Вы тут

Пачуць моладзь. І падтрымаць


Сустрэча міністра адукацыі Ігара Карпенкі з Рэспубліканскім каардынацыйным саветам маладзёжных парламентаў адбылася ў рамках свята «Магілёў — маладзёжная сталіца — 2018». Яна стала працягам той, што прайшла летась у 61-й мінскай школе з удзелам Прэзідэнта. «Мы дамаўляліся з вамі, што будзе каардынацыйны савет. І ён ёсць. Абмяркоўвалася тады і пытанне стварэння Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. І гэты працэс ідзе. Падобныя фарміраванні ўжо сталі неад'емнай часткай многіх гарадоў, дзе актыўна развіваецца вучнёўскае і студэнцкае самакіраванне. Гэта добрая форма стасункаў дзяржаўных структур з моладдзю», — сказаў міністр. Падчас сустрэчы навучэнцы ліцэяў, гімназій і школ задалі яму шмат пытанняў.


— Ці падтрымліваеце вы ідэю аб стварэнні асобнага маладзёжнага інфармацыйнага партала? Асноўныя звесткі пра мерапрыемствы мы чэрпаем на старонках «УКантакце», сайтах БРСМ і піянерскай арганізацыі. Больш зручна было б знаходзіць усё гэта на адным рэсурсе...

— Улічваючы, што цяперашняя моладзь не выпускае з рук планшэты і шмат часу праводзіць у сацыяльных сетках, ёсць сэнс зрабіць такі партал. Як ён будзе працаваць і як маладыя людзі на ім будуць прадстаўлены, вырашаць ім самім. Вам прасцей размаўляць са сваімі аднагодкамі на адной мове.

— У краіне існуюць студэнцкія атрады. Ці можна стварыць такія ж для старшакласнікаў?

— Такое магчыма, але пералік работ будзе звужаны, паколькі па працоўным заканадаўстве дзейнічаюць некаторыя абмежаванні па ўзросце. Мы практыкуем школьныя будаўнічыя брыгады, напрыклад. А яшчэ ёсць такое паняцце, як лагеры працы і адпачынку, дзе можна сумяшчаць і працу, і адпачынак. Наогул мы падтрымліваем ідэю занятасці моладзі. І думаем, як ёй у гэтым дапамагчы. Сёння разглядаем магчымасць вяртання вучэбна-вытворчых камбінатаў, каб вучні 9—11 класаў мелі магчымасць асвоіць якую-небудзь прафесію яшчэ ў школе. Мне, напрыклад, калі я ездзіў у студэнцкія будатрады, не перашкодзілі спецыяльнасці токара і бетоншчыка-стропальшчыка.

— Якім павінен быць сапраўдны лідар, чалавек, за якім пойдуць іншыя?

— Па-першае, лідарства павінна быць скіравана на карысць людзей, па-другое, лідар павінен ахвяраваць сваімі асабістымі інтарэсамі на карысць грамадскіх. Умоўна кажучы, калі ён будзе заклікаць на суботнік, а сам працаваць разам з усімі не будзе, яму ніхто не паверыць.

— Наколькі вядома, зараз пры паступленні ў гімназію вучням не трэба здаваць экзамены. Як прымалася гэта рашэнне? І як будзе ажыццяўляцца набор у гімназіі?

— Перад тым як прыняць рашэнне, праводзіліся пэўныя даследаванні, рабіліся сацыялагічныя зрэзы. Я, мае намеснікі, кіраўнікі абласных і гарадскіх упраўленняў паглядзелі шмат устаноў адукацыі. Узяць тую ж сельскую школу, якая апрыёры не можа стаць гімназіяй, бо яна малакамплектная. Там няма такога шырокага спектра факультатываў і гурткоў. Пры гэтым вынікі бываюць высокага ўзроўню. А ёсць гімназіі са сціплымі вынікамі. І не факт, што тое дзіця, якое паспяхова здала экзамены за 4 клас, будзе атрымліваць высокія балы ў старшых класах. Таму мы вырашылі ўсіх да 9 класа паставіць у роўныя ўмовы. А з 10-га кожны павінен будзе выбіраць, якім шляхам рухацца далей. Гімназіі ніхто не закрывае, іх патэнцыял ніхто не прыніжае, але любы педагог павінен працаваць з любым дзіцем незалежна ад таго, які вынік яно паказвае. Трэба ствараць такія сістэмы, пры якіх ва ўсіх будуць роўныя магчымасці для атрымання якаснай адукацыі.

— У Беларусі нядаўна рэалізавалі майнінг крыптавалюты. Ці будзе Міністэрства адукацыі заахвочваць гэтую сферу дзейнасці, напрыклад, увядзеннем якіх-небудзь новых спецыяльнасцяў?

— Мы ведаем, што «лічба» сёння іграе ўсё большую ролю ў эканоміцы. Але сама па сабе ІT-сфера нецікавая — цікавыя адукацыйныя тэхналогіі, якія могуць быць выкарыстаны ў рэальнай вытворчасці. Зыходзячы з гэтага, мы павінны змяняць структуру эканомікі, рабіць яе больш устойлівай да гэтых выклікаў. Для таго каб быць дзяржавай, якая стабільна развіваецца, патрэбны сацыяльныя праекты, і яны ёсць у краіне. І арыентуючыся на гэта, будзем уводзіць новыя спецыяльнасці. Невыпадкова мы з міністрам прамысловасці з'яўляемся двума сустаршынямі аргкамітэта нацыянальнага чэмпіянату WorldSkіlls, які будзем праводзіць у маі па 39 кампетэнцыях. Тут ёсць пэўны патэнцыял, які можа быць карысны нашай краіне. І ўводзіць новыя спецыяльнасці мы будзем не дзеля нейкіх там майнінгаў, а таму, што нам трэба трансфармаваць нашу эканоміку, відазмяняць яе і ствараць падушкі бяспекі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.