20 Верасень, чацвер

Вы тут

«Смерць Сталіна» паказала, што Сталін яшчэ жывы


Брытанцы з французамі знялі сатырычны фільм пра смерць Сталіна, палітычныя вярхі Савецкага Саюза, дзіўнае ўзыходжанне Хрушчова і паказалі, які гэта жыватворны матэрыял для камедыі, прычым гамерычна смешнай камедыі. Пацешныя сцэны, дарэчныя кпіны, шыкоўны кастынг дапамаглі карціне "Смерць Сталіна" паказаць гульні ва ўладзе як фарс – і ты прызнаеш яго якасць, ківаеш і смяешся, пакуль у некаторыя моманты ўнутры ўсё не абрываецца і ты не разумееш, як страшна тое, што тут паказваецца ў такой, здавалася б, нелагічнай форме. І аўтары гэта разумеюць, і фільм гэта мае на ўвазе, і ўладны твар Стыва Бушамі ў ролі Мікіты Хрушчова ў канцы карціны канчаткова сцірае ўсмешку.


Хоць у выпадку са "Смерцю Сталіна" інтрыгуе ўжо адна толькі назва, сапраўдны шум вакол фільма справакавала, вядома, забарона паказваць яго ў Расіі. Я наогул таемна люблю неспадзяванкі з гісторыі кіно ў расійскай рэчаіснасці. Напэўна, іх адлік пачынаецца яшчэ з часоў братоў Люм'ер, калі люм’ераўскі аператар прыехаў у Ніжні Ноўгарад для дэманстрацыі кінематографа, тады яшчэ новага віду забавы. У Ніжнім Ноўгарадзе усё абярнулася падпалам месца прагляду і абвінавачваннем у чартаўшчыне, а з Пецярбурга, куды аператар адправіўся пасля гэтага, яго выгналі за нібыта абразу рускай арміі, бо ў прадэманстраваным сюжэце іспанка танцавала з рускім афіцэрам.

Свавольнае выразанне кінатэхнікамі эпізодаў з кінаплёнак. Стварэнне сваіх нешчаслівых канцовак для папулярных у гледачоў дацкіх фільмаў, дзеля чаго Івана Мазжухіна грыміравалі пад Псіландэра. Стужка "Тры песні пра Леніна" Дзігі Вертава, якая апынулася на паліцы, таму што Ленін у ёй перакрывае Сталіна. Такая ж доля аднаго з наступных фільмаў Вертава "Калыханка", дзе правадыра ўжо занадта шмат, і гэтак далей.

Гісторыя з ужо сучаснымі карцінамі "Мацільда" і "Смерць Сталіна" – для мяне падзеі таго ж дзікаватага парадку, што і пералічанае вышэй. Так што радасна ў гэты кантэкст не ўпісвацца, бо беларускае міністэрства культуры хоць і зыніцыявала невялікую правалоку, але брытана-французскую камедыю да праката дапусціла. Калі заўгодна, гэты маленькі эпізод можа паслужыць лішнім аргументам у размовах пра тое, што расіяне і беларусы як нацыі ўсё ж па менталітэце адрозніваюцца.

Фільм рэжысёра Арманда Іануччы да прыемнага свабодна абыходзіцца з асобай Сталіна, якая для многіх, прызнаем, засталася святой і пасля адлігі, дзесяцігоддзяў асэнсавання падзей 1930-х і змены стагоддзя. Камедыя не проста дазваляе сабе пакінуць генсека на падлозе ў лужыне ўласнай мачы, што з'яўляецца так сабе жартам (затое правакуе шмат іншых), але і развіць сюжэт з яго смерці, а не актыўнай дзейнасці. Вось гэта плявок: верхавод, лідар і правадыр не дацягвае да галоўнай ролі звычайнай еўрапейскай камедыі, у якой усе самае цікавае пачынаецца пасля, а не ў час. Брытана-французская капрадукцыя дазволіла сабе адкрытую, на мільённую аўдыторыю, насмешку са Сталіна, якая ў прамых постсавецкіх спадчыннікаў часцей магчымая толькі ў народных анекдотах і кухонных размовах.

Гэта калі справа наогул даходзіць да гумару, хоць часам не дапускаецца нават думка пра крытыку. У свой час давялося здзівіцца інтанацыям экскурсавода ў Музеі Іосіфа Сталіна ў Горы, які прэзентавалі як адзіны музей Грузіі, які атрымлівае прыбытак (хаця гэтая інфармацыя не праверана). У музеі, у Горы, у Грузіі, дзе стаўленне да свайго земляка вельмі неадназначнае, цытаваліся словы Сталіна пра тое, што як чалавек ён ніколі б не зрабіў таго, што робіць як кіраўнік краіны, – такімі акцэнтамі прэзентавалася, змякчалася, ненавязліва апраўдвалася асоба. Гэта значыць, так, яго рэжым знішчаў ні ў чым не вінаватых людзей, але генсеку гэта было як бы непрыемна.

У фільме ж Сталін пачынае рагатаць з ліста піяністкі Марыі Юдзінай, якая выказвае правадыру сваю нянавісць, пасля чаго ён нібыта і памірае. У XXI стагоддзі мы можам сабе дазволіць сарказм і нават кпіны ў адрас таго, хто трымаў у страху мільёны людзей і надоўга ўкараніўся ў свядомасці постсавецкага чалавека. Сталін унутры цябе. Толькі, як водзіцца, аўтарамі з'яўляюцца замежныя калегі, якіх не стрымліваюць насаджаныя скрэпы: як у 1940 годзе Чарльз Чаплін шэдэўральна паздзекаваўся з Адольфа Гітлера ў сваім фільме "Вялікі дыктатар", так у 2017 брытанцы з французамі не на жарт разышліся з тэмай савецкага 1953 года.

І трэба сказаць, да вывучэння матэрыялу яны падышлі грунтоўна. Хрушчоў, Берыя, Малянкоў, Молатаў, Жукаў, дзеці Іосіфа Сталіна Васіль і Святлана ператварыліся ў цудоўныя камічныя вобразы – у іх перабольшылі патрэбныя рысы, вызначылі дыспазіцыю паміж персанажамі, прымусілі выходзіць з ценю і праяўляць сябе кожны па-свойму. Сапраўднае задавальненне нават успамінаць анекдатычныя сітуацыі, на якіх пабудавана барацьба за лідарства, справакаваныя страхам рэаагаванні і ўчынкі, трансфармацыю Хрушчова з прыдворнага блазна ў рашучага палітыка. З чалавека, які разам з жонкай па вечарах запісваў жарты, з якіх смяяўся Іосіф Вісарыёнавіч, каб выкарыстаць іх яшчэ раз, да таго, хто потым развянчае культ Сталіна. А гіпербалізацыя, як вядома, тыцкае носам у патрэбныя рэчы, а часам дапамагае ўсвядоміць праўду яшчэ больш востра, чым калі б яна пазбавілася ўсялякіх мастацкіх сродкаў.

Мы маем доступ да многіх рэфлексій, сур'ёзна ставімся да 1930-х і да 1953 году, аналізуем страшнае мінулае, чытаем пра рэпрэсіі, глядзім фільмы, напрыклад, Аляксея Германа-старэйшага. Але ўсё яшчэ трымаемся асцярожнасці, хаця здаецца, што чым больш людзей дазволіць сабе пасмяяцца са сталінскіх часоў, тым хутчэй мы пяройдзем на наступны этап вылекавання, калі Сталіна ўнутры нас больш не будзе.

"Смерць Сталіна", такім чынам, каштоўная не толькі як удалая камедыя, але і як магчымасць пераступіць праз асцярожнасць і пад добры гумарок абсмяяць і звергнуць вобраз правадыра да звычайнага чалавека, які памёр у лужыне ўласнай мачы. Наша грамадства, хочацца верыць, да гэтага гатова.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.