Вы тут

Тыднёвы агляд падзей у Палаце прадстаўнікоў


Візіт у Швейцарыю, перагаворы з прадстаўніком Украіны, асаблівасці сацыялагічных даследаванняў, дапамога ў развіцці сацыяльнага прадпрымальніцтва. Тыдзень для дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу выдаўся актыўны.


Адбываецца першы ў гісторыі беларуска-швейцарскіх міжпарламенцкіх адносін афіцыйны візіт дэлегацыі Беларусі ў Швейцарыю. Яе ўзначальвае старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка. Падчас перагавораў бакі засяродзяцца не толькі на гандлёва-эканамічных адносінах, але і абмяркуюць паглыбленне крэдытна-інвестыцыйных і гуманітарных сувязяў, рэалізацыю праектаў у галіне сельскагаспадарчай кааперацыі.

Развіваць не толькі гандлёва-эканамічныя, але і парламенцкія сувязі Беларусі і Украіны заклікаў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук на сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Украіны Васілём Бондарам. Бо, напрыклад, апошняе пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве Нацыянальнага сходу і Вярхоўнай Рады Украіны адбылося пяць гадоў таму. Беларускі віцэ-спікер адзначыў, што настаў гістарычны момант, каб змяніць гэту тэндэнцыю, і прапанаваў парламентам «выйсці на нармальны сістэмны дыялог».

Прадстаўнікі інфармацыйна-аналітычнага цэнтра расказалі дэпутатам аб тым, як зараз вывучаюць грамадскую думку і чым сацыялагічныя даныя могуць дапамагчы дзяржаўным органам. Дырэктар ІАЦ Аляксей Дзербін заклікаў асцярожна і крытычна ставіцца да вынікаў сацыялагічных даследаванняў, бо не ўсе яны выконваюцца па ўстаноўленай працэдуры. Але нават аб'ектыўна атрыманыя вынікі могуць быць скажона інтэрпрэтаваныя. Начальнік упраўлення сацыялагічных даследаванняў ІАЦ Ігар Пінчук прывёў прыклады некарэктнага выкарыстання сацыялагічнай інфармацыі, маніпуляцыі грамадскай думкай з дапамогай яе.

Таксама парламентарыі абмеркавалі, якім чынам можна паспрыяць развіццю сацыяльнага прадпрымальніцтва, якое заклікана не толькі атрымліваць прыбытак, але і вырашаць праблемы ў грамадстве. Як адзначыла член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Жанна Стаціўка, гэта сфера патрабуе ўнясення змяненняў у заканадаўства, пра што зараз і ідзе дыскусія. Дэпутат растлумачыла, што сацыяльны бізнес можа ствараць новыя працоўныя месцы не толькі для інвалідаў, але і, напрыклад, для людзей, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, якія пакутуюць ад алкагольнай і (ці) наркатычнай залежнасці. Пры гэтым галоўнае адрозненне ад звычайнага работадаўцы будзе заключацца ў тым, што на сацыяльным прадпрыемстве прыбытак стануць накіроўваць не толькі на развіццё, але і на псіхалагічную падтрымку сацыяльна ўразлівых работнікаў, іх сем'яў. Асабліва актуальным гэта пытанне бачыцца таму, што цяпер актыўна ідзе працэс разняволення бізнес-ініцыятывы.

Вераніка ПУСТАВІТ

Загаловак у газеце: Абысці маніпуляцыі і прыйсці да дыялогу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».