Вы тут

Пра помнік Высоцкаму і не толькі


Пазваніў абураны чытач. Не цяпер, даўнавата ўжо. І вось з якой нагоды. Шаноўны брастаўчанін не падтрымлівае ідэю групы таварышаў, якія са згоды гарадскіх уладаў хочуць паставіць помнік Уладзіміру Высоцкаму побач з гасцініцай «Буг». У згаданым гатэлі спявак і акцёр не раз спыняўся падчас паездак.


— Хто такі Высоцкі? — даводзіў аўтар званка. — Алкаголік і наркаман, які прыклад для моладзі ён увасабляе сабой? Навошта гораду помнік такой асобе, калі ў нас няма помнікаў Купалу і Коласу? І чаму гэта ў пагранічным Брэсце, можна сказаць, уязной браме ў нашу краіну з Еўрасаюза, раптам узнікла ініцыятыўная група па стварэнні помніка не беларускім класікам, а расійскаму барду? Мабыць, ногі ідэі растуць з гарвыканкама, бо мэр Аляксандр Рагачук — вядомы аматар творчасці Высоцкага. А вы баіцеся пра гэта напісаць, — горача працягваў тэлефонны абанент.

Думала аб гэтым не раз. Асабліва калі святкавалі 80-годдзе Высоцкага і з тэлевізара гучала шмат яго песень. Мне яго творчасць таксама падабаецца. І Рагачук тут ні пры чым. Тым больш што мэр падтрымлівае ідэю маральна, а не рублём з гарадскога бюджэту. А для таго, каб паявіўся помнік, патрэбныя найперш грошы. Вядома, брастаўчанам не робіць гонару той факт, што мы не маем помніка класікам роднай літаратуры. Тарасу Шаўчэнку помнік ёсць, а Купалу і Коласу няма... Я тады прапаноўвала свайму тэлефоннаму абаненту арганізаваць і ўзначаліць збор сродкаў на помнік, скажам, Янку Купалу, абяцала першай зрабіць пасільны ўнёсак. Але суразмоўнік, здаецца, не зацікавіўся прапановай. Ну што зробіш? А вось фундатары ўзвядзення помніка Высоцкаму знайшліся. Яны любяць падкрэсліваць, што сувязі расійскага спевака з нашым краем ёсць. Дзед яго, таксама Уладзімір, нарадзіўся ў Брэст-Літоўску.

Тое, што Уладзімір Сямёнавіч пакутаваў на алкагольную і наркатычную залежнасці, факт вядомы. Толькі каму ён гэтым зрабіў дрэнна, акрамя сябе і самых блізкіх? Нікому. А помнікі ставяць не за асабістае жыццё, а за справы, за тое, што чалавек пасля сябе пакідае. Тут жа згадваюцца і ўдала сыграныя тэатральныя ролі (перш за ўсё — Гамлет), і шэраг фільмаў з яго ўдзелам (адзін толькі Глеб Жэглоў чаго варты!). І песні яго жывуць ужо многія дзесяцігоддзі. Так што пакінуў Уладзімір Высоцкі многа добрага на гэтай зямлі. Ад большасці ж людзей, як казаў герой Вячаслава Ціханава ў вядомым фільме, застаецца толькі працяжнік паміж датамі нараджэння і смерці.

А хіба тыя, хто заслужана ўвекавечаны ў граніце ды бронзе, заўсёды былі анёламі пры жыцці? Не кажу ўжо пра палітычных дзеячаў. Талстой, як вядома, быў вінаваты ў няшчаснай долі сваёй пакаёўкі. А потым яе трагічную гісторыю паклаў у аснову рамана «Уваскрэсенне». Ды што ж пасля гэтага — «Вайну і мір» не чытаць? Пушкін з п'яных вачэй не толькі, лежачы на канапе, страляў мух, а часам і Наталлю Мікалаеўну крыўдзіў, як сведчылі сучаснікі. Альберт Эйнштэйн быў заўважаны, як цяпер сказалі б, у сямейным гвалце. Спіс недахопаў, грахоў і заган вядомых людзей можна доўжыць бясконца. Але ж іх творчая, навуковая, іншая спадчына стала падставай для ўвекавечання і шанавання памяці. Вядома, Высоцкага не паставіш у адзін рад з фігурамі сусветнай велічыні, але я зараз пра тое, што адны людзі ставілі помнікі іншым людзям заўсёды.

І чамусьці тая даўняя размова з праціўнікам устаноўкі помніка спеваку згадалася каля іншага помніка зусім нядаўна. На мінулым тыдні я была ў Гарадцы Кобрынскага раёна. Там стаіць бюст Дзяржынскага. Зразумела, калгас некалі насіў яго імя. Калі ж гэта гаспадарка, як усе іншыя, узяла назву населенага пункта, жалезны Фелікс стаў неактуальным. Скажам, у Пружанскім раёне таксама быў калгас імені стваральніка ЧК, але дзе яго бюсты, якія стаялі не толькі на цэнтральнай сядзібе, але і ў кожным населеным пункце гаспадаркі, ужо ніхто не памятае. Можа, таму на Пружаншчыне іх хутка прыбралі, што там была асаблівая гісторыя. Жыў у адной з вёсак чалавек, які перад выбарамі, а бывала, і перад вялікімі святамі ставіў побач з металічнай выявай Дзяржынскага вялікія драўляныя крыжы. Такая ў яго была форма пратэсту. Прыязджалі нават з абкама партыі, псавалі нервы калгасным кіраўнікам, аб'яўлялі ім вымовы. Шмат каму ўеўся ў косці той Фелікс, вось і прыбралі яго ціха, хутка і непрыкметна. А ў Гарадцы стаіць. Вясной яго часам нават падфарбоўваюць. Кожная эпоха выдае ў якасці помнікаў сваіх герояў. Толькі адны вытрымліваюць выпрабаванне часам, другія паяўляюцца, каб потым знікнуць. Думаю, і ў пагранічным Брэсце некалі паявяцца годныя помнікі класікам літаратуры, а таксама знакамітым выхадцам з гэтага краю. А Высоцкі... ім не перашкодзіць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.