Вы тут

Вяргіні: майстар-клас па чаранкаванні


З дапамогай чаранкавання амалоджваецца старая расліна. Існуюць сарты вяргінь, якія неахвотна нарошчваюць клубні. Таму іх атрымліваецца захаваць менавіта метадам пастаяннага чаранкавання. Прафесіяналы падкрэсліваюць: вяргіні, выгадаваныя метадам чаранкавання, заўсёды даюць больш буйныя і якасныя кветкі. Караняклубні вяргінь можна пасадзіць для прарошчвання і атрымання чаранкоў у канцы лютага — пачатку сакавіка. Да гэтага часу спячыя пупышкі на каранёвай шыйцы ўжо гатовы да росту.


Падрыхтоўка і пасадка

Трэба агледзець караняклубні вяргіні, занадта буйныя падзяліць на часткі. Кожная асобіна павінна складацца з часткі каранёвай шыйкі з некалькімі спячымі пупышкамі і 2-3 тоўстымі мясістымі караняклубнямі.

У якасці субстрату для прарошчвання можна выкарыстоўваць сумесь торфу і пяску (1:1), торфу і пілавіння (1:1). Пасадзіце караняклубні, не заглыбляючы верх каранёвай шыйкі, дзе сканцэнтраваны пупышкі аднаўлення. Добра паліце субстрат пасля пасадкі, імкнучыся не трапляць на караняклубні.

Умовы для прарошчвання

Пастаўце ёмістасці з пасаджанымі караняклубнямі на светлае акно. Аптымальная тэмпература для прарошчвання 20—22 °С. Верх клубняў трэба перыядычна апырскваць вадой, каб стымуляваць рост парасткаў. Калі пупышкі крануцца ў рост, паменшыце паліў, давайце субстрату прасыхаць паміж палівамі на глыбіню 3-4 см. Тэмпературу трэба знізіць да 15—18 °С. Для гэтага можна аддзяліць падаконнік ад цёплага паветра памяшкання аргшклом. Халоднае паветра ад акна будзе затрымлівацца ўнутры гэтай замкнёнай прасторы.

Чаранкаванне

Прыкладна праз 2-3 тыдні, калі парасткі дасягнуць даўжыні 8—10 см (2-3 міжвузеллі), прыступаем да чаранкавання.

Чаранкі можна зрэзаць вострым нажом ці выламаць з пятачкай — кавалачкам караняклубня. Апошнія ўкараняюцца значна лепш. У першую чаргу варта звярнуць увагу на моцныя, тоўсценькія парасткі. Пры недахопе пасадачнага матэрыялу выкарыстоўваць можна і больш слабыя. Галоўнае, захапіць хоць бы невялікі, літаральна таўшчынёй у некалькі міліметраў, кавалачак карэнішча.

Пры нарыхтоўцы чаранкоў не захапляйцеся, бо караняклубень будзе выкарыстоўвацца яшчэ і для атрымання кветак.

Ніжняе лісце трэба выдаліць, пакідаючы толькі хвосцікі. Ніз чаранкоў прыпудрыць стымулятарам кораняўтварэння і змясціць іх на глыбіні не больш за 1,5-2 см у чараночніку, напоўненым вільготным субстратам. Гэта можа быць сумесь нейтральнага торфу і пяску ў суадносінах 2:1 (або перліту) або нават чысты перліт.

Глебу вакол чаранкоў трэба акуратна ўшчыльніць для лепшага дакранання з зямлёй. А чаранкі пасадзіць пад нахілам (прыкладна 45 градусаў) з такой шчыльнасцю, каб лісты не дакраналіся адзін да аднаго. Чаранкі накрываюць поліэтыленавым пакетам або празрыстай накрыўкай, паліваюць — па меры падсыхання верхняга пласта грунту, перыядычна ветраюць, страсаючы кандэнсат з хованкі. Аптымальная тэмпература для ўкаранення чаранкоў 20—25 °С. З пупышак, якія знаходзяцца ў пазухах лістоў, што засталіся на матачнай расліне, адрастуць новыя парасткі, якія праз 2-2,5 тыдня таксама можна будзе выкарыстоўваць на чаранкі. У прынцыпе, чаранкаванне можна працягваць да красавіка, зразаючы чаранкі як з парасткаў, што адрастаюць на караняклубні, так і з саміх чаранкоў, якія ўкараніліся. Аднак караняклубень, з якога атрымліваюць чаранкі, павінен яшчэ нарасціць парасткі для цвіцення ў сёлетнім сезоне, так што захапляцца не варта. Пастаўце гаршкі з матачнікам у прахалоднае (14—16 °С) і светлае памяшканне да высадкі ў сад.

Догляд за чаранкамі

Пры ранніх тэрмінах чаранкавання парасткі маюць патрэбу ў дасвечванні да 12 гадзін у дзень (лямпу дзённага святла размяшчаюць на адлегласці 50 см ад верхавін чаранкоў). Праз 2-3 тыдні ўкаранёныя чаранкі можна будзе пасадзіць у асобныя збанкі дыяметрам 9 см, заглыбляючы да ніжняга ліста. Калі пры ўкараненні чаранкі занадта выцягнуліся, пры пасадцы ў індывідуальныя кантэйнеры іх трэба падвязаць да калкоў, каб не моцна пакрывіліся да высадкі ў грунт. Расліны да высадкі ў сад трымаюць пры 15—17 °С. Паступова загартоўваюць, прывучаючы іх да вонкавых умоў. Для гэтага, калі дазваляе надвор'е, выносяць днём на закрытую лоджыю або балкон, паступова павялічваючы час іх знаходжання на паветры. Абавязковая абарона ад прамых сонечных прамянёў, рэгулярнае апырскванне. Да высадкі ў грунт пажадана 2-3 разы падкарміць расліны (прыкладна раз у месяц). Можна чаргаваць арганічныя і мінеральныя ўгнаенні.

Высадка ў грунт

Высаджваюць, калі міне пагроза замаразкаў. Пры пасадцы іх трэба заглыбіць да першай пары добра развітога лісця. У саджанцаў, як правіла, ужо сфарміравана добрая каранёвая сістэма. Але калі пры перасадцы каранёвы ком разбурыўся, не бяда, на гэтай стадыі расліны добра пераносяць перасадку. Пасадкі паліваюць, і ў кожную пасадачную яму ўстаўляюць апору для падвязкі парасткаў. Зрабіць гэта пазней, не пашкодзіўшы пры гэтым караняклубняў, будзе складана. Расліны зацвітуць сёлета.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.