Вы тут

Выйсці з катэгорыі паручыцеляў выключна па сваім жаданні нельга


Быў у маім жыцці адзін сумны выпадак. Даўно быў. Стаў я тады паручыцелем. Асноўным паручыцелем на досыць вялікую суму грошай. Знаёмы мой тады добрую кватэру пабудаваў. Дарагую мэблю купіў. Потым перацягваў яе, надарваўся і памёр. Аказваецца, у яго «спячая» хвароба была, пры якой цяжкае падымаць не рэкамендуецца... Пазыкі і крэдыт потым аддавалі яго бацькі, а магло б быць усё інакш. Для асноўнага паручыцеля, маю на ўвазе. Дарэчы, многія і сёння, пагаджаючыся на гэта, як мінімум вельмі рызыкуюць...


Салідарная або субсідыярная

Каб паменшыць колькасць фінансавых непаразуменняў і павысіць фінансавую адукаванасць нашых людзей, асацыяцыя беларускіх банкаў падрыхтавала памятку паручыцеля.

Што такое паручыцельства па крэдыце? Гэта пісьмовае пацвярджэнне таго, што чалавек возьме на сябе поўную адказнасць па выкананні крэдытнага дагавора, калі гэта не зможа зрабіць той, за каго ён паручаецца. Дагавор заключаецца паміж банкам і паручыцелем.

У выпадку, калі вам прапанавалі выступіць паручыцелем па крэдыце, трэба ўлічваць, што паручыцель нясе салідарную з атрымальнікам крэдыту адказнасць па крэдытным дагаворы, калі заканадаўствам або дагаворам паручыцельства не прадугледжаная субсідыярная адказнасць.

Калі крэдытаатрымальнік не ўнёс чарговы плацеж па крэдыце, то гэта павінен зрабіць паручыцель. Гэта значыць банк мае права патрабаваць пагашэння абавязацельстваў па крэдыце адразу з паручыцеля, нават не прад'яўляючы спачатку патрабаванне крэдытаатрымальніку, альбо адначасова прад'явіць патрабаванне крэдытаатрымальніку і паручыцелю. Гэта салідарная адказнасць.

Субсідыярная адказнасць азначае, што да прад'яўлення патрабавання паручыцелю банк павінен прад'явіць патрабаванне крэдытаатрымальніку. Толькі ў тым выпадку, калі крэдытаатрымальнік адмовіўся ці не ў стане цалкам або часткова задаволіць патрабаванні банка або банк не атрымаў ад яго адказу ў належны час, гэта патрабаванне можа быць прад'яўлена паручыцелю.

Паручыцель адказвае перад банкам у тым жа аб'ёме, што і крэдытаатрымальнік: па асноўнай суме доўгу, працэнтах, няўстойцы (штрафах, пені), кампенсацыі выдаткаў па спагнанні доўгу і іншых страт банка, выкліканых невыкананнем або неналежным выкананнем абавязацельстваў крэдытаатрымальнікам.

Таму адкажыце спачатку самому сабе: ці сапраўды зможаце паручыцца за чалавека, які вас аб гэтым просіць. Ацаніце, якую суму сродкаў вы рэальна можаце накіраваць на пагашэнне абавязацельстваў крэдытаатрымальніка, калі з тым штосьці здарыцца.

Даведацца ўсю паднаготную

Уважліва вывучыце ўсю інфармацыю аб крэдытаатрымальніку, а таксама ўмовы карыстання і вяртання крэдыту, па якім вы збіраецеся выступіць паручыцелем. Высветліце, ці ёсць у яго запазычанасць па раней атрыманых крэдытах, пазыках і іншых абавязацельствах. Калі была і ёсць у цяперашні час пратэрмінаваная запазычанасць па пагашэнні крэдыту, задайце сабе пытанне: «Ці гатовы я паручыцца за такога крэдытаатрымальніка?».

Па інфармацыю аб наяўнасці ў патэнцыйнага крэдытаатрымальніка, за якога вы хочаце паручыцца, запазычанасці па раней атрыманых крэдытах, пазыках і іншых абавязацельствах (такая інфармацыя змяшчаецца ў крэдытных справаздачах) вы можаце звярнуцца ў Крэдытны рэгістр Нацыянальнага банка. З умовамі атрымання крэдытных справаздач можна азнаёміцца на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка nbrb.bу ў раздзеле «Пытанні, якія часта задаюцца».

Крэдытная справаздача можа быць атрымана толькі са згоды асобы, інфармацыя аб якой выдаецца. Згода афармляецца ў прысутнасці ўпаўнаважанага супрацоўніка Нацбанка. Крэдытаатрымальнік можа самастойна звярнуцца ў крэдытны рэгістр з мэтай атрымання сваёй крэдытнай справаздачы і даць яе паручыцелю для азнаямлення.

Не саромейцеся пытаць

Не спяшайцеся падпісваць дакументы. Перад падпісаннем дагавора паручыцельства старанна вывучыце яго. Па магчымасці вазьміце дагавор паручыцельства і крэдытны дагавор, па якім вы паручаецеся, дадому. Больш уважліва вывучыце іх умовы, якія ўстанаўліваюць вашы абавязкі (абавязацельствы, адказнасць), пераканайцеся, што дагавор не змяшчае ўмоў, аб якіх вам не вядома ці сэнс якіх не ясны.

Калі якія-небудзь умовы дагавора не зразумелыя, прасіце супрацоўнікаў банка і асобу, за якую вы паручаецеся, растлумачыць іх вам і пацвердзіць, па магчымасці, адпаведнымі дакументамі. Не саромейцеся пытаць, удакладняць тыя пытанні, якія вам не зразумелыя.

Майце на ўвазе, што ваша адказнасць можа быць абмежавана дагаворам паручыцельства: напрыклад, канкрэтнай сумай або канкрэтным відам абавязацельстваў, у межах якіх вы прымаеце на сябе абавязацельствы адказваць за крэдаатрымальніка. Вы можаце таксама прадугледзець у дагаворы паручыцельства субсідыярны характар сваёй адказнасці. Аднак варта ўлічваць, што ўмовы паручыцельства, як правіла, прапануе банк, які дае крэдыт, і вам давядзецца ўзгадніць прапанаваныя вамі змены ўмоў адказнасці па дагаворы паручыцельства. Перад тым як паставіць свой подпіс, яшчэ раз узважце ўсе «за» і «супраць» падпісання дагавора паручыцельства, спакойна ацаніце свае магчымасці па выкананні абавязацельстваў па крэдытным дагаворы, па якім вы паручаецеся. Падпісвайце дагавор паручыцельства толькі ў тым выпадку, калі вы ўпэўнены, што ўсе яго ўмовы зразумелыя. Вы дакладна ўяўляеце, якія абавязацельствы на сябе прымаеце і дакладна ведаеце, што гатовыя і здольныя іх выканаць.

Калі паручыцельства лічыць спыненым

Памятайце: падпісаўшы дагавор паручыцельства, кліент згаджаецца з усімі яго ўмовамі і прымае на сябе абавязацельствы па іх выкананні, у тым ліку па выкананні абавязацельстваў па крэдытным дагаворы асобы, за якую ён паручыўся. Звярніце ўвагу! Калі крэдытаатрымальнік і банк змяняюць умовы крэдытнага дагавора такім чынам, што гэта цягне за сабой павелічэнне вашых абавязацельстваў ці іншыя неспрыяльныя наступствы для вас (павелічэнне сумы асноўнага доўгу, працэнтнай стаўкі за карыстанне крэдытам, змяненне тэрмінаў крэдытавання і іншае) і пры гэтым на такія змены не атрымана ваша згода, паручыцельства лічыцца спыненым.

Да паручыцеля, які выканаў абавязацельствы, пераходзяць правы крэдытора ў тым аб'ёме, у якім ён задаволіў патрабаванне крэдытора. Гэта азначае, што паручыцель мае права патрабаваць ад крэдытаатрымальніка выплаты сумы па асноўным доўгу, якую ён выплаціў банку, выплаты працэнтаў, налічаных на выплачаную суму, кампенсацыі іншых страт у сувязі з выкананнем абавязацельстваў за крэдытаатрымальніка (за выключэннем сум, выплачаных паручыцелем у сувязі з невыкананнем сваіх абавязацельстваў у адпаведнасці з дагаворам паручыцельства).

Усё гэта крэдытная гісторыя

Паручыцель набывае правы банка як залогатрымальніка, калі выкананне абавязацельстваў па вяртанні крэдыту было забяспечана залогам. У мэтах забеспячэння вашых правоў як паручыцеля, які выканаў абавязацельствы, банк абавязаны ўручыць кліенту дакументы, якія сведчаць патрабаванне да крэдытаатрымальніка, і перадаць правы, якія забяспечваюць гэтае патрабаванне.

Улічвайце, што інфармацыя аб вашых абавязацельствах па крэдытным дагаворы ў якасці паручыцеля будзе перададзена банкам у Крэдытны рэгістр Нацыянальнага банка краіны для фарміравання вашай крэдытнай гісторыі.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Каб не плаціць за чужыя даўгі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.