Вы тут

ХХІІІ зімовыя Алімпійскія гульні завершаны


У нядзелю прагучалі апошнія акорды Гульняў-2018, у мінулым засталіся ўсе найважнейшыя старты, радасць і слёзы атлетаў, эмоцыі балельшчыкаў, Алімпіяда пацвердзіла свой дэвіз — «Страсць аб'ядноўвае». Агонь самых маштабных зімовых Гульняў, якія сталі рэкорднымі па колькасці ўдзельнікаў і спартсменаў, пагашаны. Маляўнічым завяршэннем, як і належыць, стала цырымонія закрыцця.


Шоу было прысвечана новаму пакаленню і стойкасці духу чалавека, яно прайшло пры камфортным для Пхёнчхана надвор'і, тэмпература ў -5 градусаў не «замарозіла» свята, хоць арганізатары ўсё роўна паклапаціліся аб удзельніках і гледачах, уручыўшы ім пледы і шапкі.

Цырымонія закрыцця складалася з чатырох частак, якія звязалі зададзеную тэму, у ёй было задзейнічана больш за дзве тысячы чалавек. Напрыканцы карэйцы прадэманстравалі гледачам масу спецэфектаў і найноўшыя тэхналагічныя дасягненні. У ходзе цырымоніі адбылася перадача сцяга наступнай сталіцы зімовых Гульняў — Пекіну. Нагадаем, што сталіца Кітая ў 2008 годзе прымала летнюю Алімпіяду, якая прызнана міжнароднай спартыўнай супольнасцю адной з найлепшых па арганізацыі. Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах абвясціў аб закрыцці зімовых Алімпійскіх гульняў, падзякаваў арганізатарам, уладам Пхёнчхана, валанцёрам і ўсім, хто дапамагаў ствараць гэтае свята спорту, і перадаў алімпійскі сцяг мэру Пекіна Чэнь Цзініну.

Тут жа адбылася прэзентацыя наступнай сталіцы белай Алімпіяды Sее уоu іn Bеjіng іn 2022. Ключавымі фігурамі сталі панды, якія ўмела каталіся на роліках, яны хутчэй за ўсё і стануць талісманам Пекіна-2022.

Традыцыйна кульмінацыяй цырымоніі закрыцця стаў парад атлетаў. Беларускую дэлегацыю на алімпійскім стадыёне прадстаўлялі каманды па біятлоне, лыжных гонках, канькабежным і гарналыжным спорце, таксама па стадыёне прайшлі медыцынская і адміністрацыйная групы, без якіх поспехі нашай каманды былі б немагчымыя. Беларускі сцяг на парадзе пранесла чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава. «Вельмі рада, што стала сцяганосцам на цырымоніі закрыцця. Марозна было, але так цёпла на душы. Па-сапраўднаму вялікі гонар», — адзначыла спартсменка.

* * *

На Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане былі прадстаўлены 92 краіны. Адразу шэсць з іх упершыню прынялі ўдзел у зімовых Алімпійскіх гульнях: Рэспубліка Косава, Малайзія, Нігерыя, Сінгапур, Эквадор і Эрытрэя. Пасля перапынку зноў выступілі на Алімпіядзе зборныя Балівіі, Ганы, Кеніі, Калумбіі, КНДР, Мадагаскара, Пуэрта-Рыка і ПАР.

На п'едэстал за гэтыя 16 дзён падымаліся прадстаўнікі 30 краін, у актыве 22 дзяржаў маюцца залатыя ўзнагароды. Агульны медальны залік Алімпіяды-2018 выйграла зборная Нарвегіі, у яе скарбонцы 14 залатых узнагарод. гэта паўтарэнне рэкорду Канады, які быў усталяваны ў 2010 годзе. Акрамя таго, Нарвегія абнавіла рэкорд па агульнай колькасці медалёў — 39. Папярэдняе дасягненне — 37 (9, 15, 13) належала ЗША і таксама было ўстаноўлена ў Ванкуверы-2010.

Адзначым, што 14-е «золата» скандынавам прынесла легендарная лыжніца Марыт Б'ёрген, якая перамагла ў апошні дзень Гульняў. Марыт стала самай тытулаванай спартсменкай у гісторыі зімовых Алімпіяд, абагнаўшы па гэтым паказчыку свайго суайчынніка, біятланіста Уле Эйнара Б'ёрндалена. У Пхёнчхане нарвежка заваявала чатыры ўзнагароды, а ўсяго ў яе калекцыі 15 алімпійскіх медалёў — восем залатых, чатыры сярэбраныя і тры бронзавыя.

Акрамя Нарвегіі, 14 залатых медалёў заваявалі спартсмены зборнай Германіі, але ў нарвежцаў больш «серабра», таму яны апярэдзілі немцаў.

Акрамя Б'ёрген, яшчэ адна з гераінь Алімпіяды-2018 — чэшская спартсменка Эстэр Ледзецка. Яна стала першай жанчынай, якая заваявала залатыя медалі ў двух розных відах спорту на зімовых Алімпійскіх гульнях. Чэшка першынствавала ў дысцыпліне паралельны гіганцкі слалам у гарналыжным спорце і выйграла спаборніцтвы ў снаўбордзе.

* * *

Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане для Беларусі сталі другімі па паспяховасці. Высокую планку, паднятую ў Сочы, пераадолець не атрымалася. У актыве нашых спартсменаў тры ўзнагароды. Нагадаем, лік медалям адкрыла фрыстайлістка Ганна Гуськова, якая стала алімпійскай чэмпіёнкай у лыжнай акрабатыцы, сярэбраную ўзнагароду ў мас-старце заваявала Дар'я Домрачава і, мабыць, самым яркім момантам Гульняў для беларусаў стала перамога жаночага біятлоннага квартэта ў эстафеце.

Знакавая падзея на гэтых Гульнях адбылася для Дар'і Домрачавай. беларуска стала самай тытулаванай біятланісткай свету, на яе рахунку шэсць алімпійскіх медалёў. У 2010-м у Ванкуверы яна была бронзавым прызёрам, праз чатыры гады ў Сочы Дар'я тройчы ўздымалася на найвышэйшую прыступку п'едэстала.

А вось алімпійскае «золата» для Надзеі Скардзіна, Ірыны Крыўко і Дзінары Алімбекавай стала першым у кар'еры дзяўчат. Да таго ж Дзінара цяпер самая маладая алімпійская чэмпіёнка ў гісторыі нашай каманды, зараз дзяўчыне 22 гады.

У агульнакамандным медальным заліку Алімпіяды-2018 беларусы размясціліся на 15-м радку, а пасля Гульняў у Пхёнчхане ў актыве зборнай у суверэннай гісторыі стала 18 медалёў зімовых Алімпійскіх гульняў. У 1994 годзе былі заваяваны дзве сярэбраныя ўзнагароды, у 1998-м — дзве «бронзы», у 2002-м — адна «бронза», у 2006-м — адно «серабро», у 2010-м — «золата», «серабро» і «бронза», у 2014-м — пяць залатых узнагарод і адна «бронза».

Больш за ўсіх медалёў у біятланістаў — дзесяць (4 залатыя, 3 сярэбраныя, 3 бронзавыя), часцей за іншых на алімпійскі п'едэстал уздымалася Дар'я Домрачава. Сем медалёў на рахунку айчынных фрыстайлістаў. з 1998 года яны яшчэ ні разу не вярталіся з Алімпійскіх гульняў без узнагарод (4 залатыя, 1 сярэбраная, 2 бронзавыя). Адзін медаль заваяваў славуты беларускі канькабежац Ігар Жалязоўскі, які выйграў «серабро» ў Лілехамеры.

Медальны залік Алімпіяды-2018

Месца

 

Краіна

 

Золата

 

Серабро

 

Бронза

 

Агульная колькасць медалёў

 

1

 

Нарвегія

 

14

 

14

 

11

 

39

 

2

 

Германія

 

14

 

10

 

7

 

31

 

3

 

Канада

 

11

 

8

 

10

 

29

 

4

 

ЗША

 

9

 

8

 

6

 

23

 

5

 

Галандыя

 

8

 

6

 

6

 

20

 

6

 

Швецыя

 

7

 

6

 

1

 

14

 

7

 

Рэспубліка Карэя

 

5

 

8

 

4

 

17

 

8

 

Швейцарыя

 

5

 

6

 

4

 

15

 

9

 

Францыя

 

5

 

4

 

6

 

15

 

10

 

Аўстрыя

 

5

 

3

 

6

 

14

 

11

 

Японія

 

4

 

5

 

4

 

13

 

12

 

Італія

 

3

 

2

 

5

 

10

 

13

 

Расія

 

2

 

6

 

9

 

17

 

14

 

Чэхія

 

2

 

2

 

3

 

7

 

15

 

Беларусь

 

2

 

1

 

0

 

3

 

16

 

Кітай

 

1

 

6

 

2

 

9

 

17

 

Славакія

 

1

 

2

 

0

 

3

 

18

 

Фінляндыя

 

1

 

1

 

4

 

6

 

19

 

Вялікабрытанія

 

1

 

0

 

4

 

5

 

20

 

Польшча

 

1

 

0

 

1

 

2

 

21

 

Венгрыя

 

1

 

0

 

0

 

1

 

22

 

Украіна

 

1

 

0

 

0

 

1

 

23

 

Аўстралія

 

0

 

2

 

1

 

3

 

24

 

Славенія

 

0

 

1

 

1

 

2

 

25

 

Бельгія

 

0

 

1

 

0

 

1

 

26

 

Іспанія

 

0

 

0

 

2

 

2

 

27

 

Новая Зеландыя

 

0

 

0

 

2

 

2

 

28

 

Казахстан

 

0

 

0

 

1

 

1

 

29

 

Латвія

 

0

 

0

 

1

 

1

 

30

 

Ліхтэнштэйн

 

0

 

0

 

1

 

1

 

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Пхёнчхан ужо стаў гісторыяй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».