Вы тут

Як словам можна выратаваць ад бяды


Марына ГАНЧАРОВА магла б стаць мадэллю: у дзявятым класе яна перамагла на гарадскім конкурсе прыгажосці. Ці чыноўнікам у выканкаме: падобныя прапановы да яе паступалі. Але з усіх варыянтаў выбрала прафесію ратавальніка. Марына працуе старшым інспектарам групы прапаганды і навучання Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях і кожны дзень тлумачыць дзецям і дарослым правілы бяспекі.


На кон­кур­се на най­леп­ша­га ў кра­і­не пра­па­ган­дыс­та ор­га­наў і пад­раз­дзя­лен­няў  па надзвычайных сітуацыях Ма­ры­на Ган­ча­ро­ва за­ня­ла пер­шае мес­ца.

«Напэўна, усе дашкольнікі ўжо ведаюць наш нумар», — усміхаецца капітан МНС і расказвае пра выпадак, які адбыўся ў канцы мінулага года. Жанчына пакінула дома трохгадовага сына, які захварэў, і пайшла на работу. А хлопчык патэлефанаваў ратавальнікам — папрасіў знайсці маму, бо яму было страшна ў кватэры аднаму.

Да кожнай катэгорыі слухачоў у прапагандыста свой падыход. Каб данесці інфармацыю школьнікам і моладзі, праводзяць інтэрактыўныя гульні, адаптаваныя пад пажарную тэматыку. Працоўным калектывам паказваюць відэаролікі і прапануюць «адрэпеціраваць» навыкі паводзін у надзвычайных сітуацыях. Работнікі прадпрыемстваў вучацца карыстацца вогнетушыцелем, хутка эвакуіравацца з будынка: кожны павінен ведаць свае абавязкі на выпадак пажару — хтосьці тэлефануе ў службу выратавання, нехта выдае сродкі абароны.

— Мы павінны зрабіць так, каб інфармацыя была пачутая. Таму без акцёрскага майстэрства не абысціся — трэба ўмець заваяваць увагу слухачоў. Для прапагандыста важная мабільнасць і камунікабельнасць, а таксама дысцыпліна і арганізаванасць, бо на працягу дня ты мусіш паспець правесці некалькі сустрэч з рознай аўдыторыяй, — дзеліцца Марына.

У снежні яна стала найлепшым у краіне прапагандыстам органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Удзельнікам конкурсу трэба было справіцца з тэстам (адказаць на 40 пытанняў), падрыхтаваць інфармацыйныя матэрыялы, правесці журналісцкае расследаванне, прадэманстраваць аратарскае майстэрства. Марына заўважае, што спаборніцтва дало магчымасць не толькі паказаць сябе, але і пачуць карысныя парады пра тое, як удасканаліць сваю работу.

Да кож­най уз­рос­та­вай аў­ды­то­рыі — свой па­ды­ход.

Цікава, што ў дзяцінстве яна марыла аб іншай прафесіі — педагога. «Мама вельмі хацела, каб я ім стала, — тлумачыць. — Плюс у мяне была цудоўная першая настаўніца — яркі прыклад для пераймання. Яна мне давярала: я правярала сшыткі, як дарослая, рыхтавала дошку да ўрокаў. Дома я таксама гуляла ў школу. Мы тады з бацькамі жылі ў інтэрнаце, і на нашым паверсе быў вялікі хол. Там тата абсталяваў маленькі клас. Я купляла сшыткі, збірала дзяцей і вучыла іх пісаць і чытаць. Мне гэта прыносіла вялікае задавальненне».

Пасля дзявятага класа выдатніца Марына паступіла ў сацыяльна-гуманітарны каледж у Магілёве вучыцца на педагога. Потым атрымала вышэйшую адукацыю ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова. Працавала ў родным Маладзечне выхавацельніцай у дзіцячым садку, настаўніцай пачатковых класаў. А калі даведалася, што ў пажарную часць на пасаду прапагандыста шукаюць жанчыну, у якой ёсць вопыт работы з дзецьмі, вырашыла паспрабаваць сябе ў новай дзейнасці.

Ра­зам з ак­ты­віс­та­мі Бе­ла­рус­кай ма­ла­дзёж­най гра­мад­скай ар­га­ні­за­цыі ра­та­валь­ні­каў-па­жар­ных.

— Тое, што давядзецца адмовіцца ад убораў і насіць штодзень адну і тую ж форму, вас не бянтэжыла?

— Я не адразу надзела яе. На званне лейтэнанта ўнутранай службы мяне атэставалі толькі праз пяць гадоў. За гэты час я паспела атрымаць другую вышэйшую адукацыю — у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Калі нарэшце выдалі пагоны, была вельмі рада. Працэс пашыву формы быў для мяне такім задавальненнем! Таму сумненняў наконт таго, ці спадабаецца мне насіць яе кожны дзень, не ўзнікала.

Старшы інспектар успамінае, што, калі толькі прыйшла, была адзінай жанчынай у калектыве. На нарадах у вялікай актавай зале сядзелі яна і 60 мужчын. Тады жаночай кампаніі не хапала. Але апошнім часам прадстаўніцы прыгожага полу часцей прыходзяць на работу ў органы па надзвычайных сітуацыях. «Жанчыны і мужчыны ў калектыве дапаўняюць адно аднаго, — лічыць суразмоўніца. — Мы вучым іх быць больш мяккімі і чулымі, а яны нас — моцнымі і трывалымі».

Інспектара прапаганды Марына параўноўвае з байцом нябачнага фронту. «Мы працуем на апярэджанне надзвычайных сітуацый. Неяк на аўтобусным прыпынку да мяне падышоў малады чалавек — падзякаваць. Калі ён быў у аздараўленчым лагеры, праслухаў наш інструктаж па паводзінах на вадаёмах, аказанні першай дапамогі і потым змог выратаваць хлопца, які тануў».

Аб тым, што некалі зрабіла свой выбар на карысць прафесіі настаўніка, Марына ніколькі не шкадуе. Бо, па-першае, гэтыя веды спатрэбіліся ёй на цяперашнім месцы работы. А па-другое, педагагічныя навыкі дапамагаюць ёй як маме знаходзіць падыход да сваіх дзяцей.

У жанчыны двое сыноў — трох і шаснаццаці гадоў. Старэйшы з'яўляецца членам Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, займаецца пажарным спортам. Хоча пайсці па слядах мамы і працаваць у органах па НС. Але пакуль атрымлівае грамадзянскую прафесію — вучыцца на першым курсе Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа па спецыяльнасці «мехатронік апаратаў харчовай прамысловасці».

— Служба накладвае адбітак на сямейнае жыццё? Дома вы таксама капітан?

— Знаёмы майго мужа неяк пытаўся ў яго: «Чуў, што ты жаніўся на капітаншы. Строіць цябе?» А я прыходжу пасля работы, паўгадзіны адпачываю ў цішыні і іду на кухню, дзе мяне ніхто не бачыць, — смяецца Марына. — Дысцыплінай у нас займаецца тата. А ў мяне хапае іншых абавязкаў — дома я проста жонка і мама.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Мінск — Маладзечна — Мінск

Загаловак у газеце: Капітан «бяспечнага плавання»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.