Вы тут

Як не стаць ахвярай марозу


Моцныя маразы стаяць у Беларусі ад мінулага чацвярга. За гэты час ртутны слупок падаў ажно да амаль 30 градусаў са знакам «мінус». Разам з тым стала больш і пажараў. Калі за апошнія два працоўныя дні іх адбылося 46 з пяццю загінулымі, то за выхадныя лік узгаранняў узляцеў ужо да 73 з 11 смярцямі!


Зразумела, што ў такое надвор'е сістэма ацяплення дома павінна працаваць без збояў. Але як жа правільна паліць печ?

— Яе неабходна распальваць некалькі разоў на дзень з перапынкамі, — расказвае афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Віталь Навіцкі. — Бесперапыннае паленне можа прывесці да перагарту печы і з'яўлення расколін. У сваю чаргу, гэта выкліча пажар. Не выкарыстоўвайце для распальвання агню лёгкія на загаранне і гаручыя вадкасці. Пары ўспыхнуць, і чалавек, які стаіць побач з печчу, атрымае цяжкія апёкі. Калі ж сістэма ацяплення замерзла, то адагрэйце яе гарачым пяском, вадой. Выкарыстанне адкрытай крыніцы агню — напрыклад паяльнай лямпы — можа прывесці да пажару.

Небяспека падсцерагае і на адкрытым паветры. Зарабіць у такое надвор'е абмаражэнне зусім няцяжка. Справа можа дайсці і да ампутацыі канечнасці.

— Цяжкія абмаражэнні нярэдка адбываюцца ў людзей у стане моцнага алкагольнага ап'янення, — працягвае Віталь Навіцкі. — Тытунёвы дым паніжае перыферыйную цыркуляцыю крыві, што адбіваецца на руках і нагах. Цесны абутак таксама можа паспрыяць абмаражэнню. Пярсцёнкі і завушніцы пакіньце дома — метал настывае вельмі хутка і можа «прыстаць» да цела. Як толькі вы адчулі, што канечнасці пахаладзелі, — тэрмінова зайдзіце ў якое-небудзь цёплае месца. А калі заглух аўтамабіль далёка ад цывілізацыі, то выклікайце дапамогу і не пакідайце салон. Што да ўзросту, то ў групе рызыкі — дзеці і пажылыя людзі. Калі ж вы ўсё-такі выпусцілі малога ў мароз на вуліцу, то яму трэба праз 15—20 хвілін вяртацца ў цяпло.

* * *

Тым часам сумная вестка прыйшла з Гродзеншчыны. У ноч на панядзелак у вёсцы Неўда Навагрудскага раёна загарэўся жылы дом. Ратавальнікі, якія выбылі на месца падзей, адправіліся ў дом на пошукі жанчыны, якая там, па словах відавочцаў, магла знаходзіцца. І ў той час, калі звяно газадымаабарончай службы знаходзілася ўнутры будынка, абрынуліся перакрыцці і комін печы. Будаўнічыя канструкцыі заціснулі камандзіра аддзялення старшага прапаршчыка Дзмітрыя Зайко. Яго неадкладна выцягнулі з-пад завалаў і тэрмінова адвезлі ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы.
Але раніцай ратавальнік памёр...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.