Вы тут

Друкуецца ў «Маладосці»


Алесь Яфімаў. Скажоная алегорыя рэфлексіі

Урывак.

Калі Муж прачнуўся, побач нікога не было. Не разумеючы, колькі прайшло часу з таго моманту, як адключыўся, ён устаў, намацаў мышку камп'ютара. Чорны манітор «ажыў», непрыемна пырснуўшы святлом у вочы. Муж згарнуў фільм, паглядзеў у правы ніжні кут дысплэя. Трэцяя гадзіна ночы. Зразумеў, што праспаў занадта шмат. А дзе ж Жонка?

Першая думка — яна выйшла ў прыбіральню, ванны пакой або на кухню. Адразу падумалася, што тым самым, магчыма, яна яго і пабудзіла. Але нешта было не тое. Уцяміць штосьці спрасонку было вельмі цяжка, аднак шасцерні ў галаве пачалі варушыцца. «Калі б Жонка прыйшла і ўбачыла, што я сплю, няўжо яна мяне адразу бы не разбудзіла? Чаму яна не выключыла камп'ютар? Кіно не даглядзела...» Стала трывожна. Муж, заспаны, жмурачыся, тупіў у манітор і прыслухоўваўся. Але было ціха, і гэтая цішыня раздзьмувала трывогу.

Крыху пасядзеўшы, устаў з ложка, уключыў святло. Ціха. Асцярожна, хоць відавочных прычын для таго не было, пайшоў у калідор, дзе таксама ўключыў асвятленне. Цішыня. Зірнуў на выключальнікі для прыбіральні, ваннага пакоя, кухні — усе ў становішчы оff. Крадком пайшоў у бок кухні. Мозг маляваў усякія жудасныя карціны: напрыклад, праслізнула думка, быццам Жонка зайшла туды па што-небудзь, спецыяльна не запальваючы святло, і раптоўна памерла. Інсульт, тромб, сэрца, яшчэ якая трасца — уключаць святло ў кухні было вельмі страшна. Аднак Муж пстрыкнуў выключальнікам і зазірнуў у пакой. Ні Жонкі, ні яе трупа ў кухні не было, як не было і нічога падазронага ці незвычайнага. Муж выдыхнуў з палёгкай і адразу ж глыбока ўздыхнуў — сам не заўважыў, як да гэтага, яшчэ стоячы ў калідоры, затаіў дыханне. Знянацку дзесьці зусім побач пачуўся гучны рык. Ад нечаканасці і напружанасці Муж спуджана ўздрыгнуў. Аднак гэта ўсяго толькі «ажыў» стары халадзільнік. «Цьфу ты, чорт! Ты яшчэ тут...»

Пачуццё трывогі змянілася на нейкае іншае. Цяпер Муж адчуваў у першую чаргу незвычайную ірэальнасць сітуацыі. Ну, добра — кухня: гаспадыня, якая ведае яе як свае пяць пальцаў, можа абысціся без уключанага святла, каб, напрыклад, узяць нешта з халадзільніка. Урэшце, тут ёсць акно, якое дае пэўнае асвятленне. Але Жонка заўсёды ўключала люстру, нават не задумваючыся пра гэта... У той жа час у прыбіральні і ў ванным пакоі вокнаў няма, і ноччу там амаль апраметная цемра — наўрад ці яна сунулася б туды без святла. Магчыма, нешта стрэліла ў галаву і Жонка вырашыла абысціся святлом мабільнага тэлефона?.. Але навошта?..

Муж уключыў святло адначасова і ў прыбіральні, і ў ванным пакоі. Цяпер лямпачкі гарэлі ва ўсёй кватэры, за выключэннем балкона. Прыслухаўся. Зноў цішыня. І зноў мозг пачаў маляваць усякія жудасці. Гэтым разам чамусьці прыгадалася смерць Элвіса Прэслі, дакладней адна з яе версій, згодна з якой музыка памёр на ўнітазе.

Ціхенька пастукаў у прыбіральню. Нахіліў галаву да дзвярэй, імкнучыся ўлавіць гукі па той бок. Было страшна, што дзверы раптоўна адчыняцца і з вялікай сілай удараць у скронь, таму Муж моцна сціснуў ручку, спрабуючы пры гэтым пакінуць яе нерухомай. Але нават так было страшна: здавалася, што зараз нешта вострае імгненна праб'е дзверы навылёт і трапіць у галаву... Напэўна, свядомасць, спрабуючы падагнаць падзеі пад вядомую мадэль, супастаўляла сітуацыю з усімі хорарамі, якія Муж толькі бачыў, і прапаноўвала магчымыя варыянты...

Алесь Яфімаў не любіць пастаральныя матывы, «сацрэалізм» і відавочны пафас. Лічыць, што ў наш час не варта арыентавацца выключна на традыцыю і патрыярхаў — сёе-тое незаганна падгледзець і ў такіх творцаў, як Дэвід Лінч. Яго новы твор ад першага да апошняга радка трымае ўвагу — чытаць не кінеш.


Эмілія Сліхрыцкая. Папсовыя праграмы для вушэй

Урывак.

Вечарам, пасля працы, людзі спяшаюцца дамоў. Каб паесці? Не! Стомленыя ад васьмігадзіннага працоўнага дня (ці — як каму пашчасціць альбо не), яны імчаць у свае спальныя раёны, затрачваюць каля гадзіны на транспарт, які зранку іх зноў завязе на тую ж працу, бягуць з прыпынку, імчаць да пад'езда, хутка забягаюць на кухню, каб уключыць тэлевізар...

Усё, можна перадыхнуць і не спяшацца так.

І пакуль людзі корпаюцца ў маразілках і халадзільніках, дастаюць кавалкі мяса ці фаршу, па тэлевізары пачынаюць запускаць праграмы, адарваныя ад рэчаіснасці.

Усё прадумана ўжо за людзей. Стратэгічны ход: заслухаешся і заснеш пад калыханку а 21 гадзіне — менш есці будзеш, а то і зусім галодны захрапіш. Дый навошта есці на ноч. Змарнуеш толькі прадукты. Можна і на сняданак іх праглынуць, а так давядзецца і зараз паесці, і на заўтра нешта шукаць. Таму людзі стараюцца згатаваць увечары, калі не на сёння, дык каб хоць на заўтра было.

Людзям цікава глядзець на ўсё, што неяк звязана са смерцю. Прага да крыві існавала заўсёды. Ці то ў выглядзе палявання на звяроў, ці то ў назіраннях за баямі гладыятараў. Цяпер жа яшчэ дадаліся баі без правілаў і бокс. Вось таму людзі і чакаюць чагосьці такога крымінальнага, забароненага. Яно, безумоўна, і ў баевіку такое можна ўбачыць, але падсвядома чалавек разумее, што ніякай крыві там няма: або танная фарба, або кетчуп, які не з'елі ў абед. І чалавек выбірае блок праграм на вечар.

Тэлевізар уключаны, патрэбны канал знойдзены. Пачынаецца застаўка, словы «Zона Х» на постмадэрновым малюнку чырвонага і чорнага колераў. Вось толькі чаму ў гэтым спалучэнні Х чытаецца як «ікс», а не «хэ» і не «ха»? Зразумела, ніякага «ха-ха» там няма...

Чаму ўсё ж такі выкарыстоўваюць у назве праграмы гэтыя літары лацінскага алфавіта: ZХ? Чаму проста не напісаць ікс? Што гэта за таемны пасыл такі з дзвюх літар? Калі б было ХZ, то акружэнне аматараў інтэрнэтных скарачэнняў адразу б расчытала гэтае «хз».

— Якое сёння надвор'е?

— Я хз.

— Якія планы на вечар?

— Я хз.

Іншым разам хочацца запытацца пра адэкватнасць чалавека, але баішся пачуць:

— Я хз.

Гэты пералік хэзэшных можна працягваць бясконца. Людзі цяпер не толькі так пішуць, але і кажуць: «хэзэ».

Ну, яшчэ можна напісаць ці сказаць «у сэнсе?», але гэта трохі іншая гісторыя.

Эмілія Сліхрыцкая сама пра сябе напісала: «Жыла, гадавалася, развівалася. Была малая, пасля падрасла (праўда, розуму не нажыла). Аддалі ў школу, расчаравалася ў школе, пайшла ў тэхнікум, расчаравалася і ў ім, пайшла ў ВНУ... Цяпер зноў у школе. Карацей, усюды нейкае кола. Таму варта атрымліваць асалоду ад кожнага моманту — і будзе вам шчасце!» Мае рацыю.


Віктар Лупасін. Акакій і Паўсекакій ратуюць хамячка

Урывак.

— Трэба гэта... заўтра каналізацыйныя люкі аблазіць, — прапанаваў Паўсекакій для пачатку.

Акакій кіўнуў, узняўся з канапы, рушыў вонкі і вярнуўся з вялікім вантузам.

— Каб накрыўкі ямчэй здымаць? — зразумеў Паўсекакій.

— Менавіта, — ухваліў яго думку Акакій. — Толькі лепей гэта рабіць уночы. Народу меней.

І так глыбокаю ноччу ў начную Чыжоўку выйшлі двое ў ідэальных гарнітурах і чорных акулярах, адзін з якіх трымаў вантуз, а другі — ноўтбук, таму што ліхтарык яны ў доме не знайшлі. Двое пашукалі вачыма і сунуліся ў бок першага люка.

Ранкам наступнага дня Лізавета Паўлаўна ішла ў бок стаянкі, думаючы пра сваё, і раптам адчула пад нагамі нейкую няроўнасць. Яна зірнула ўніз і зразумела, што ледзь не правалілася ў каналізацыйны люк!

Лізавета Паўлаўна, крэкчучы і сцішана мацюкаючыся, завалакла на месца люкавую накрыўку (яна ляжала строга побач), з жалем паглядзела на манікюр, крыху падумала, ці не вярнуцца ёй паднавіць яго, і цягам роздуму заўважыла, што суседні люк таксама адкрыты. Лізавета Паўлаўна набрала начальніцу, прадбачліва адпрасілася да абеда і рашуча пайшла да другога люка.

Праз гадзіны тры, аблазіўшы ўсю Чыжоўку ледзь не да вуліцы Кабушкіна, Лізавета ўвалілася ў кватэру і перш-наперш прыняла душ. Сакрэтныя агенты ўжо прачнуліся.

— Слухайце, што я сёння бачыла, — сказала яна хлопцам, спрытна варачы сабе каву. — Выходжу з дома, іду да машыны, глядзь — каналізацыйны люк адкрыты!

«Гэта правал», — падумаў Паўсекакій, а Акакій плаўна і акуратна схаваў вантуз за спінай і вельмі натуральна здзівіўся:

— Да вы шо!

— Гэта яшчэ што! — працягвала Лізавета Паўлаўна. — Вы далей слухайце.

— А што было далей? — асцярожна спытаў Паўсекакій, і Лізавета падрабязна расказала пра ўсе прыгоды апошніх трох гадзін, прычым настолькі захапілася, што пена з туркі ледзь не затушыла газ. Суперагенты слухалі ўважліва, пагаджаліся, спачувалі жыхарам Чыжоўкі і пыталіся, а хто гэта зрабіў. Нарэшце Лізавета Паўлаўна ўбачыла гадзіннік, войкнула, падфарбавала пазногці, пасушыла іх фенам і пабегла. Акакій і Паўсекакій пабеглі следам, бо яна прапанавала падкінуць іх да Акадэміі. Вантуз яны прыхапілі з сабой.

Маленькі чорны джыпік выехаў са стаянкі і смела рушыў насустрач невядомасці.

* * *

Тым часам шэф злачынцаў сядзеў у неабсяжным змрочным кабінеце і паліў цыгару, вялікую і тоўстую, як каўбаска з хот-дога «Вясковы». Перад ім паставілі мазамбікскую каву, адзін напарстак якой каштуе трыста долараў, і разетку ікорнага асарці. Шэф з'еў тры бялужыныя ікрынкі і адну ікрынку бесцера, але да кавы не дакрануўся. Тады чатыры стрыптызёры ў касцюмах гладыятараў знеслі каву і паставілі яму новую.

— Прынясіце яго, — прамовіў шэф у цёмную прахалоду.

Перад ім з'явіўся двухметровы дзядзька рэдкага цяпер тыпажу: малінавы пінжак, залатыя ўтулкі, штаны «Абібас», пунсовы карак і г. д. Гэта быў знакаміты ў мінулым Ваван Сіплы, рэлікт прамінулай эпохі, якога трымалі ў жывых паводле асабістага загаду шэфа — вялікага аматара музеяў і кунсткамер.

Ваван Сіплы афіцыянцкім рухам паставіў у цэнтр бяскрайняга стала нешта, пакрытае чорным аксамітам.

— Здымі, — прамовіў шэф аднымі толькі пярэднімі зубамі. Ваван Сіплы сцягнуў аксаміт.

На паліраванай палісандравай роўнядзі стаяла круглая пазалочаная клетка, у якой завіхаўся джунгарскі хамяк сярэдніх гадоў.

Віктар Лупасін доўгі час марыў стаць класікам беларускай літаратуры, пра што напісаў паэму «Купала, Колас і Лупасін». Цяпер займаецца рок-музыкай (гурт «Зеленахвостыя»). Дэтэктыўная аповесць «Акакій і Паўсекакій ратуюць хамячка» планавалася як першая ў цыкле маленькіх аповесцяў пра двух суперагентаў, але ж напісана было толькі дзве. Адна з іх друкуецца ў «Маладосці».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.