Вы тут

Ложкі для рэабілітацыі грамадзян з залежнасцю ёсць ва ўсіх абласцях


Пазбавіцца ад алкагольнай ці наркатычнай залежнасці хутка немагчыма. Урачы сцвярджаюць, што колькі часу яна фарміравалася, столькі ж спатрэбіцца, каб вярнуцца да нармальнага жыцця. Умоўна кажучы, пяць гадоў піў — пяць гадоў зойме рэабілітацыя. Ці становіцца алкаголікаў менш, на якую дапамогу могуць разлічваць залежныя і чаму ім складана ўладкавацца на работу, расказалі спецыялісты.


Кожны пяты алкаголік — жанчына

Рэабілітацыя праходзіць у некалькі этапаў. Спачатку — ва ўстанове аховы здароўя (ад 28 да 60 дзён), потым ідзе сацыяльная рэабілітацыя. У чым сутнасць гэтых мерапрыемстваў? Нармалізаваць эмацыянальны фон чалавека і прапанаваць яму жорстка структураваны асяродак, дзе б ён быў заняты. Раней ён існаваў ад выпіўкі да выпіўкі, а цяпер мусіць вучыцца жыць па-новаму. Для кожнага распрацоўваецца індывідуальная праграма рэабілітацыі.

На сёння пад наглядам псіхіятраў-нарколагаў знаходзіцца 162 тысячы пацыентаў з сіндромам залежнасці ад алкаголю, з іх 33 тысячы — жанчыны. Што датычыцца наркаспажыўцоў, то іх на ўліку каля васьмі тысяч (яшчэ пяць тысяч знаходзяцца пад прафілактычным наглядам — у іх няма залежнасці, але яны часам ужываюць псіхаактыўныя рэчывы).

— Уся работа і па прафілактыцы, і па рэабілітацыі грунтуецца на міжведамасным падыходзе. Практыка паказвае, што толькі пры аб'яднанні намаганняў міністэрстваў ёсць вынікі, — гаворыць загадчык Рэспубліканскага цэнтра наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Аляксей КРАЛЬКО. — Штогод зніжаецца ўзровень эканамічных і сацыяльных наступстваў п'янства. Так, за 2016 год аб'ём ужывання алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва ўпаў на 2,8 %. За 2017 год лічбы яшчэ падсумоўваюцца, але, паводле папярэдняй інфармацыі, тэндэнцыя захоўваецца. Летась на пяць працэнтаў знізілася колькасць памерлых ад выпадковага атручвання алкаголем, на тры працэнты зменшылася колькасць асоб з хранічным алкагалізмам, узятых пад нагляд упершыню. Жанчын з дыягназам «хранічны алкагалізм» стала на два працэнты менш. Сярод жанчын таксама скарацілася на 3,5 % колькасць алкагольных псіхозаў.

За год на 3,4 % паменела злачынстваў, здзейсненых «пад градусам», на 4,6 % — адміністрацыйных правапарушэнняў за распіццё алкаголю ў грамадскім месцы, на 5,8 % — ДТЗ па віне п'яных кіроўцаў.

— Апошнія гады мы праводзім рэструктурызацыю нашых падраздзяленняў, у прыватнасці, перапрафілюем ложкі ў бальніцах у рэгіёнах. Цяпер у кожным абласным цэнтры ёсць магчымасць прайсці рэабілітацыю на базе дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя. Для гэтага па краіне прадугледжана 290 ложкаў, — каментуе Аляксей Кралько.

Міністэрства аховы здароўя ўнесла таксама шэраг прапаноў у праект закона па пытаннях рознічнага гандлю алкагольнымі напоямі. «Наша ініцыятыва — не прадаваць спіртное на заправачных станцыях, пашырыць практыку абмежавальных мер у плане яго даступнасці. Гэтыя класічныя падыходы трэба прымяняць комплексна, яны насамрэч працуюць», — упэўнены Аляксей Кралько.

Працы няма, бо адсутнічае матывацыя

З верасня 2016 года мэтанакіраваную работу з беларусамі з залежнасцю пачалі весці тэрытарыяльныя цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва. Яны працуюць з тымі, хто звярнуўся па дапамогу добраахвотна і папярэдне прайшоў лячэнне. ТЦСАНы ставяць такіх грамадзян на ўлік, аказваюць ім сацыяльныя паслугі, розныя віды матэрыяльнай дапамогі (як самім залежным, так і іх сем'ям).

Калі скласці сацыяльны партрэт алка- і наркаспажыўцоў, то гэта людзі працаздольнага ўзросту, без групы інваліднасці. Асноўная праблема для іх — знайсці работу. Зрабіць гэта, як правіла, перашкаджае нізкая матывацыя. Напрыклад, летась у органы па працы па дапамогу ва ўладкаванні пасля лячэбна-працоўных прафілакторыяў звярнулася 2,4 тысячы чалавек (з іх 219 — жанчыны). У выніку 1,7 тысячы знялі з уліку, у тым ліку і за няяўку ў службу занятасці на працягу двух месяцаў без уважлівай прычыны.

Летась у органы па працы звярталася таксама 26 чалавек з нарказалежнасцю (23 з іх — з Магілёўскай вобласці).

— Палова з іх мела толькі базавую ці сярэднюю адукацыю. Вядома, уладкаваць такіх людзей складана. Да таго ж у іх няма патрэбы ў працы, — заўважае кансультант аддзела арганізацыі работы дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва і альтэрнатыўнай службы ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Жанна ШЧАМЯЛЁВА. — Палову знялі з уліку, бо людзі не хадзілі на гутаркі на прадпрыемствы. Тэлефануеш такому чалавеку дадому — трубку здымае жонка, бо сам ён ніякі.

Курсы для цырульнікаў пры ЛПП

Рэабілітацыя тых, хто трапіў у лячэбна-працоўны прафілакторый, пачынаецца яшчэ ў сценах гэтых устаноў. Асноўная работа — за тры месяцы да выхаду. Грамадзянам дапамагаюць сабраць патрэбныя дакументы, расказваюць пра вакансіі на прадпрыемствах. Пасля ЛПП людзі ўладкоўваюцца на работу на агульных падставах (бронь працоўных месцаў, як для асоб, што выходзяць з калоній, не прадугледжана).

Увогуле ў папраўчых установах вялікую ўвагу ўдзяляюць адукацыі асуджаных. Каля 2,5 тысячы чалавек праходзяць там прафесійна-тэхнічнае навучанне, 160 атрымліваюць дыстанцыйна дыплом універсітэта. Больш за чатыры тысячы праходзяць навучанне без адрыву ад вытворчасці. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення арганізацыі папраўчага працэсу дэпартамента выканання пакаранняў МУС Аляксандра КРАЛЬКО, у планах — запусціць новы адукацыйны праект сумесна з Беларускім Чырвоным Крыжам. У ЛПП № 3, дзе знаходзяцца жанчыны з алкагольнай залежнасцю, будуць навучаць цырульніцкаму майстэрству. Гэта павысіць шанцы на працаўладкаванне (а значыць, і на сацыяльную адаптацыю) тых, хто не мае прафесіі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Колькі піў — столькі давядзецца лячыцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».