Вы тут

Прастора не для ўсіх


Чарговая беларуская поўнаметражная (!) стужка ў пракаце — заўжды надзея. Па-першае, на тое, што яшчэ ёсць порах, па-другое, на тое, што нарэшце гледачы ўпэўняцца, што ў айчыннага кіно адкрылася другое дыханне. Але часам новыя надзеі непазбежна вядуць да расчараванняў накшталт: трапіць у кінатэатр на сеанс неверагодна складана (а фільм паказваюць у 9 кінатэатрах, плануецца пракат у іншых краінах), бо аматараў паглядзець новае беларускае кіно няма, таму паказы адмяняюцца, а калі ўбачыць кіно ўсё ж атрымалася, то давядзецца паставіць яму дыягназ.


Кадр з фільма «У асабістую прастору ўваход забаронены» (рэж. А. Бутар).

Пра стужку «У асабістую прастору ўваход забаронены» пісалі сапраўды шмат хоць бы таму, што прэса сочыць за рэжысёрам Аляксандрай Бутар, якая зняла ўжо некалькі поўнаметражных ігравых фільмаў на «Беларусьфільме»: «Белыя росы. Вяртанне» ды «Салодкае вяртанне Веры» (якое, дарэчы, было ў ліку пераможцаў кінафестывалю ў Х’юстане разам з яшчэ 1000 фільмаў). Новае кіно Бутар вырашыла зняць ужо без дапамогі дзяржаўнай кінастудыі, гэта першая незалежная карціна рэжысёра, на якую было выдаткавана каля 60 тысяч еўра: частку з іх аўтар сабрала сама (Бутар стварыла кінашколу «Тэрыторыя кіно»), а яшчэ частку пагадзіліся прафінансаваць прыватныя кампаніі. Некаторыя з іх дазволілі бясплатна выкарыстаць для здымак «ягуар», які каштуе неверагодных грошай, хтосьці дапамог з касцюмамі для галоўнага героя, асноўная лакацыя — дом у Тарасава — Бутар таксама дасталася бясплатна, а з музыкай ды гукам дапамог гурт «Тяни-Толкай». І гэта выдатна! Вось доказ, што нават калі падаецца, быццам да нашага кіно нікому няма справы, усё ж ёсць зацікаўленыя, якія гатовыя дапамагаць бескарысліва, як кажуць, «дзеля мастацтва». Але хоць стужка мае досыць нядрэнны (па мерках айчыннага кіно) бюджэт, гэта яшчэ не гарантыя поспеху…

Сцэнарый фільма Аляксандра Бутар пісала сама, у суаўтарстве з Юліяй Гірэль. Гэта першае, да чаго з’яўляюцца пытанні. Па сюжэце галоўны герой — праграміст Максім (Эрык Абрамовіч) — пакутуе ад залішняй педантычнасці, нават нездаровага перфекцыянізму (яшчэ дзіцячая траўма персанажа). Наколькі моцна? Да такой ступені, што збіраецца скончыць жыццё самагубствам з-за таго, што не змог зрабіць камп’ютарную гульню, якую распрацоўваў, ідэальнай (справа ў дэталі, якую не заўважыў бы наўпрост ніхто). Яго начальнік (Павел Харланчук) і чуць пра гэта не хоча, гульня паступае ў продаж на наступны дзень, а шматпакутны Максім вырашае паехаць на чыгуначную станцыю «Лясное», каб звесці рахункі з жыццём. Так, вядома, кіно — гэта найперш мастацтва і верыць таму, што адбываецца на экране, неабавязкова. Але ўсё ж хочацца глядзець кіно, у якім першая ж сцэна не выклікае непаразумення.

Аляксандра Бутар распавядае, што яе новы фільм у першую чаргу простая гісторыя пра шчасце, а неабходныя для гэтага складнікі — героі. Максіму на сваім шляху давядзецца сустрэць шмат арыгінальных людзей: вось уладальнік кафэ з дачкой Зінай і яе сябрам, якія мараць трапіць на «Еўрабачанне» (хочацца сказаць: трэба марыць пра высокае!); вось урачы «хуткай», якія перажываюць уласную любоўную драму; вось самая эксцэнтрычная, эмацыянальная ў свеце дзяўчына Маша, якая будзе з Максам на працягу амаль усяго экраннага часу. І нават тры гэтыя сюжэтныя лініі не могуць трымаць гледача ў напружанні на працягу 1,5 гадзіны — вельмі хочацца фіналу. У чым справа? Магчыма, варта пачаць з дыялогаў. Усе героі фільма хоць і спрабуюць падавацца эмацыянальнымі, чамусьці выглядаюць як манекены — у сэнсе ненатуральнасці дыялогаў, вельмі немудрагелістых і непрадуманых. У фільме занятыя маладыя акцёры, але ёсць і ўжо вядомыя беларускаму гледачу Ганна Палупанава ды Сяргей Жбанкоў, але нават у іх не атрымліваецца выканаць галоўную акцёрскую задачу — прымусіць гледача паверыць ды ўцягнуцца ў сюжэт. Але ці варта грашыць на артыстаў? Ім даводзіцца іграць ролі герояў, учынкі якіх не паддаюцца ніякай логіцы, а рэплікі зрэдку нагадваюць натуральную размову. Узяць хоць бы знаёмства Макса з Машай: на рэйках, абодва збіраюцца паміраць пад цягніком, але абставіны перашкаджаюць, і больш словы галоўнага героя «Я ўсё заўсёды раблю ідэальна» не будуць яго гімнам. Таму што ў жыцці праграміста з’яўляецца дзяўчына. Сітуацыя выклікае пытанні: каханне паміж героямі ўзнікае літаральна адразу, і ўжо праз некалькі гадзін яны скажуць пра пачуцці адно аднаму. Гэтая дзіцячая наіўнасць можа спадабацца падлеткам, якія шукаюць у кіно рамантыкі, але наўрад ці дарослым, нават тым, хто любіць простае кіно пра шчасце.

Дарэчы, з жанрам карціны вызначыцца таксама складана. Рэжысёр акрэсліла кіно як меладраму-камедыю. Калі салодкай рамантыкі тут досыць (напрыклад, кадр, дзе 3 пары герояў адначасова цалуюцца на рэйках), то пра камедыю трэба яшчэ паспрачацца. Смех выклікае толькі ўласна сюжэт: калі Зіна ды яе сябра здымаюць кліп для «Еўрабачання», паліваючы «ягуар» з лейкі, і, зразумела ж, адразу праходзяць адбор на конкурс; калі Макс выклікае «хуткую» некалькі разоў запар, а пасля кажа, што гэта быў жарт; калі Маша расказвае гісторыі пра свайго хлопца ды посціць фатаграфіі з Максімам (каб яе Косцік параўнаваў) у сацыяльныя сеткі... Ёсць яшчэ некалькі няўдалых жартаў.

Кадр з фільма «У асабістую прастору ўваход забаронены» (рэж. А. Бутар).

Розныя навукоўцы лічаць, што ў літаратуры ці 36, ці 12, ці нават 4 сюжэты, але вельмі часта кнігі атрымліваюцца зусім непадобныя адна да адной. Чаму гэтай разнастастайнасці няма ў фільмах Аляксандры Бутар? Яе трэцяя стужка — зноў меладрама, зноў шаблонная. Але немагчыма не падзякаваць рэжысёру за жаданне дзейнічаць. Пакуль іншыя кінематаграфісты кажуць, што ім не хапае грошай, магчымасцей, чагосьці яшчэ, Бутар проста бярэ і здымае наступны фільм. Дарэчы, калі сюжэт «У асабістую прастору ўваход забаронены» вас не захапіў, то абавязкова захопіць прыгажосць пейзажаў, ды наогул здымка: неверагодныя планы, знятыя на квадракоптар, сонечнасць беларускага поля з каласамі, зеляніна лесу. Драматургія драматургіяй, але кіно глядзіцца яшчэ і вачыма. Дадатковы плюс у карму рэжысёра — спроба зняць незалежнае кіно ды ўзбагаціць беларускі кінематограф чарговым поўным метрам.

Стужка ўжо выклікала ў сацыяльных сетках шэраг спрэчак наконт таго, чаму незалежны кінематограф не падртымліваюць журналісты, чаму не даюць фільму выйсці ў вялікае кінатэатральнае жыццё? Але справа ў тым, што густы ва ўсіх розныя, кожнаму падабаюцца розныя карціны (у гэтым і ёсць прыгажосць ды веліч мастацтва, што кожны твор знойдзе свайго гледача). І, як звычайны глядач, падчас прагляду ў адным з момантаў фільма, дзе Максім карыстаецца аднаразовым посудам, я зрабіла для сябе карысную выснову: усё ж адна з галоўных якасцяў добрага кіно (як і мастацтва наогул) — не стаць аднаразовым ці хоць бы паспрабаваць пазбегнуць гэтага лёсу.

 Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.