Вы тут

Як у Верхнядзвінскім раёне захоўваюць памяць пра Асвейскую трагедыю


Кажуць, што час — найлепшы доктар, ён рана ці позна лечыць раненыя душы, гоіць самую балючую рану, нясе супакаенне! Але нават доўгія гады і тыя не здольныя суцешыць. І доказ гэтаму — памяць пра Асвейскую трагедыю: семдзесят пяць гадоў мінула, як яна адбылася, а думкі зноў і зноў варушаць пачуццё крыўды, розум па-ранейшаму не згаджаецца ўспрыняць жахлівую рэчаіснасць і тысячы безабаронных ахвяр. Росіцкі рэквіем яшчэ раз ускалыхнуў памяць пра нялюдскую вайну супраць чалавецтва.


Бяда здарылася 16 лютага 1943 года. У гэты дзень фашысты пачалі карную аперацыю супраць мірнага насельніцтва на тэрыторыі Асвейскага, Дрысенскага, Расонскага і Полацкага раёнаў пад назвай «Зімовае чараўніцтва». Гітлераўскія паслугачы сагналі ў мясцовы касцёл жыхароў Росіцы і навакольных вёсак і, пратрымаўшы некалькі дзён, вывелі на ўскраіну і жыўцом спалілі ў вялікім гумне. У той дзень загінулі 1528 чалавек. Сярод забітых былі два каталіцкія святары — кзяндзы Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра. Да апошняй хвіліны яны заставаліся ў храме разам з парафіянамі, праводзілі бесперапынную малітву за выратаванне і не пакінулі вернікаў нават у момант смерці.

Сёлета некалькі соцень вернікаў сабраліся на пакутнае месца, каб у супольнай малітве і ў тым самым касцёле, які падчас трагедыі быў канцэнтрацыйнай зонай, маліцца за росіцкіх пакутнікаў, у журботнай працэсіі прайсці дарогай, па якой апошні раз ішлі безабаронныя людзі. Каб ускласці кветкі і паставіць лампадкі каля крыжа, які ўзвышаецца на месцы спаленага з людзьмі гумна. Узначаліў памятную працэсію біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч разам з пробашчам Чэславам Курэчкам — лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне», і многімі святарамі касцёлаў Віцебшчыны.

Гісторыя сведчыць: трагедыя Асвейшчыны — адна з самых жудасных старонак вайны на тэрыторыі Беларусі. Аперацыя нацыстаў па жорсткасці пераўзышла ўсе праведзеныя да гэтага акцыі па знішчэнні мірнага насельніцтва. У выніку блакады, а доўжылася яна амаль паўтара месяца, толькі ў колішнім Асвейскім раёне былі спалены ўсе 158 населеных пунктаў, частка з якіх знішчана разам з людзьмі. З дваццаць адной тысячы на папялішчы вярнулася толькі шэсць з паловаю тысяч колішніх жыхароў.

Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара

Верхнядзвінскі раён, вёска Росіца

Загаловак у газеце: Росіцкі рэквіем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».