Вы тут

Як змянілася адказнасць за браканьерства


Ведаеце, чым у пачатку года, апроч іншага, занятыя карыстальнікі паляўнічых угоддзяў? А якія змяненні нядаўна былі ўнесены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях у плане адказнасці за незаконны збыт ці захоўванне рыбалоўных сетак ці сеткаматэрыялаў? Пра гэта сёння больш падрабязна раскажуць спецыялісты Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.


Знайсці па следзе

Глушца і цецерука — на такавішчах, бабра — на паселішчах

Для карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў пачатак года характэрны не толькі завяршэннем сезона палявання на пушныя віды і высакароднага аленя, але і неабходнасцю арганізацыі і правядзення ўліку паляўнічых жывёл. Яго парадак вызначае Інструкцыя аб парадку правядзення ўліку колькасці паляўнічых жывёл, а тэхналогію — тэхнічны кодэкс існуючай практыкі «Тэхналогія ўліку паляўнічых жывёл».

Асноўная задача ўліку — устанавіць фактычную колькасць паляўнічых звяроў і птушак, якія жывуць ва ўгоддзях. На падставе гэтых дадзеных далей вызначаецца прынятая колькасць паляўнічых жывёл, якая, у сваю чаргу, выкарыстоўваецца для разліку нормы адабрання паляўнічых жывёл нармаваных відаў.

Улік зубра, дзіка, казулі, лані, лася, муфлона, высакароднага і плямістага аленяў, бабра, выдры, воўка, глушца, цецерука праводзіцца штогод. Паляўнічых жывёл іншых відаў — адзін раз на чатыры гады, а таксама ў год правядзення паляўніцтваўладкавання. Мерапрыемствы па ўліку паляўнічых жывёл вельмі працаёмкія і, як правіла, патрабуюць прыцягнення значнай колькасці выканаўцаў (падлікоўцаў), якія валодаюць неабходнай кваліфікацыяй.

Згодна з біялагічнымі, матэматычнымі, геаграфічнымі і арганізацыйнымі асновамі ўліковых работ, яны могуць быць сістэматызаваны па шэрагу прыкмет:

  • па ахопленай улікам тэрыторыі (паляўнічая гаспадарка, раён, вобласць і г. д.);
  • па аб'ектах уліку (павідавы, многавідавы або комплексны);
  • па выкарыстанні транспартнай тэхнікі (авіяўлікі, наземныя або пешыя, аўтамабільныя і да т. п.);
  • па характары правядзення (палявыя або непасрэдныя ўлікі і анкетна-апытальныя);
  • па спосабах экстрапаляцыі (па тыпах або катэгорыях угоддзяў, абходах або лясніцтвах, гаспадарках, урочышчах, ландшафтах, прыродных раёнах і да т. п.);
  • па спосабах выяўлення жывёл (візуальна, па слядах жыццядзейнасці, на слых і да т. п.);
  • па характары матэматычных параметраў (адносны і абсалютны).

Большасць метадаў уліку паляўнічых жывёл носіць маршрутны характар. Сутнасць іх зводзіцца да таго, што, рухаючыся па вызначаным маршруце, падліковец фіксуе заўважаных ім паляўнічых жывёл або сляды іх жыццядзейнасці, а затым з дапамогай пэўнай тэхналогіі вызначае агульную колькасць паляўнічых жывёл на ўсёй тэрыторыі паляўнічых угоддзяў, у тым ліку шляхам экстрапаляцыі.

Улік нармаваных відаў паляўнічых жывёл (капытныя, глушэц, цецярук, выдра, бабёр) і ваўка павінен праводзіцца не менш чым двума метадамі. Пры арганізацыі ўліку капытных карыстальнікі паляўнічых угоддзяў часцей за ўсё выкарыстоўваюць метады зімовага маршрутнага ўліку, шумавога прагону, уліку аленевых па экскрэментах і анкетны. Для глушца і цецерука незаменным метадам з'яўляецца ўлік на такавішчах, а для вызначэння колькасці бабра на першым месцы стаіць улік па паселішчах.

Наколькі добрасумленна і правільна карыстальнікі паляўнічых угоддзяў правялі ўлікі, устанаўліваецца ў ходзе кантрольных улікаў, арганізаваных Мінлясгасам, Дзяржінспекцыяй і Мінпрыроды. Пры разыходжанні даных за аснову (для планавання адабрання паляўнічых жывёл і іншых мэт) бяруцца даныя кантрольных улікаў.

Не трапіць у сеткі

Парушэнні па дурасці ці ад сквапнасці?

З 31 студзеня ўступіла ў сілу новая рэдакцыя артыкула 15.36 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, якая цяпер прадугледжвае прамую адказнасць за незаконны збыт або захоўванне рыбалоўных сетак або сеткаматэрыялаў (раней даводзілася даказваць, што сеткі аказваюць фізічнае ўздзеянне на рыбу, зараз гэтая юрыдычная недакладнасць ліквідавана).

У выпадку выяўлення такога роду парушэнняў фізічным асобам пагражае штраф у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь, індывідуальным прадпрымальнікам — ад 10 да 200 базавых, а юрыдычным асобам — да 500 базавых велічынь.

На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэалізацыю рыбалоўных сетак і іншых прылад здабычы рыбы (або іншых водных жывёл), вырабленых з выкарыстаннем сеткаматэрыялаў, могуць ажыццяўляць толькі юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ўключаны ў пералік, што зацвярджаецца аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам. Пры гэтым захоўваць падобны тавар яны павінны строга ў месцах, вызначаных іх лакальнымі дакументамі.

Набыццё такіх прылад магчымае толькі па прад'яўленні дагавора арэнды рыбалоўных угоддзяў або дагавора арэнды паверхневых водных аб'ектаў для рыбаводства або рашэння мясцовага выканаўчага і распарадчага органа аб наданні права на нарыхтоўку водных дзікіх жывёл, якія не адносяцца да аб'ектаў палявання і рыбалоўства (даўгапальцы (вузкапальцы) рак, паласаты рак, усходняя рачная крэветка). Купляць сеткі і прылады з сеткаматэрыялаў (з мэтай іх перапродажу) таксама дазволена юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам, уключаным у згаданы вышэй пералік.

Сеткаматэрыялы — сеткавае палатно, вырабленае з натуральных і (або) сінтэтычных нітак рознай таўшчыні, што перакрыжоўваюцца на пэўнай адлегласці, і якое можа быць выкарыстана для вырабу рыбалоўных сетак і іншых прылад здабычы рыбы або іншых водных жывёл.

Рыбалоўная сетка — выраб, зроблены з выкарыстаннем сеткаматэрыялаў, замацаваных на падборы, абсталяваны грузіламі, паплаўкамі, шнурамі з плывучымі напаўняльнікамі, абцяжарвальнымі шнурамі і іншай аснасткай, прынцып дзеяння якога заснаваны на затрыманні рыбы або іншых водных жывёл у ячэях сеткавага палатна.

Убачыць з вышыні

Інспектарам дапамог квадракоптар

Па слядах можна весці не толькі ўлік звяроў. Нярэдка яны прыводзяць да тых, хто займаецца браканьерствам. Але і сучасныя тэхналогіі тут таксама дапамагаюць. Пры даследаванні паляўнічых угоддзяў у Жабінкаўскім раёне квадракоптарам работнікі Брэсцкай абласной інспекцыі заўважылі ў полі тушу казулі, разарваную на кавалкі...

Прыкладна за паўкіламетра ад гэтага месца знаходзілася група паляўнічых з сабакамі: на той момант яшчэ можна было паляваць на пушных звяроў, мужчыны здабывалі зайцоў. Пагутарыўшы з імі, дзяржінспектары звярнулі ўвагу на тое, што ў аднаго сабакі на пысе былі бурыя плямы. Ці з'яўляюцца яны крывёй загінулай казулі, установіць экспертыза. Але, апроч таго, пры аглядзе тушы было знойдзена пранікальнае раненне, характэрнае для шроту. Так што да гібелі жывёлы могуць быць датычныя не толькі сабакі, але і іх гаспадары.

Увогуле, як заўважылі ў Дзяржінспекцыі, у апошні дзень сезона масавага палявання на пушных звяроў некаторыя «зайчатнікі», разумеючы, што тэрмін пуцёўкі заканчваецца, адважыліся на рызыку і пад «заслону» здабылі нашмат буйнейшых звяроў.

Інспектары затрымалі пяць груп паляўнічых, якія замест пушніны стралялі па капытных. Іх здабычай сталі лось і шэсць казуль, у тым ліку самка з двума эмбрыёнамі. Між тым паляванне на гэтыя віды даўно забаронена.

Нелегальныя кіламетры

Летась на рынку ў Лідзе дзяржінспектары выявілі гандляра, які незаконна займаўся продажам сетак з лёскі. Купіць іх мог любы ахвотны, у тым ліку і патэнцыйныя браканьеры. У павільёне гандляра інспектары выявілі 41 сетку агульнай даўжынёй 2,4 кіламетра. За іх незаконнае захоўванне і збыт гандляра прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Вобыск у гаражы 36-гадовага жыхара Жодзіна, які правялі дзяржінспектары разам з супрацоўнікамі міліцыі, быў праведзены пасля паступлення аператыўнай інфармацыі: мужчына захоўвае забароненыя прылады лоўлі з сеткаматэрыялаў. Звесткі пацвердзіліся. У гаражы сапраўды знайшлі дзесяць сетак агульнай даўжынёй больш за 1,2 кіламетра, чатыры так званыя «тэлевізары», венцер, «тарпеда» — устройства для ўстаноўкі сетак пад лёдам. А ў дадатак — яшчэ і незарэгістраваную паляўнічую зброю. У «асабовай справе» парушальніка гэта быў не першы проціпраўны эпізод. Мужчыну затрымлівалі падчас начной язды са зброяй па паляўнічых угоддзях. А пасля за тое, што разам з хаўруснікам трапіў у аб'ектыў фотапасткі, калі ўсталёўваў металічныя петлі на звяроў. Нелегала аштрафавалі амаль на 1,5 тысячы рублёў. За захоўванне ж сетак штраф быў амаль на паўтысячы большы.

Сяргей РАСОЛЬКА

Загаловак у газеце: Клопат паляўнічых, адказнасць рыбакоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.