Вы тут

"Трэба шукаць новыя формы прысутнасці кнігі ў грамадстве"


Чацвёрты год спадар Велька Кавачавіч жыве ў Беларусі. Жыве Беларуссю. Працуе — для статусу дыпламата, на мой погляд, слова недакладнае. Яшчэ не забыліся першыя ўражанні ад нашай краіны. Яны былі прыемныя. А цягам часу ператварыліся ў вельмі прыемныя. Велька Кавачавіч любіць Беларусь. У размове з ім не адчуць гэта цяжка…

А яшчэ спадар Кавачавіч вельмі любіць чытаць. Уласна кажучы, чытво — яго верны спадарожнік на працягу ўсяго жыцця. Адшліфоўваўся густ, карэктаваліся прыярытэты… Але занятак кнігай ды кніга як занятак заставаліся нязменнымі. Дык ці варта здзіўляцца, што Велька Кавачавіч шмат чаго ведае на памяць. «Пісьмо да маці» Ясеніна? Гэта цікава! А калі з піетэтам згадвае тое-сёе з Янкі Купалы — прыемна ўдвая. З чаго вынікае, што Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш ён збіраецца наведваць не толькі ў афіцыйным статусе — яшчэ як заўзяты чытач. Тым больш што Сербія сёлета запрошана на кніжны форум у якасці ганаровага госця. Гэты факт і стаў штуршком для пачатку нашай гутаркі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь Велькам Кавачавічам.


Фота Кастуся Дробава

— Спадар пасол, на Мінскі кніжны форум вы збіраецеся ўжо не першы раз. Лагічнае пытанне: ну і як там?..

— Там цікава. Па-першае, выстаўка заўсёды выдатна падрыхтаваная. Намаганні арганізатараў заўважныя ва ўсім. Выданні і прэзентацыі, прафесіяналы і аматары… Адчуваецца ўзровень.

Па-другое, вельмі важкі ўнёсак масмедыя розных напрамкаў, якія плённа працуюць над папулярызацыяй прадстаўленай і беларускай, і міжнароднай літаратуры. Калі быць дакладным, над папулярызацыяй літаратурнага багацця ўвогуле.

Адзінае, чаго варта пажадаць мінскаму кірмашу, дык гэта больш шырокай прысутнасці масавага чытача. І дакладна большай актыўнасці шараговага чытача, як гэта, прыкладам, назіраецца на Бялградскім кніжным кірмашы, які я таксама пры магчымасці заўсёды наведваў.

— У Сербіі так любяць кнігу? Ці шмат удзячных чытачоў?

— Менавіта так! Кніга і чытво — вельмі папулярны занятак па сёння. Дарэчы, любіць кнігу «прымушаюць» і самі кнігавыдаўцы. У нас шмат прыватных выдавецтваў. Канкурэнцыя, барацьба за жыццё, я б сказаў… Падчас правядзення Бялградскай выстаўкі гэта асабліва заўважна.

Сербія багатая на літаратурныя таленты, якія ў тым ліку атрымалі прызнанне за межамі краіны і нават увайшлі ў скарбонку сусветнай культурнай спадчыны. Сучаснае пакаленне сербскіх пісьменнікаў, у тым ліку і тыя, хто прыедзе ў Мінск, таксама заслугоўваюць, каб заняць асобае месца ў еўрапейскай ці сусветнай літаратуры. З імі можна будзе пазнаёміцца на выстаўцы-кірмашы, пачуць іх выступленне на сербскім літаратурным вечары ў Доме дружбы. Раю таксама наведаць стэнд Рэспублікі Сербія.

— Спадар пасол, а якое чытво любіце асабіста вы? Якія вашы ўлюбёныя аўтары?

— Мушу прыгадаць трох сербскіх пісьменнікаў. Гэта Іва Андрыч, Мілаш Црнянскі, Ёван Дучыч… Пісьменнікі і дыпламаты.

— Таму вы і сталі дыпламатам?

— Я чалавек сціплы. Не лічу магчымым паставіць сябе на адну дошку з такімі людзьмі.

— Аднак пэўная паралель прасочваецца!

— Я б падкрэсліў іншы аспект. Ведаеце, справа не ў тэматыцы, найперш — у якасці літаратуры. У яе скіраванасці. Гаворка пра пісьменнікаў, якія ў сваёй творчасці аддавалі першынство агульначалавечым праблемам. Стаўленне чалавека да жыцця… Адносіны чалавека з жыццём… Чалавек заўсёды думае, што рабіць са сваім жыццём. Шукае сэнс… Такая літаратура мае на ўвазе ўменне думаць. Але ж яна яшчэ і вучыць думаць. Падказвае шляхі…

— Але сёння столькі гаворкі пра тое, што кніга церпіць фіяска і рызыкуе ўвогуле загінуць «пад абцасам» усюдыіснага інтэрнэту!

— Інтэрнэт — вельмі карысная рэч. У сэнсе атрымання інфармацыі. У сэнсе ж адукацыйным… Сумніўна. Не згодзен. Кніга і толькі кніга. Дарэчы, кнігі спрабавалі знішчыць розныя сілы ў розныя эпохі. Па-першае, нічога з гэтага не выйшла. Кніга выжыла. Па-другое, гэта толькі яшчэ больш падкрэсліла моц яе ўплывовасці на свядомасць грамадства. Аднак тут ёсць сваё «але». Рэаліі вымагаюць шукаць новыя формы прысутнасці кнігі ў грамадстве.

Ну і потым… Інтэрнэт — гэта тэхніка. А кніга… Гэта асалода. Узяць у рукі кнігу перад сном — зусім іншае пачуццё… зусім, ці ведаеце, іншае.

— Ясенін, якога вы цытуеце на памяць, таму пацвярджэнне?

— У тым ліку… Маё сталенне прыпала на тыя часы, калі мы шмат сябравалі з рускай літаратурай, класічныя творы якой былі і застаюцца маёй каштоўнасцю. Аднак не толькі рускай! Прыкладам, я сёння ў арыгінале магу прачытаць выдатны верш «Хмары і думы» беларускага класіка Янкі Купалы. І мне гэта падабаецца!

Унёсак, які зрабіла Беларусь у развіццё некалі вялікай краіны ў самыя розныя часы (і ў складзе Расійскай імперыі, і ў СССР), пераацаніць складана. Прычым па самых розных кірунках: эканоміка, палітыка, культура… Аднак гэта ўжо тэма для іншай размовы.

— Затое мы лагічна наблізіліся да тэмы пра незалежную Беларусь, яе культуру і літаратуру.

— Тады самы час сказаць пра тое, якую асалоду я атрымаў ад прачытання твораў Максіма Багдановіча з паэтычнага зборніка «Вянок» у перакладзе маладой перспектыўнай сербскай паэтэсы і перакладчыцы Даяны Лазаравіч. Ёй 26 гадоў. І яна грунтоўна і ўдумліва займаецца беларускай літаратурай. І яна ўлюбёная ў гэтую справу!..

Колькі часу таму яна была ў мяне разам з Іванам Аляксеевічам Чаротам. Гэта цэнныя людзі!.. Чаго вартая перакладчыцкая і навуковая дзейнасць шаноўнага прафесара, скіраваная на збліжэнне нашых народаў і краін! Менавіта дзякуючы Івану Аляксеевічу беларуская і сербская культурная суграмада на працягу дзесяцігоддзяў маюць магчымасць сачыць за развіццём літаратуры і культуры брацкіх краін.

— Што датычыць краін… Чацвёрты год кіраўніцтва дыпламатычнай місіі Сербіі ў Беларусі — гэта ўжо сталы, назавём так, погляд на ўзаемаадносіны нашых дзяржаў і, канечне, уласны кавалак працы ў гэтым кірунку. У якой ступені мы паразумеліся пасля ўсталявання дыпламатычных адносін? У чым наша брацтва?

— Гэтае паразуменне можна класіфікаваць як традыцыйна сяброўскае брацкае развіццё па ўсіх напрамках дзейнасці. Калі ж больш ёміста і менш афіцыйна, я б назваў партнёрства краін такога ўзроўню рэдкім прыкладам, нават узорам адносін сярод еўрапейскіх дзяржаў.

Патлумачу. Да майго прыбыцця ў Беларусь я ведаў, што адносіны сяброўскія, але не ўяўляў, што мы можам настолькі істотна рушыць наперад. Не існуе той сферы, якая забаронена для супрацоўніцтва. Безумоўна, існуюць аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны. Але жаданне рухацца наперад вельмі вялікае. Не только палітыка, эканоміка. Мы блізкія і як дзяржавы, і як людзі. Вельмі хацелася б, каб сербы і беларусы часцей наведвалі адно аднаго. У гэтым сэнсе культура і літаратура — найвялікшыя памочнікі. Вось вам супрацоўніцтва паміж сталіцамі. Дні беларускай культуры прайшлі ў Сербіі ў мінулым годзе, а Мінск вітаў Бялград у 2016-м. Пагадненні аб супрацоўніцтве заключылі 22 нашыя і вашыя гарады. Не мяжа! Ёсць планы развіваць гэта і надалей.

Планаў увогуле шмат. Жыццё не стаіць на месцы. Можна распавесці пра распрацоўку і дзеянне пагадненняў і праграм. Але ў кантэксце нашай размовы лічу неабходным падкрэсліць значэнне культуры і літаратуры ў развіцці ўзаемасувязей. Гэта еўрапейскі досвед. Чаму б нам яго не скарыстаць напоўніцу? Якой бы важнай ні падавалася б сёння гэтая лічба, але праз сто гадоў нашы нашчадкі наўрад ці прыгадаюць, якім быў тавараабарот паміж нашымі краінамі ў 2017-м, — у твораў літаратуры ці мастацтва куды больш шанцаў быць узгаданымі!

— Прыемна пачуць гэтыя словы. Бо яны якраз пра чытацкую аўдыторыю «ЛіМа». Мы спрабуем быць карыснымі і цікавымі ў першую чаргу для творчай інтэлігенцыі.

— Роля творчай інтэлігенцыі ў фарміраванні свядомасці грамадства агромністая. Не ўпэўнены, што мы ўяўляем маштаб пытання цалкам. У творчай інтэлігенцыі нялёгкая задача — дапамагчы чалавеку ўсвядоміць сябе, універсальныя чалавечыя каштоўнасці. Поспехаў у гэтым вашым шаноўным чытачам і вашаму шаноўнаму выданню!

Гутарыла Інеса ПЕТРУСЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?