Вы тут

Як нарыхтаваць бураломную драўніну?


Неаднойчы заўважаў: вось жа талент у карэспандэнтаў «Звязды». Толькі два словы скажы — артыкул напішуць, які і пачытаць цікава. Напрыклад, як Сяргей Расолька ў газеце ад 12 студзеня «Хто ў лес і хто — па дровы?» Гэта тэма-праблема мне вельмі добра вядома, ажно да салёнага поту, ламоты ў касцях і мазалёў...

Сёння ў мяне ёсць прафесійная бензапіла «шведка», ёсць трактар, а дровы выпісаць у лясгасе складаней. Большая іх частка адтуль забіраецца на патрэбы ЖКГ і палівазбытам на тыя нармаваныя 4,9 кубаметра ў асноўным для жыхароў гарадскога пасёлка. Вырашаць пытанне дроў лепей загадзя — не ў сезон. Сёння мне яны абыдуцца, калі выпісваць у мясцовым лясніцтве, ад 195 да 282 рублёў. За транспарціроўку, рэзку, колку да гэтай сумы дададзім яшчэ 140—150 рублёў (калі ўсё гэта буду выконваць сам). Калі наймаць іншых работнікаў — будзе даражэй. І варыянт нарыхтоўкі пад заказ ад прадпрымальнікаў цуркамі на сезон. Адзін прычэп — пяць кубаметраў — будзе каштаваць 130—140 рублёў. Памнажаем на маю патрэбу ў пяць разоў, атрымліваем 650—700 рублёў. А гэта больш за дзве пенсіі. Яшчэ іх трэба пакалоць, скласці ў дрывотню. Дык гары яны гарам, гэтыя дровы!..

Сяргей Расолька ў артыкуле абмінуў адну праблему, за якую мне, як сапраўднаму гаспадару, баліць душа. Ён закрануў магчымасць нарыхтоўкі дроў праз выпіску дзялянкі, што адносна танна. А колькі «наламаных» дроў гніе? Гэта ўздоўж дарог у лесе быццам бы наведзены парадак. Зазірніце на 200—300—400 метраў глыбей у лес. Аніякія дзялянкі выпісваць не трэба! Выпішыце людзям гэтыя нахрыстаныя ўздоўж і ўпоперак (яшчэ добра, прыдатныя для нарыхтоўкі дроў) бярозы-вольхі-сасонкі! Няхай іх прыбяруць дбайныя гаспадары і будзе ў лесе больш парадку і, адпаведна, прыгажосці. Ды дзе там!..

Аляксандр Іванавіч МАТОШКА, вёска Янкавічы Расонскага раёна


Дзякуй чытачу за добрыя словы на адрас аўтара. Насамрэч, калі ты нешта ўмееш рабіць уласнымі рукамі і перажываеш за справу, то і напісаць пра гэта не цяжка. Менавіта тое ж адчуваецца і ў лісце Аляксандра Іванавіча ў рэдакцыю — куды больш вялікім па аб'ёме (і эмацыянальнасці), чым мы маглі змясціць. Але сутнасць пытання зразумелая, шукаем адказ, у чым нам дапамаглі спецыялісты Міністэрства лясной гаспадаркі.

«Нарыхтоўка дроў, а таксама бураломнай, сухастойнай, пашкоджанай драўніны ў выніку бураломаў і да т. п. фізічнымі асобамі ў лясах ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Лясным кодэксам Рэспублікі Беларусь (далей — Лясны кодэкс) на падставе ордара.

У адпаведнасці з заканадаўствам, асноўным прынцыпам лесакарыстання з'яўляецца яго платнасць (артыкул 8 Ляснога кодэкса).

Плата за драўніну, адпушчаную на пні пры саманарыхтоўцы дроў, нязначная. Так, драўніна, адпушчаная на пні для нарыхтоўкі дроў насельніцтвам, рэалізуецца па таксавым кошце, які ў залежнасці ад пароды дрэў і лесатаксавага разраду складае 7—18 капеек за адзін кубічны метр.

У адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 41 Ляснога кодэкса, выдзяленне ўчасткаў ляснога фонду для нарыхтоўкі драўніны ажыццяўляецца юрыдычнымі асобамі, якія вядуць лясную гаспадарку (лясгасамі), іх структурнымі падраздзяленнямі (лясніцтвамі) у адпаведнасці з лесаўпарадкавальным праектам у парадку, устаноўленым артыкулам 42 Ляснога кодэкса. Згодна з часткай трэцяй пункта 1 артыкула 44 Ляснога кодэкса, нарыхтоўка драўніны на ўчастках ляснога фонду грамадзянамі ажыццяўляецца за плату на падставе ордара ў аб'ёме не больш за 50 кубічных метраў.

Адпаведна, грамадзяне, якія жадаюць атрымаць участак ляснога фонду для лесакарыстання, накіроўваюць лясніцтву, у распараджэнні якога знаходзіцца ўчастак ляснога фонду, пісьмовую заяву аб яго выдзяленні, у якім прыводзяцца: мэта атрымання ўчастка ляснога фонду; прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца), месца жыхарства грамадзяніна; плануемыя да ажыццяўлення на запытаным участку віды лесакарыстання, аб'ём плануемых да нарыхтоўкі, збору, адабрання, выкарыстання лясных рэсурсаў і тэрмін, на які просіцца ўчастак ляснога фонду.

Лясніцтвы ў тэрміны, устаноўленыя заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах, разглядаюць заяву і прыкладзеныя да яго матэрыялы і пры адсутнасці падстаў для адмовы ў выдзяленні ўчастка ляснога фонду для лесакарыстання выдзяляюць участак шляхам афармлення і выдачы ордара заяўніку пасля ўнясення ім платы за лесакарыстанне.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 года № 200 «Аб адміністрацыйных працэдурах, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян», выдача грамадзяніну ордара для нарыхтоўкі дроў ажыццяўляецца на працягу двух дзён з дня падачы заявы грамадзяніна ў лясніцтва пры ўмове прадстаўлення дакумента, што пацвярджае ўнясенне платы за драўніну, якая адпускаецца на пні. Рэкамендуем загадзя па тэлефоне ўзгадніць з лясніцтвам магчымасць і месца нарыхтоўкі дроў на пні, іх пародны састаў і аб'ём для вызначэння велічыні аплаты за неабходную драўніну».

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?