Вы тут

Хто з сучасных нашых літаратараў самы запатрабаваны?


Хто з сучасных нашых літаратараў самы запатрабаваны? Як можна ператварыць аўтограф-сесію ў незабыўна-рамантычную прыгоду? Якіх беларускіх выданняў цяпер асабліва не хапае? На гэтыя ды іншыя пытанні адказвае дырэктар мінскай кнігарні «Акадэмкніга» Вольга Глухоўская.


— Ад многіх пісьменнікаў, настаўнікаў і ўвогуле неабыякавых людзей даводзіцца чуць нараканні, што цікавасць да беларускай кнігі змяншаецца...

— Нам неабходна ставіцца з пэўным недаверам да любога кшталту выказванняў з ноткамі катэгарычнасці. Безумоўна, зараз назіраецца зніжэнне цікавасці да кніжных выданняў, але не толькі да беларускамоўных. Публіка цяпер наогул стала менш хадзіць у кнігарні. Але, калі параўноўваць з мінулым годам, то, напрыклад, цікавасць да роднага слова вырасла: аб’ём продажу беларускіх выданняў у нас складае прыкладна 61 %, у той час як у 2016 г. ён меў 55 %.

— Што робіце, каб зацікавіць чытача беларускай кнігай?

— Займаемся актыўнай рэкламай у інтэрнэце, сацыяльных сетках. На галоўнай старонцы нашага сайта размяшчаем інфармацыю пра самыя цікавыя выданні. Калі зойдзеце на нашу старонку, адразу кінецца ў вочы вокладка класічнага рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» (выдавецтва «Папуры», 2017). Дарэчы, як у часы майго юнацтва, так і цяпер Караткевіч быў і застаецца адным з самых папулярных беларускіх аўтараў.

— Як часта ў «Акадэмкнізе» ладзяцца аўтограф-сесіі? Ці ахвотна пісьменнікі пагаджаюцца на ўдзел?

— Хацелася б праводзіць такія мерапрыемствы штотыдзень, але атрымліваецца 2—3 сустрэчы ў месяц. Самая запамінальная аўтограф-сесія была ў Алеся Разанава з нагоды 70-годдзя. Было прыемна бачыць вялікую колькасць прыхільнікаў паэзіі творцы. Падчас мерапрыемства мы прадалі больш за 40 самых розных кніг спадара Алеся.

Па-тэатральнаму цікава выступаў Анатоль Бутэвіч, калі прадстаўляў свой адметны зборнік нарысаў «Жанчыны з легенды». У маляўнічай форме аўтар паказаў нам гісторыю Беларусі, якую, па сутнасці, шмат у чым стварылі... нашы харызматычныя жанчыны.

Часам аўтограф-сесіі прымаюць у нас нечакана-рамантычнае адценне. Аднойчы завітаў адзін шляхетны мужчына, сказаў, што ў яго жонкі, якая піша вершы (дарэчы, вельмі таленавітыя!), дзень нараджэння і ён хоча зрабіць ёй сюрпрыз. На сустрэчу прыйшло шмат сяброў, знаёмых і нават проста аматараў паэзіі. Панавала атмасфера любові і сонечнага настрою.

На жаль, не ўсе пісьменнікі ахвотна згаджаюцца на такія мерапрыемствы. Лічаць: аўтограф-сесія — гэта несур’ёзна. Але ў аснове іх скепсісу — страх. Баяцца, што прыйдзе мала людзей. Хаця на самай справе, як мне казалі польскія калегі, нават калі на аўтограф-сесіі ўсяго толькі 5—6 чалавек — гэта поспех. Некаторым жа нашым творцам трэба, каб прыйшло мінімум 105 аматараў іх творчасці.

— Што б вам хацелася палепшыць у сістэме кнігадруку і кнігараспаўсюду?

— Трэба ўсім нам (кнігарням, выдавецтвам) удзяляць яшчэ больш увагі беларускай кнізе, і менавіта выданням на роднай мове. Неабходны не толькі традыцыйныя сустрэчы з аўтарамі, але і рознага кшталту тэатралізавана-інтэрактыўныя дзействы. У нас няма (нягледзячы на цудоўныя стасункі) добрых кантактаў на пастаяннай аснове з выдавецтвамі... Нам не хапае маркетынгавых узаемаадносін. Якія зараз у пакупнікоў запатрабаванні? Як зрабіць так, каб сучаснага пісьменніка набывалі з такім жа імпэтам, як гэта было з Караткевічам ці Шамякіным у савецкія часы? Неабходна мець цесную сувязь з нашымі пакупнікамі, чуць іх пажаданні і прапановы. Мару пра тое, каб з’явілася такая арганізацыя, якая дапамагала б вырашаць гэтыя ды іншыя праблемы, арганізоўвала б неабходныя семінары, круглыя сталы па пытаннях кнігадрукавання. Вельмі хацелася б, каб у наступным годзе паказчык продажу беларускамоўнай літаратуры быў ужо не звыклыя 61 %, а 70 %.

— А якія сённяшнія нашы пісьменнікі выклікаюць найбольшую цікавасць у чытача?

— На арганізаванай у нашай кнігарні аўтограф-сесіі кніга Уладзіміра Арлова «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі», створаная разам з мастаком Паўлам Татарнікавым, была раскуплена, і мы ў далейшым зладзілі (чаго ніколі да гэтага не рабілі) дзве дадатковыя творчыя сустрэчы. Увесь першы тыраж (каля 3 тысяч асобнікаў) распрадаўся вельмі хутка, і цяпер паступіў у продаж другі.

Цікавасць да гісторыі Беларусі ўзрастае сёння не толькі ў нас, але і ў найбліжэйшых суседзяў. Святлана Алексіевіч, духоўная вучаніца Алеся Адамовіча, пра дзень сённяшні пісаць умее як ніхто пераканаўча і змястоўна. А ў нас, на жаль, мала аўтараў, якія б маглі выразна і цікава паказаць сучасны дыскурс.

— Якіх беларускіх кніг зараз вам асабліва не хапае?

— Вельмі мала перакладзенай літаратуры. Нядаўна перачытвала санеты Шэкспіра, якія перастварыў па-беларуску Уладзімір Дубоўка, натхнялася дзівосным гучаннем яго радкоў, разумела ўсю справядлівасць вядомых шэкспіразнаўцаў, якія ставілі пераклады нашага паэта вышэй за працу Маршака. Дык вось, цяпер нам не стае падобных перакладаў. І неабходна шырока выдаваць па-беларуску і расійскую класіку таксама.

У дзіцячых выданнях не хапае кніг, дзе маленькія чытачы вучыліся б чытаць па складах. Вельмі мала ўласнабеларускай фэнтэзійнай літаратуры. Веру, што супольнымі намаганнямі з цягам часу мы зробім так, каб творы беларускіх пісьменнікаў з аднолькавай лёгкасцю цытаваліся б на вуліцы таксістамі, гандлярамі, школьнікамі…

Гутарыў Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.