Вы тут

Адбылося пасяджэнне Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь


Забеспячэнне правапарадку і аховы грамадзян абмеркавалі ўчора на пасяджэнні Савета Бяспекі. Кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што мінулы раз гаворка ішла аб умацаванні абараназдольнасці дзяржавы і былі дадзены канкрэтныя даручэнні ўраду, дзяржсакратарыяту, міністру абароны і іншым службовым асобам. Гэтым разам абмеркавалі ўнутраную бяспеку, у тым ліку барацьбу з бытавой злачыннасцю і наркотыкамі.


Нягледзячы на агульнае паляпшэнне крымінагеннай сітуацыі, застаюцца праблемныя пытанні. Адно з іх — бытавая злачыннасць. «Мною неаднаразова акцэнтавалася ўвага на яўна недастатковых мерах па папярэджванні і спыненні бытавой злачыннасці, асабліва гвалту ў сям'і, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Удумайцеся, амаль трэць забойстваў адбываецца на бытавой глебе». Гэта, дарэчы, і паказчык працы міліцыі. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што кожны павінен адчуваць сябе абароненым, у тым ліку і ў сям'і.

Іншы праблемны момант — алкаголь. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не з'яўляецца прыхільнікам забарон. Але, на думку Прэзідэнта, неабходны жорсткія меры адказнасці за розныя віды правапарушэнняў: ад з'яўлення ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах да здарэнняў, калі па віне п'янага кіроўцы гіне чалавек. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на тое, што атрымаць дакумент на кіраванне аўто не так складана. Адказнасць павінна быць вышэйшай і за выдачу даведак, і за падрыхтоўку кіроўцаў.

Яшчэ адно важнае пытанне — барацьба з незаконным абаротам наркотыкаў. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што неабходна змагацца супраць тых, хто пастаўляе такія рэчывы ў Беларусь, — гэта галоўныя злачынцы. Барацьба з тымі, хто ўжо ўжывае наркотыкі, ці з дробнымі збытчыкамі паляпшае статыстыку, але не дасягае кораню праблемы. «Патрабую ад усіх праваахоўных структур не захапляцца ведамаснай статыстыкай. Трэба выкарыстоўваць яе для аналізу, але не для самасупакаення», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Наступны момант — барацьба з карупцыяй. Прэзідэнт адзначыў, што не ўсе праваахоўныя органы працуюць эфектыўна ў гэтым кірунку.

Таксама кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што «важную задачу па ахове грамадзян вырашаюць органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях. Іх дзейнасць павінна і далей развівацца і ўдасканальвацца». Прэзідэнт падкрэсліў, што чакае па ўсіх пытаннях канкрэтных прапаноў ад членаў Савета Бяспекі.

Пасля пасяджэння генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк пракаментаваў для журналістаў асноўныя моманты, якія абмяркоўваліся з кіраўніком дзяржавы. Ён адзначыў, што гвалт у сям'і — гэта вельмі сур'ёзная праблема, над вырашэннем якой працуюць усе праваахоўныя органы. Неабходна звяртаць увагу не толькі на злачынствы, але і ўвогуле на бытавое хуліганства. У процідзеянні наркаманіі, як лічыць Аляксандр Канюк, неабходна выходзіць на дылераў. Статыстыка па выяўленні злачынстваў ідзе ўгору, але трэба змагацца з тымі, хто гандлюе наркатычнымі рэчывамі оптам.

Надзея АНІСОВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Бяспека для кожнага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?