерапрыемстваў па барацьбе з iм.

Веранiка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Прырода гаспадарлiвасцi

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».