Вы тут

Як у Чэрыкаве ствараюць вулічныя спартыўныя пляцоўкі і веламаршруты


Спартыўныя пляцоўкі і веласцяжынкі — прэрагатыва буйных гарадоў, а ў маленькіх населеных пунктах іх не тое што не хапае — часам наогул няма. А значыць, ёсць відавочныя праблемы з далучэннем да здаровага ладу жыцця. Але Чэрыкаў з нядаўняга часу да гэтай катэгорыі не адносіцца. Тут зроблена некалькі сучасных варкаўт-пляцовак з вулічнымі трэнажорамі, дзе могуць займацца нават людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Усе пляцоўкі злучаны веласіпеднымі маршрутамі. Ініцыятыва пад назвай «Выкарыстанне існуючых інфраструктур малых гарадоў для павышэння фізічнай актыўнасці насельніцтва з улікам інтарэсаў людзей з інваліднасцю» была рэалізаваная рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем «Беларускі саюз транспартнікаў» разам з інфармацыйна-кансультацыйнай установай «Садзейнічанне развіццю бізнесу». Партнёрамі сталі мясцовыя ўлады і раённы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр «Арыенцір». Чэрыкаўскі вопыт зацікавіў прадстаўнікоў улады ўсіх раёнаў вобласці.


Алег Дубовік прадстаўляе праект па здаровым ладзе жыцця.

Будзем мяняць звычкі

Клопат пра здароўе нацыі — прыярытэтная палітыка любой дзяржавы. Па статыстыцы, сёння ў 90 % выпадкаў прычынай смерці чалавека становяцца неінфекцыйныя захворванні. Гэта вынік маларухомага ладу жыцця, курэння, злоўжывання алкаголем, няправільнага харчавання.

— Каб паўплываць на гэтую сітуацыю, быў распрацаваны наш праект «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь», — кажа кіраўнік праекта Алег Дубовік. — Ён фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, САЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, тэрмін яго рэалізацыі — чатыры гады, да лістапада 2019-га. Мерапрыемствы праекта ўключаны ў дзяржпраграму «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека на 2016—2020 гады».

У рамках праекта плануецца рэалізаваць у Беларусі не менш за 20 ініцыятыў на агульную суму каля 800 тысяч еўра. Абавязковай умовай з'яўляецца сафінансаванне і з боку арганізацыі-заяўніка — у памеры не менш за 10 % ад сумы канкрэтнай ініцыятывы.

Ініцыятыў шмат не бывае

У Магілёўскай вобласці, напрыклад, акрамя чэрыкаўскай ініцыятывы, было падтрымана яшчэ тры — у Бабруйску, Магілёве і Магілёўскім раёне.

— Усяго ад Магілёўскай вобласці было пададзена 46 заявак, — паведаміла рэгіянальны каардынатар праекта па Магілёўскай вобласці Алена Катлярэўская.

У Бабруйску, напрыклад, гарадское грамадскае аб'яднанне «Маці супраць наркотыкаў» рэалізуе ініцыятыву «Звыч-
ка быць здаровым» на суму 46 850 еўра (сафінансаванне 9220 еўра). А ў Магілёве падтрымана ініцыятыва абласнога ўпраўлення МНС па аснашчэнні сучасным абсталяваннем абласнога адукацыйнага цэнтра бяспекі, які знаходзіцца ў Пажарным завулку. Яго адкрыццё плануецца ўжо 25 ліпеня. Шмат розных арганізацый прыцягнула і ініцыятыва «Тваё здароўе ў тваіх руках», якую рэалізавала ў аграгарадку Кадзіна Магілёўскага раёна грамадская арганізацыя «Здаровы выбар».

Усе ініцыятывы розныя і дэманструюць, што да мэты можна прыходзіць рознымі шляхамі. Напрыклад, у Кадзіне праводзіліся заняткі для падлеткаў па варкаўце і ўрокі па здаровым харчаванні. Па выніках зроблены восем відэаўрокаў па варкаўце і столькі ж па правільным харчаванні, якія сёння можна ўбачыць на YоuTubе.

Інфармацыйна-спартыўны комплекс у Чэрыкаве карыстаецца вялікім поспехам у насельніцтва.

Не на пустым месцы

У Чэрыкаве сучасныя спартыўныя пляцоўкі з'явіліся не на голым месцы. Тэарэтычна яны існавалі. Вось толькі стан іх, мякка кажучы, выклікаў спачуванне. Сёння ў іх зусім іншы выгляд. На гарадскім стадыёне, недалёка ад школы № 1 і каля гарадскога возера размешчаны 16 адзінак спартыўнага абсталявання — 6 варкаўт-комплексаў і 10 вулічных трэнажораў. Акрамя гэтага, на гарадскім стадыёне з'явіўся спартыўны комплекс РаrаWоrkоut, які дазваляе займацца на турніках інвалідам-калясачнікам. У дапамогу насельніцтву на кожнай пляцоўцы ўстаноўлены інфармацыйныя стэнды з комплексамі практыкаванняў на спартыўным абсталяванні.

— Мы не стваралі новую інфраструктуру, а абапіраліся на тое, што ўжо ёсць, інакш кажучы, развілі яе, — кажа Яўген Зуеў, кіраўнік інфармацыйна-кансультацыйнай установы «Садзейнічанне развіццю бізнесу». — Усе тры пляцоўкі аб'ядналі веласіпедным маршрутам. Сеў на велік, даехаў да першай пляцоўкі, пазаймаўся, паехаў да наступнай. Працягласць веласцяжынак звыш 1100 метраў, і яны закальцаваныя. Для заняткаў спортам умовы цудоўныя. Хацелася б, каб такі вопыт прымералі на сябе і іншыя раёны. Галоўнае, каб была падтрымка мясцовых выканаўчых органаў, дэпутатаў, мясцовых жыхароў — словам, каб існавала каманда, якая ў Год малой Радзімы хоча нешта зрабіць. Плюс — партнёры звонку.

Старшы інспектар аддзела адукацыі, спорту і турызму Чэрыкаўскага райвыканкама Алена Пелагейкіна вельмі ўдзячна ўстановам «Садзейнічанне развіццю бізнесу» і «Беларускі саюз транспартнікаў» за рэалізацыю ідэі.

— Мы гэтую ініцыятыву заяўлялі тры разы і рады, што яна нарэшце прайшла, — адзначае Алена Пелагейкіна. — У райцэнтры мала аб'ектаў, якія дапамагаюць развіваць фізкультуру і спорт, спартыўныя залы ёсць у асноўным пры школах, стадыёны абсталяваныя не зусім так, як хацелася б. І гэтыя пляцоўкі нам вельмі дапамаглі.

Быць здаровым — модна.

Абедзвюма рукамі за

«МС» ужо неаднаразова пісала пра тое, як актыўна дэпутаты Магілёўшчыны падтрымліваюць падобныя ініцыятывы. Чэрыкаўскі прыклад не выключэнне. Віктар Іванькоў, які на момант рэалізацыі ініцыятывы быў старшынёй Чэрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў, таксама садзейнічаў рэалізацыі карыснай ідэі:

— Малыя населеныя пункты ў адрозненне ад вялікіх абдзелены спартыўнымі пляцоўкамі, — кажа ён. — Насельніцтву няма дзе займацца спортам. Калі я быў старшынёй Верамейскага сельвыканкама, прыходзілася ў вёсках рабіць такія пляцоўкі з дапамогай насельніцтва, арганізацый і прадпрыемстваў. Але пра вулічныя трэнажоры там нават і размовы не ішло. Лічу, што за ініцыятывы, пад якія выдзяляюцца грошы, трэба хапацца абедзвюма рукамі

Сярод тых, хто прыехаў у Чэрыкаў па вопыт, быў і Віталь Поклад, намеснік дырэктара Касцюковіцкага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра:

— Мы хочам быць удзельнікамі падобных праектаў і ўжо адправілі адну нашу ініцыятыву на разгляд. Размова ідзе пра будаўніцтва лыжа-ролернай трасы ў папулярнай сярод мясцовых жыхароў зоне адпачынку райцэнтра Баравец. Ідэя ішла ад старшыні райвыканкама, і мы разам з яго намеснікам займаліся падрыхтоўкай ініцыятывы. Гэта добры спосаб зарабіць грошы на развіццё фізкультуры і спорту ў раёне.

— Мы летась рэалізавалі ініцыятыву па стварэнні некалькіх веламаршрутаў у Дрыбінскім раёне. З дапамогай ПРААН закупілі 20 веласіпедаў, якія можна браць любому ахвотнаму напракат і адпраўляцца на адпачынак, — падзяліўся вопытам дырэктар цэнтра фізкультурна-масавай і спартыўнай работы гарадскога пасёлка Дрыбін Віктар Фрыцлер. — Распрацаваны ў тым ліку шматдзённыя маршруты з месцамі прыпынкаў. Групы да 20 чалавек могуць адпраўляцца ў падарожжа на 1-3 дні. Такія ініцыятывы ва ўмовах бюджэтнага дэфіцыту вельмі карысныя, і мы стараемся пры магчымасці ў іх паўдзельнічаць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Трэба толькі захацець

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.