Вы тут

У сеціве з'явілася пародыя на песню ALEKSEEV'а


Пасля бойкі, як вядома, кулакамі не машуць. Аднак калі вельмі хочацца, то можна. Прынамсі так і зрабіў прадзюсар двух фіналістаў сёлетняга беларускага нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне» Аляксандр Слуцкі ў знак пратэсту супраць перамогі «легіянера» — украінскага спевака ALEKSEEV'а.


Аляксандр Слуцкі зняў і змясціў у сацыяльных сетках парадыйную кавер-версію песні «Forever». Замест высокатэхналагічнага касцюма з гнуткім экранам прадзюсар скарыстаў звычайную навагоднюю гірлянду з лямпачкамі, а ў рускамоўным тэксце не надта тонка намякнуў, што менавіта ён думае пра адбор і канкрэтна перамогу канкурэнта.

Прадстаўнікі Мікіты Аляксеева не выказалі ніякай рэакцыі на музычны тролінг і прадоўжылі падрыхтоўку да міжнароднага песеннага шоу. Артыст ужо наведаў Партугалію, дзе здымаюцца відэавізітоўкі ўсіх канкурсантаў (прадстаўніку Беларусі, дарэчы, выпала завесці механічны гадзіннік на ратушы, якая з'яўляецца адным з улюбёных турыстычных месцаў Лісабона). Таксама вялікімі сольнымі канцэртамі ў Баку і Кіеве распачаўся прома-тур спевака.

Між тым Еўрапейскі вяшчальны саюз, які праводзіў экспертную праверку песні ALEKSEEV'a на прадмет яе публічнага выканання раней дазволенага тэрміну (з-за гэтага якраз і разгарэўся скандал на нашым адборы), афіцыйна паведаміў Белтэлерадыёкампаніі, што парушэнняў правілаў не выяўлена. Такім чынам, спявак атрымаў афіцыйны дазвол прывезці на «Еўрабачанне-2018» сваю песню ў першым варыянце, які прагучаў на праслухоўванні ў студзені і значна больш падабаўся слухачам. Ва ўсякім выпадку, кліп на еўравізійную песню Аляксеева паглядзелі на YouTube ужо звыш 1,7 мільёна чалавек.

Усяго праз некалькі тыдняў адбудзецца традыцыйная сустрэча кіраўнікоў дэлегацый 42 краін — удзельніц сёлетняга «Еўрабачання», і пасля гэтага перайграваць што-небудзь у мелодыях, тэкстах або складзе выканаўцаў будзе нельга. Са сваімі прадстаўнікамі вызначыліся больш як 30 краін, у тым ліку нашы суседзі: Расію прадставіць спявачка з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі Юлія Самойлава, Украіну — крыху містычны разнавокі спявак Melovіn (на фота).

Значная частка білетаў на конкурсныя канцэрты, нягледзячы на кошт да 299 еўра (за білецік на фінал), ужо раскуплена. Сам жа конкурс, нагадаем, пройдзе ў Лісабоне з 8 да 12 мая гэтага года. Прадстаўнік Беларусі выступіць у першым паўфінале шоу, 8 мая.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Весткі з музычных палёў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?