Вы тут

Ці можа сёння літаратар уплываць на чалавека і свет?


У мастацтве ёсць непадзельныя рэчы, і многія з іх становяцца нагодай для роздумаў. Напрыклад, сёлетняя Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш падала ідэю паразважаць на тэму, якая з’яўляецца яшчэ і назвай сімпозіума — «Пісьменнік і час». Пытанне месца літаратара ў сучасным жыцці хвалюе не толькі ўласна прадстаўнікоў гэтай творчай прафесіі, але і грамадства наогул, менавіта таму «ЛіМ» звярнуўся да пісьменнікаў, каб яны распавялі, ці можа сёння літаратар уплываць на чалавека і свет, ці дапамагаюць сустрэчы з калегамі ўсталяваць сувязі паміж аўтарамі з розных краін, а кнігам — пераадолець межы.


Святлана ЗАМЛЕЛАВА, галоўны рэдактар сеткавага літаратурнага і гістарычнага часопіса «Камертон» (Расійская Федэрацыя):

— У сучасным грамадстве пісьменнік ужо не выконвае той ролі, якую меў у XIX або XX стагоддзях. Пісьменнік перастаў быць духоўным лідарам або народным сумленнем, а мастацкія творы ў сучаснай літаратуры не маюць таго значэння і ўплыву на розумы, як творы мінулага. Уплыў пісьменніка на падзеі ў краіне і свеце падобны ўплыву любога вядомага чалавека. Чым большая вядомасць, тым большы ўплыў. Абывацель часта арыентуецца на так званых зорак — медыйных знакамітасцяў. У сучасным свеце для таго, каб стаць вядомым пісьменнікам, неабавязкова добра пісаць, важна здолець прыцягнуць да сябе ўвагу, стварыць свой брэнд. Літаратура адышла на другі план, у асноўным чытач мае справу з літаратурнымі брэндамі і іх праектамі. Але любой краіне і народу патрэбна добрая літаратура, а не праекты. Літаратура як захавальніца Слова і Сэнсу.

Хочацца спадзявацца, што міжнародныя сімпозіумы дзейсныя. Прынамсі, гэта выдатная пляцоўка для знаёмства і пачатку супрацоўніцтва. Бо акрамя «брэндавай» застаецца звычайная літаратура, звычайныя пісьменнікі, якія, быць можа, не маюць вялікай вядомасці, але шчыра і таленавіта робяць сваю справу. А як пазнаёміцца з такімі пісьменнікамі, прытым з розных краін, калі не на міжнародных сімпозіумах!

Арно ЮНДЗЭ, доктар філалагічных навук, старшыня Саюза пісьменнікаў Латвіі:

— XXI стагоддзе, на жаль, не стала залатым для пісьменнікаў. Дамінуюць эксперты і лідары меркаванняў, якія часта, кажучы словамі філосафа Пяцігорскага, «прамаўляюць не ісціну, а тое, чаго ад іх чакаюць палітыкі». Сумленнае слова і меркаванне пісьменніка — як голас розуму, які нагадвае аб вялікіх і малых ісцінах, пра якія мы часта забываем у пагоні за шклянымі каралямі ды іншымі вабнымі цацкамі, што нам прапануе эпоха новых тэхналогій. Задача пісьменніка ў гэты час — задаваць пытанне, што будзе пасля ўсяго гэтага. Літаратура не можа выратаваць або змяніць свет, і час, калі адна паэма Яна Райніса «Даўгава» магла стварыць цэлую дзяржаву, ужо ў мінулым. Але і сёння пісьменнік сваімі тэкстамі можа нагадаць пра той свет і каштоўнасці, якія мы не павінны страціць. Няважна, піша аўтар сур’ёзную літаратуру, якая прымушае думаць, ці прапануе чытачу пасля доўгага працоўнага дня паглыбіцца ў свет, які супакоіць розум і цела, — літаратура і чытанне — своеасаблівая гігіена душы. Словы «чытаць» і «думаць» — у нейкім родзе сінонімы, таму, калі чалавек чытае і думае, ён ніколі не стане чыніць іншым тое, чаго не хацеў бы, каб рабілі яму.

У сучасным глабальным свеце сціснуліся адлегласці і зніклі многія межы. Кнігі пераадольваюць іх вельмі хутка. У такой сітуацыі пісьменнік павінен быць часткай свету. Кантакты з аўтарамі з іншых краін, нават калі гэта проста сяброўскія гутаркі, узбагачаюць і развіваюць. Адзін герой Жуля Верна казаў: «Свет можна аб’ехаць, не выходзячы са свайго кабінета». Гэтая фраза не пасуе сучаснасці — людзі падарожнічаюць, перамяшчаюцца, і ў эпоху Google чытачы адчуваюць, калі аўтар распавядае ім пра тое, што перажыў сам, а калі яго героі гавораць з энцыклапедычнымі памылкамі. Мяркую, жыццё сучаснага пісьменніка складаецца з двух супрацьлегласцяў: праца ў цішыні, адзіноце, нават ізаляцыя ад знешняга свету ў моманты, калі трэба пісаць кнігу, і ўбіранне сусветнага дыхання, уражанняў і ідэй тады, калі трэба збіраць матэрыял для новага тэксту. Калі няма гэтага абмену думкамі, то ўрэшце чытач не атрымае таго, што мог бы атрымаць. Кантакты з аўтарамі з іншых краін — частка натуральнага парадку рэчаў.

Алег БАНДАРЭНКА, выканаўчы дырэктар Асацыяцыі выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў Кыргызстана:

— Не магу пазбавіцца адчування, што роля пісьменніка ў грамадстве паступова зніжаецца. Вядома, гэта меркаванне спрэчнае, але яно заснавана на назіраннях. Так, мне здаецца, усё часцей вядомыя літаратурныя прэміі і арганізацыі маюць менш дачынення да ўласна літаратуры; знізіліся тыражы тоўстых літаратурных часопісаў; пройдзены пік міжнародных кніжных выставак-кірмашоў як з’явы — нават найбуйнейшая з іх, Франкфурцкая, не можа параўнацца па размаху з тым, што было ў 1990-я гады; папяровая кніга, як істота з казкі, змяняе сваю форму на электронную. Тым не менш недаацэньваць ролю пісьменніка я б не стаў. Шмат што залежыць ад грамадства, ад краіны. Калі насельніцтва не чытае кнігі, то ўся дзейнасць пісьменніка бессэнсоўная. Але ў свеце і цяпер ёсць краіны, дзе чытаюць: напрыклад, ЗША, Кітай, Іспанія. Ведаю, што ў Амерыцы сёння быць пісьменнікам крута, там ёсць піетэт да друкаванага слова, многія студэнты ўніверсітэтаў у дадатак да сваёй асноўнай спецыяльнасці атрымліваюць дадатковую — магістр пісьменніцкай справы; нават на штогадовую пісьменніцкую канферэнцыю з’язджаецца да 15 тысяч дэлегатаў. Асобныя літаратары, можа, і не іграюць асаблівай ролі ў жыцці ЗША, але ўсе разам, безумоўна, задаюць тон, стыль жыцця. У краінах СНД, на жаль, пісьменнік сёння аддалены на другі план. Баюся, гэта аб’ектыўна, але не варта скардзіцца — трэба прымаць правілы гульні. І выйграваць у новых умовах! Вядома, у сукупнасці з іншымі дзеячамі культуры і мастацтва можна і трэба сказаць сваё слова, уздзейнічаць на людзей — з пункту гледжання выхавання, пазнання, паляпшэння прыроды чалавека. Не маралізатарствам і навучаннем, але стварэннем цікавасці, святла, радасці, здольнасці разважаць.

Што датычыцца кніжных выставак, то яны дапамагаюць развіццю літаратуры! Тэхнічна, можа, і не робяць рэвалюцыі ў творчасці — кожны з удзельнікаў міжнародных форумаў ідзе сваім шляхам. Пасля ўдзелу ў мерапрыемствах не станеш пісаць ні лепш, ні горш, але гэта і не з’яўляецца іх мэтай, яны выконваюць іншую функцыю — камунікатыўную, псіхалагічную. Пісьменнік, размаўляючы з калегамі, адчувае, што ён не адзін у свеце, што дыхае паветрам, якім дыхаюць такія ж дзівакі, як ён. Гэта архіважна! Творчы чалавек — істота ранімая, яго часта не разумеюць, таму часам яму здаецца, што ён самотны... Гэта пачуццё цяжкае, але прычыны яго не заўсёды сацыяльныя, яны ў суб’ектыўнасці творчага пошуку. Удыхнуць новае жыццё, новыя сілы ў шукальніка дапамагаюць менавіта такія сустрэчы калег: пераасэнсаваць сябе, сваё асяроддзе, сваю ролю ў свеце. Ты раптам бачыш, што разам вы можаце, аказваецца, так шмат! І адкуль толькі з’яўляецца энергія?!.

Яўген АНТАШКЕВІЧ, пісьменнік, перакладчык (Расійская Федэрацыя):

— Усё залежыць ад пісьменніка. У вялікага пісьменніка — вялікая роля. Уладзімір Ільіч Ленін не меў рацыі, нізка ацэньваючы ролю асобы ў гісторыі асоб, а гэта мы з вамі. Няўжо можна недаацаніць ролю Гамера, Шэкспіра, Пушкіна, Талстога, Чэхава, Рабіндраната Тагора ў грамадстве асоб, у якім мы жывём. На наша жыццё ўплываюць асобы, у тым ліку і пісьменнікі, якіх у савецкі час было прынята прызначаць інжынерамі чалавечых душ. Такія пісьменнікі, сапраўды, як генныя інжынеры, ствараюць асобу (апісана ў Гётэ), а ў канчатковым выніку — грамадства. Яны выконваюць ролю маральных і культурных рэгуліроўшчыкаў, архітэктараў рамачных узаемаадносін, пераход за якія негатыўна ўспрымаецца светам, як цяпер прынята казаць, у межах крэатыўнага кантэнту — кагнітыўныя і біхевіярыстычныя маркеры. Без добрай літаратуры няма добрага кіно, не паставіш добры спектакль. Пры добрай літаратуры квітнее таленавіты балет, а на таленавітыя тэксты кладзецца геніяльная музыка. І ад пісьменнікаў іншага маштабу таксама многае залежыць, таму што іх маса стварае ўрадлівы пласт — на ім узрастаюць Вялікія, яны ўплываюць на падзеі ў сваіх краінах і ў свеце. Толькі на багатым культурным пласце вырастаюць карысныя, магутныя травы. У тоўшчы гэтага ж пласта адбываецца адбор — нейкая трава можа і не прабіцца.

Тэкст пакуль застаецца ўніверсальным выразнікам пачуццяў, носьбітам ведаў, у першую чаргу пра сябе, пра чалавека, а аўтарам тэксту з’яўляецца пісьменнік. Па-іншаму пакуль аніяк.

Ёсць такая ісціна — калі жадаеш, каб пра цябе забыліся, перастань святкаваць свой дзень нараджэння. У расійскай радыйнай прасторы існуе жарт: «Калі вы будзеце слухаць толькі нашу радыёстанцыю, вы ніколі не даведаецеся, якім голасам спявае Філіп Кіркораў!» Таму калі грамадства і дзяржава жадаюць, каб культурнае асяроддзе перастала ўплываць на грамадства і дзяржаву — раз’яднайце пісьменнікаў.

Пісьменнік — асоба самотная, і, як кроплі ртуці, пісьменнікі не зліваюцца, за рэдкім выключэннем, таму сімпозіумы, канферэнцыі, кніжныя выстаўкі, куды пісьменнікі ўсё ж трапляюць, адыгрываюць ролю крыніцы, з якой сілкуецца ўсё жывое.

Рыма ХАНІНАВА, сябра Саюза пісьменнікаў Расіі, загадчыца кафедры рускай і замежнай літаратуры Калмыцкага дзяржаўнага ўніверсітэта:

 — Нягледзячы на зніжэнне літаратурацэнтрычнасці ў сучасным грамадстве, мяркую, нельга недаацэньваць ролю пісьменніка. Стаўленне да літаратуры і да аўтара, на мой погляд, — барометр духоўнасці і культуры ў асяроддзі нашага існавання. Мы паступова выходзім з крызіснай сітуацыі, абумоўленай і зменай пакаленняў, і дэфармацыяй каштоўнасных арыенціраў, і стратай ранейшых сувязяў паміж краінамі, народамі, літаратурамі. Роля пісьменніка ў гэтым плане асабліва значная як амбасадара ў глабальнай прасторы і ў сваёй краіне. Гэта ўплыў на падзеі не толькі сваёй творчасцю, але і асабістай грамадзянскай пазіцыяй. Асабліва ў аспекце камунікацыі з аднадумцамі — пісьменнікамі і чытачамі. Таму ўзрастае значнасць публікацыйнай і выдавецкай актыўнасці аўтара, і дзяржава можа спрыяць гэтаму дыялогу.

Звяртаючыся да гісторыі калмыцкабеларускіх літаратурных узаемасувязяў, хачу падкрэсліць важнасць асабістых кантактаў, дружбы пісьменнікаў. Дзякуючы майму бацьку-пісьменніку, удзельніку партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, інтэнсіўнасць такога літаратурнага абмену з канца 1950-х і да канца 1970-х гадоў была вялікая і выніковая. У новым стагоддзі мы аднавілі гэтыя сувязі. У 2015 годзе выйшла мая кніга «Беларусі-партызанкі сын. Міхаіл Хонеў — Міша Чорны», у якой прадстаўлены біяграфічныя дакументы і мастацкія творы на тэму дружбы народаў. Былі зробленыя ўзаемныя пераклады пісьменнікаў, надрукаваныя ў розных выданнях у нашых краінах: так, ваенная паэма М. Хонінава «Званы Хатыні» ўпершыню пераствораная па-беларуску Рагнедам Малахоўскім і Адамам Шостакам і апублікаваная ў часопісе «Полымя».

Як удзельніца леташняга міжнароднага сімпозіума «Пісьменнік і час» у межах Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, магу запэўніць у эфектыўнасці такіх форумаў для пісьменнікаў розных краін. Акрамя новых знаёмстваў і стварэння новых твораў, гэта фактар творчага натхнення на аснове ўзаемадзеяння. Я напісала цыкл вершаў пасля наведвання Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны, некалькі новых апавяданняў на ваенную тэму, пераклала творы класікаў і сучаснікаў — Францыска Скарыны, Максіма Багдановіча, — правяла літаратурныя вечарывыстаўкі, пазнаёміўшы студэнтаў КалмГУ з творчасцю пісьменнікаў Беларусі. Рыхтую хрэстаматыю твораў калмыцкіх і беларускіх пісьменнікаў для ўніверсітэцкага выдавецтва, а 1 студзеня 2019 года адсвяткуем стагоддзе з дня нараджэння Міхаіла Хонінава кніжным выданнем яго новых беларускіх перакладаў.

Яронімас ЛАУЦЮС, дырэктар і галоўны рэдактар выдавецтва «Тры зорачкі», заснавальнік Сусветнай асацыяцыі «Літоўская дзіцячая кніга»:

— Чым хутчэйшы тэмп жыцця, чым больш у ім бяздушных тэхналогій, тым важней для кожнага чалавека знайсці глыбокія пачуцці, якія раскрываюцца толькі пры эмацыянальным спакоі, пошуку пазітыву, як у нашай рэальнасці, так і ў сабе. Роля пісьменніка і заключана ў тым, што, па-першае, ён сам павінен быць унутрана наладжаны на пошук і аддачу энергіі, якая дапамагла б чытачам глыбей зразумець пераменлівы свет, знайсці ў ім месца для рэалізацыі магчымасцяў. Па-другое, знайсці шлях да занепакоенага бытавымі, матэрыяльнымі праблемамі чытача, прызнацца ў любові да яго, яго думак і праблем. Інакш пісьменнік тварыў бы толькі для сябе, выказваў толькі свае эмоцыі ці сваё абурэнне тым, што пісьменнікі цяпер грамадствам цэняцца менш, чым раней. Галоўнае для літаратара — вера ў тое, што добрыя, спагадлівыя чытачы, якія шукаюць духоўныя творы, не зніклі, проста часам яны губляюцца ў натоўпе. Знайсці і вітаць іх з кнігай — і абавязак пісьменніка, і велізарная радасць.

Зносіны з рознымі пісьменнікамі — мая ўнутраная неабходнасць. Мы сустракаемся на Мінскім сімпозіуме ўжо некалькі гадоў запар, ведаем адзін аднаго і штогод робім карысныя высновы. Асабіста я сёлета выдаў два выпускі часопіса «Зорачка», якія прысвечаны творчым сувязям паміж беларускімі і літоўскімі творцамі. А выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» выдала маю кнігу «У пруда», якую прадстаўлю на мінскай выстаўцы.

Любоў ТУРБІНА, паэтэса, супрацоўніца Інстытута сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага РАН:

— Вядома, у сучасным свеце, у параўнанні з тым, калі наша пакаленне пачынала свой шлях у літаратуру, роля пісьменніка не такая адчувальная. Важнасць літаратара ў тыя часы была, бясспрэчна, вышэйшая. Я пачынала свой шлях у Мінску. Так, існавала цэнзура, але прыдзірліва разглядалі хутчэй мастацкі ўзровень, чым ідэйнасць. Затое былі і адчувальныя ганарары, бо кнігі актыўна купляліся, на іх быў попыт. Цяпер за свой кошт можна выдаць любы тэкст, але ці дойдзе ён да чытача, для якога быў напісаны? А раней уласная бібліятэка была адной з галоўных каштоўнасцяў ды нават свайго роду спадчынай: пайсці ў букіністычны, аднесці некалькі кніг было звычайнай справай.

Я цяпер пішу невялікія празаічныя эсэ і бачу сваю мэту ў тым, каб успомніць галоўных людзей у жыцці: тых, хто дапамагаў, паўплываў на мой лёс — хачу запознена ім аддзячыць. Узбуджаць добрыя пачуцці ў сэрцах тых, хто чытае, вельмі важна, але галоўнае — не памнажаць зло, не ўзбуджаць раздражненне, зайздрасць... А як паўплывае гэта на падзеі ў краіне і ў свеце? Англійскі пісьменнік Олдас Хакслі падчас свайго выступлення ў Парыжы на міжнародным пісьменніцкім Кангрэсе ў 1935 годзе наракаў, што кнігі чытаюць звычайныя людзі, а ўплываць трэба на тых, у чыіх руках лёсы свету. Ці мае ён рацыю? Так, мяркую, у нейкай меры. А ўплываць мастацкая літаратура можа не адразу, паступова, выхоўваючы памяркоўнасць, паразуменне, зноў жа, дабрыню. Вершы і нараджаюцца больш спантанна, і уздзейнічаюць на тых, хто чытае іх таксама па парывах.

Я заўважыла, што аўтары адчуваюць узаемапаразуменне падчас асабістых сустрэч, гэта больш высокі ўзровень. Калі чытаеш тэксты знаёмага пісьменніка, бачыш яго твар і адчуваеш смак жывой гутаркі, лягчэй пранікнуць у задуму напісанага. Гэта асабліва неабходна, калі збіраешся перакладаць гэтага аўтара, пісаць рэцэнзію ці артыкул. Так, менавіта пранікнуць у задуму, зразумець душэўны парыў, які выклікаў напісанне гэтага тэксту, — вось, што неабходна. Лічу, што словы, з якіх складзены тэкст пісьменніка, — гэта вельмі важна, але паглядзець у вочы, усміхнуцца, паціснуць руку часам дапаможа зірнуць на прачытанае па-новаму...

Адам АХМАТУКАЕЎ, паэт, перакладчык, г. Грозны, Чачэнская Рэспубліка (Расійская Федэрацыя):

— Роля пісьменніка, у першую чаргу, бачыцца ў прызначэнні мастацкай літаратуры — выхоўваць чытача, здольнага п а д т ры м л і в а ц ь паступальнае, эвалюцыйнае развіццё. Магчыма, гэтыя словы сёння ўспрымаюцца не так, як чвэрць стагоддзя таму і раней, калі былі напоўнены несумнеўным сэнсам, а стаўленне да кнігі і пісьменніка — іншае, больш сур’ёзнае: пісьменнік быў чытэльным і шанаваным у сям’і, запатрабаваным на дзяржаўным узроўні. А сёння складана ўспомніць, ці прадстаўленыя пісьменнікі ў Дзяржаўнай думе або ў дэпутацкіх карпусах. Нягледзячы на падобныя выпадкі, роля пісьменніка ў сучасным грамадстве набывае асаблівае, актуальнае значэнне. У нашым свеце, які раздзіраецца ваеннымі канфліктамі і небяспечным запалам, пісьменнік не можа заставацца ўбаку ад агульначалавечых праблем, бо яго асабісты ўдзел здольны паўплываць на падзеі больш, чым рэцэпты паводзінаў «на ўсе выпадкі жыцця», выпісаныя ім і калегамі на прыкладах літаратурных герояў. У сённяшніх умовах уплыў пісьменніка шырэйшы, чым практычны сэнс яго кніг. Напрыклад, падчас ваенных дзеянняў у нашай рэспубліцы велізарную ролю адыграў аўтарытэт асобных пісьменнікаў, якія часта выступалі з пасрэдніцкай, міратворчай місіяй. Або іншы прыклад. Наш народны пісьменнік Абузар Айдаміраў у так званыя часы застою ўскалыхнуў самасвядомасць народа гістарычным раманам «Доўгія ночы». Тыраж рамана, прысвечанага белым плямам у гісторыі чачэнскага народа, разышоўся ў лічаныя дні — кнігу складана было знайсці. Дзякуючы гэтаму твору павялічылася і колькасць тых, хто чытае носьбітаў чачэнскай мовы, таму што шмат чачэнцаў, якія выраслі за межамі гістарычнай радзімы, вывучылі родную мову, каб пачытаць гэтую кнігу. Адным словам, выконваючы прызначаную ролю, пісьменнік павінен памятаць аб адказнасці перад будучымі пакаленнямі чытачоў і адлюстроўваць у творчасці свой час, каб пакінуць пасля сябе час без белых плям у літаратуры.

Я перакананы, што на міжнародных сімпозіумах паміж пісьменнікамі ўсталёўваюцца важныя сувязі, хоць не ўсе яны потым пераходзяць у творчыя кантакты. Немалаважнае значэнне і ў тым, што, вяртаючыся дадому, пісьменнікі дзеляцца ўражаннямі ад такіх сустрэч і ў прэсе, і ў публічных выступах, і ў прыватных размовах. Сімпозіумы, форумы збліжаюць нас, даюць новае напаўненне лозунгу савецкіх часоў «Дружба літаратур — дружба народаў!». Важна, што такія сустрэчы даюць і новы погляд на некаторыя пытанні літаратуры. Прывяду прыклады з асабістага досведу. Пасля ўдзелу ў Форуме літаратур краін і тэрыторый Прыкаспія «Каспій — мора дружбы», які прайшоў у 2015 годзе ў Астрахані, я перагледзеў сваё стаўленне да мастацкіх перакладаў, а пасля леташняга мінскага сімпозіума «Пісьменнік і час» зацвердзіўся ў меркаванні, што праблеме мастацкага перакладу трэба ўдзяліць больш сур’ёзную ўвагу. На сёння ў маім актыве ёсць пераклады вершаў і паэм больш за 60 паэтаў на чачэнскую мову, трэць з якіх — беларускія аўтары. У мінулым — юбілейным для беларускага кнігадрукавання — годзе друкаваныя выданні і інтэрнэт-рэсурсы Чачэнскай Рэспублікі актыўна прапагандавалі беларускую літаратуру, друкавалі падборкі маіх перакладаў класічнай і сучаснай беларускай паэзіі. Чачэнская літаратура таксама была прадстаўлена на старонках друкаваных і электронных выданняў Беларусі. Як вынік літаратурных сувязяў, якія завязаліся на міжнародных літаратурных форумах, у нас ёсць і іншыя ўзаемныя пераклады і публікацыі, напрыклад, з азербайджанскімі і таджыкскімі пісьменнікамі, а таксама з расійскімі паэтамі з Астрахані. А на чарговую, ХХV, Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш і Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час» я прывязу выдадзеную напярэдадні ў Грозным кнігу «Старонкі беларускай паэзіі» ў маіх перакладах на чачэнскую мову, у якой прадстаўлена дзевятнаццаць аўтараў: ад Францыска Скарыны да сучасных творцаў.

Юрый ШЧАРБАКОЎ, пісьменнік, публіцыст, старшыня Астраханскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі:

— Не буду казаць высокіх слоў пра тое, што пісьменнікі — гэта прарокі, выразнікі патаемных спадзяванняў народа, што іх прызначэнне — «глаголом жечь сердца людей». Дзякуй богу, гэты пастулат не зусім яшчэ выветрыўся са свядомасці чытачоў! І яны, і ўлада ўсё яшчэ прыслухоўваюцца да меркаванняў пісьменнікаў пра рэаліі і перспектывы нашага агульнага жыцця. Не страцілі, на шчасце, актуальнасць радкі Яўгена Баратынскага: «Сначала мысль воплощена в поэму сжатую поэта!» Але ступень уплыву пісьменніцкага слова на грамадства за апошнія дзесяцігоддзі, вядома, знізілася — што непазбежна ў часы перамогі гатоўкі і рацыянальнасці.

Век інфармацыйных тэхналогій цяжка ўжываецца з паняццямі духаўздыму, дабралюбства, міласэрнасці, якія ўпарта працягваюць прапаведваць пісьменнікі-традыцыяналісты. Не высакародныя пачуцці і ўзнёслыя думкі, а кароткая і крайне дзелавая інфармацыя — вось што патрэбна сучаснаму абывацелю па меркаванні ідэолагаў будаўніцтва капіталізму!

Як уплываць на грамадства, калі тыражы кніг і літаратурных часопісаў мізэрныя, а сродкі масавай інфармацыі старанна абыходзяць імёны і справы сучасных пісьменнікаў, якія пішуць не «чарнуху» і «парнуху», а раманы і вершы, што ўсхваляюць традыцыйную маральнасць і непазбежнасць перамогі дабра над злом? Гэта датычыць перш за ўсё маёй Радзімы. Напрыклад, днямі ў Маскве адбыўся XV з’езд Саюза пісьменнікаў Расіі, дэлегатам якога быў і я. Неардынарная падзея! Але ў друку і па тэлебачанні не тое што разважанняў на гэтую тэму — інфармацыі днём з агнём не знойдзеш!

Мабыць, у такім становішчы вінаватыя і самі пісьменнікі як дзеячы культуры. У ліхія дзевяностыя, памятаю, браў інтэрв’ю ў першага постсавецкага астраханскага губернатара. Светлай памяці Анатоль Гужвін тады сказаў: «Вось грамадства наракае, што мала грошай на культуру і літаратуру з бюджэту вылучаем. А грошай жа ў бюджэце няма, таму што грамадства яшчэ недастаткова культурнае!»

Не буду «растекаться мыслию по древу», разважаючы агульнымі словамі пра безумоўную карысць такіх сімпозіумаў. У 2015 годзе я быў удзельнікам мінскага пісьменніцкага форуму. І ўжо ў маі таго ж года мы правялі ў Астрахані першы ў постсавецкі час Форум літаратур краін і тэрыторый Прыкаспія «Каспій — мора дружбы!» У ім нараўне з пісьменнікамі з расійскіх рэгіёнаў — Дагестана, Калмыкіі, Чачні, Астраханскай вобласці, Масквы — бралі ўдзел іх калегі з Ірана, Туркменістана, Азербайджана, Казахстана. Калі б не кантакты з прадстаўнікамі гэтых краін у Мінску, наўрад ці іх удзел у нашым форуме стаў бы магчымы. Гэтак жа, як і правядзенне конкурсаў літаратурных перакладаў, якія мы цяпер арганізоўваем штогод. У апошнім з іх, дарэчы, з’явілася намінацыя «Пераклад з беларускай мовы», у якой усё ахвотныя маглі перакласці з падрадкоўніка на рускую мову вершы маладой таленавітай паэтэсы Юліі Алейчанкі.

Іншы прыклад. У 2014 годзе я быў удзельнікам першай сустрэчы расійскіх і казахстанскіх пісьменнікаў у Маскве. Добрыя сувязі, якія ўсталяваліся падчас сустрэчы, дапамаглі мне падрыхтаваць і выдаць зборнік перакладаў на рускую мову вершаў вялікага акына Абая Кунанбаева, а астраханскаму літаратуразнаўцу Дзіне Неміроўскай — падрыхтаваць да друку кнігу нарысаў пра казахскіх паэтаў і пісьменнікаў, якая, спадзяюся, хутка ўбачыць свет. Творы астраханцаў увайшлі ў толькі што апублікаваны альманах «Казахстан — Расія».

Юрый ІВАНОЎ, член Саюза пісьменнікаў Малдовы імя А. С. Пушкіна, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня малдаўска-беларускай літаратурнай секцыі:

— Роля пісьменніка ў сучасным свеце штучна прыніжаная, існуюць і аб’ектыўныя прычыны для гэтага. Аднак, сеючы разумнае, добрае і вечнае, пісьменнік можа і павінен аказваць уплыў на культурна-духоўныя працэсы, як у сябе дома, так і за яго межамі. Таму міжнародныя літаратурныя сімпозіумы вельмі важныя для ўстанаўлення сяброўскіх сувязяў паміж літаратарамі розных краін: яны станоўча ўплываюць і на развіццё міждзяржаўных адносін.

Падрыхтавалі Маргарыта ДЗЯХЦЯР і Раіса МАРЧУК

Загаловак у газеце: Кнігі пераадольваюць межы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!