Вы тут

«Дня роднай мовы мала...»


...У іншых людзей зазвычай цікавяцца, як прайшоў іх дзень, што новага на працы? У мяне, ведаючы яе спецыфіку, пытаюць: «Што людзі пішуць?» Бо многім гэта і сапраўды цікава.


У нашай сталічнай гімназіі № 174 Маскоўскага раёна сёлета ўпершыню адбыўся раённы конкурс чытальнікаў «Сэрцам роднага слова краніся», — паведамляе настаўніца беларускай мовы і літаратуры спадарыня Ганна Казлова. Да гэтага свята, да дня роднай мовы, былі запланаваны інфармацыйныя гадзіны, акцыя «Гавары са мной па-беларуску», кніжныя выставы, конкурсы малюнкаў. Але ж, самым маштабным стаў конкурс чытальнікаў, які сабраў вучняў амаль усіх навучальных устаноў раёна. Ён праходзіў тры дні і ўсе тры — наша гімназія прымала гасцей: канкурсантаў, іх бацькоў, настаўнікаў...

Тэматыка вершаў, што абралі для сябе ўдзельнікі, была самая разнастайная: чыталіся творы як класікаў — Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, так і маладых паэтаў, у тым ліку — з намінацыі «Уласныя вершы».

Пра што яны? Пра сваю Радзіму, родны горад, бацькоў, сяброўства, мір і вайну — пра ўсё, што хвалюе. Журы найбольш уразілі вершы Арцёма Кржэмінскага, Паліны Літоўчанкі, Аляксандра Палоніка, Іны Фрамянковай.

Некаторыя ўдзельнікі выступалі з музычным суправаджэннем, з інсцэніроўкамі твораў. І кожнага ўдзячныя гледачы падтрымлівалі апладысментамі.

Журы між тым вызначала пераможцаў ва ўсіх узроставых групах. Імі сталі Кіра Граздова (СШ № 67), Іван Цітоў (СШ № 101), Аліса Курс (СШ № 9), Кацярына Маісеева і Фрося Наздрына (цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ранак»), Ліна Тонкевіч (гімназія№ 61), Марына Ракоўская (СШ № 161), Міхаіл Наскоў (СШ № 154),Дар'я Сінюк (СШ № 208) і Марыя Харольская (гімназія № 10). У лікупераможцаў і трое вучняў нашай —
Мелання Насякайла, Ганна Сабайдакова і Арына Хадкевіч.

Сам жа конкурс чытальнікаў, — як прызнаецца Ганна Казлова, — пакінуў шмат цудоўных уражанняў. І самае, бадай, галоўнае — што адбылася такая сустрэча, такое вось свята роднай мовы.

Што яна для чалавека? На гэтае пытанне кожны, відаць, адкажа па-свойму. Для вучняў, якія бралі ўдзел у конкурсе, мова — гэта вялікі скарб, з дапамогай якога яны выказвалі свае думкі, пачуцці, уражанні, частка гістарычнай спадчыны і чалавечай культуры.

Хочацца спадзявацца, — напрыканцы ліста піша Ганна Васілеўна, — што такія мерапрыемствы ў нашым раёне стануць добрай традыцыяй...

Бо патрэба ў гэтым ёсць, прычым відавочная.

«Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у нас дзве дзяржаўныя мовы, — нагадвае спадар Уладзімір Глеб з Віцебска.Аднак апошнім часам усё часцей складваецца ўражанне, што яна адна — руская, а вось беларуская пры ўсёй нашай незалежнасці паступова ператвараецца ў замежную, выступае ў ролі папялушкі. Нельга мірыцца з тым, што не ў кожным абласным цэнтры ёсць беларускамоўныя школы, не кажучы ўжо пра так званыя гарады абласнога падпарадкавання, пра раённыя цэнтры. І нельга не захапляцца гераізмам мінчан, якія, гадуючы малых сапраўднымі беларусамі, вымушаны вазіць іх у беларускамоўныя групы садкоў ледзь не праз увесь горад. Ствараючы такія «камфортныя ўмовы» для мовы, мы не паважаем сябе...»

Дык ці трэба дзівіцца і абурацца, што нашы суседзі, у тым ліку пісьменныя, супрацоўнікі радыё і тэлебачання, дагэтуль не запомнілі назву нашай краіны, дагэтуль завуць Беларусь Беларусіяй?

Гэтае пытанне ўжо з іншага ліста — ад спадара Казлоўскага з Рагачова. «Я не заклікаю будаваць агароджы, але ж калі мы самі не будзем паважаць сваю мову, ведаць сваю гісторыю, шанаваць культуру, то не трэба гэтага чакаць ад суседзяў».

З таго ж канверта і, як той казаў, «карціна алеем»: на прызыўным пункце сядзяць два хлопцы з суседніх вёсак, размаўляюць пра свае хатнія справы, ужываюць слова «певень».
«А што гэта такое?» — пытае трэці, які ў гэты час праходзіць міма. — Вяскоўцы тлумачаць, гараджанін рагоча... «Такі вось чынам, — робіць выснову чытач, — мы дарагаталіся да таго, што цяпер і ў вёсках многія не ведаюць роднай мовы...»

Для таго, каб такога не назіралася, працуе цэлае войска педагогаў, якія вучаць мове і на ўроках, і пасля... «Не так даўно ў нас прайшоў тыдзень беларускай мовы, — паведамляе настаўніца Мушынскага дзіцячага садка-сярэдняй школы, што на Мсціслаўшчыне, спадарыня Лілія Мацвеенка.Самым яркім і відовішчным сярод яго мерапрыемстваў атрымаўся конкурс інсцэніровак па творах беларускіх пісьменнікаў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Кузьмы Чорнага, Алены Васілевіч, Змітрака Бядулі, самай шырокамаштабнай — інтэлектуальна-пазнавальная гульня «Мой родны кут», мэтай якой было пашырыць веды пра Беларусь, яе мову і славутых землякоў... На высокай патрыятычнай ноце прайшла і акцыя «Жыві, мова!». Вучні Стас Лаўроў, Ягор Сцяпанаў, Святлана Шэлест і Алеся Шэндрыкава перамаглі ў конкурсе чытальнікаў вершаў.

Настаўніца, на жаль, не паведамляе, якія, канкрэтна, паэтычныя творы прагучалі падчас гэтага конкурсу. Але ж цалкам магчыма, што было там і знакамітае:

«Кажуць, мова мая аджывае

Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

Для мяне ж яна вечна жывая,

Як раса, як сляза, як зара...

Прыгожы, пранікнёны верш Пімена Панчанкі!.. Які — хоць і грэх прызнавацца — усё дарослае жыццё здаваўся мне... трохі недапісаным: бянтэжылі, у прыватнасці, не такія моцныя (у параўнанні з першымі) заключныя радкі:

Ці плачу я, ці пяю,

Ці размаўляю з матуляю —

Мову сваю, песню сваю

Я да грудзей прытульваю.

Толькі нядаўна даведалася, што паэт напісаў іх пад ціскам цэнзуры, а першапачаткова канцоўка верша гучала зусім па-іншаму

Ці плачу я, ці пяю?..

Восень. На вуліцы цёмна...

Пакіньце мне мову маю,

Пакіньце жыццё мне!

Як той казаў, адчуйце розніцу і згадзіцеся: паэзія, проза (не толькі Панчанкі — усіх нашых творцаў), як і сама нацыя, будуць жыць толькі тады, калі будзе жыць мова.

Трэба сказаць, што дзень яе — роднай — асобных з нашых чытачоў заспеў, што называецца, знянацку. «Не буду казаць пра іншых пенсіянераў, — прызнаўся спадар Уладзімір Пішчулін з Мінска,але ў мяне жыццё досыць аднастайнае, усе дні падобныя, што 5 лютага, што 20, што аўторак, што серада, распарадак адзін: тэлевізар, снеданне, свежы нумар «Звязды», а там, глядзіш, і абед. Іншы сцэнарый хіба ў выхадныя ды святы, калі на працу не сыходзіць дачка.

Я гэта да таго, што надоечы зранку ўключыў тэлевізар і... нічога не зразумеў: беларускія навіны перадавалі па-беларуску, рэпартажы з Алімпіяды — таксама. Ад чаго ў галаве — лёгкая паніка і цэлы рой думак! Найперш успомніліся часы, калі тэлебачаннем кіраваў — светлай памяці — Генадзь Бураўкін, потым з'явілася надзея, што зараз акурат таксама будзе кіраваць нядаўна прызначаны спадар Іван Эйсмант...

У любым выпадку, — як паведамляў спадар Пішчулін, — я быў шчаслівы! Я адчуваў сябе сваім у сваёй краіне і шчыра здзіўляўся: аказваецца і больш сталыя зоркі нашага тэлебачання, і маладыя хлопцы і дзяўчаты, якія заўсёды так ліха «шчабечуць» на другой дзяржаўнай мове, добра валодаюць першай... Дык чаму ж тады?..

Шмат аб чым хацелася паразважаць, але пошта прынесла свежы нумар «Звязды», — распавядаў чытач. — Разгарнуў яго і ўсё зразумеў: 21 лютага — сусветны дзень роднай мовы... Месцу яе, стану яе ў Беларусі прысвечаны цэлы разварот — «Круглы стол». Прачытаў яго з вялікай цікавасцю і нават з аптымізмам. А потым зноў вярнуўся да тэлевізара. Шчыра скажу, што даўно ўжо не атрымліваў такога задавальнення ад прагляду праграм».

«З пэўнымі надзеямі, — як паведамляе спадар Уладзімір, — уключыў яго і назаўтра. Чакаў, што, можа, цуд паўторыцца. На жаль, не — свята скончылася, і ўсё вярнулася на кругі свае».

А чаму? — пытаецца чытач. І выступае з канкрэтнай прапановай: калі мы гаворым пра ціхую беларусізацыю, то, магчыма, ёсць сэнс вось такія дні роднай мовы ладзіць не адзін раз на год, а хоць бы на тыдзень, на месяц... Бо беларуская мова ў Беларусі, у яе сталіцы і сапраўды павінна гучаць не толькі на ўроках ды ў грамадскім транспарце.

«І дзякуй богу яшчэ, што жыве беларускамоўная «Звязда»!»

«Заўжды выпісваю, чакаю і чытаю...»

«Немагчыма пераацаніць тую ролю, якую выконвае газета ў справе абароны мовы тытульнай нацыі».

Гэта — радкі з іншых лістоў. Значыць, ёсць сэнс працаваць далей.

Пошту чытала

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.