Вы тут

Праз завею


Як да нас прыходзяць галоўныя ўрокі жыцця.

Аднойчы, даўно ўжо, у мінулым тысячагоддзі, мы з сяброўкай Светкай сядзелі на цёплай печы ў яе хаце і прыдумлялі гісторыі. У школу мы ў той дзень не пайшлі — за ноч намяло такія сумёты, што ўранку, адчыніўшы дзверы на двор, бабуля нічога акрамя белай сцяны перад сабой не ўбачыла. Бацькі сяк-так на працу ў суседнюю вёску вырашылі дабірацца, а малым высоўвацца са сваёй вуліцы забаранілі. Вецер недзе заблытаў, а можа, і парваў правады, таму ні тэлевізар, ні радыё на працавалі. Лыжы ды санкі таксама адмяніліся: завея забівала дыханне, кідаючы ў твар жмені калючага снегу. Мы не прыдумалі нічога лепшага, як, узбіўшыся на чарэнь, у паўзмроку таямнічым шэптам расказваць пра свае прыгоды, якіх насамрэч не было, але ж якіх так хацелася. Я, напрыклад, фантазіравала тады пра мора, на якім нібыта адпачывала летам. На моры я, канешне, ніколі да таго часу не была, але так захапілася, што, здавалася, бачу, якога колеру хвалі і адчуваю подых саланаватага ветру...


Мы не заўважылі, як у хату зайшоў сваяк Светчынага бацькі, дзядзька Багрым. Уладкаваўшыся ў кутку на канапе, ён зацікаўлена слухаў, што мы плялі ў натхненні сваёй летуценнай дзіцячай фантазіі. Зразумелі, што мы ў хаце не адны, толькі тады, калі пачулі: «Ну што, малеча, хочаце я вам гісторыю раскажу? Гісторыя цікавая і, галоўнае, праўдзівая, не тое што вашы казкі». Дзяцей у дзядзькі не было, жыў ён бабылём і вельмі любіў ваджацца з намі, прыходзячы да сваяка ў хату. То загадак назагадвае такіх, што галаву зламаеш, то песеннік стары прынясе і пачне з намі песні, якіх ужо даўно ніхто не спявае, развучваць. Сумна з ім дакладна ніколі не было, таму мы ў той дзень хуценька пасаскоквалі з печы, каб пачуць абяцаную гісторыю.

І дзядзька расказаў нам, як даўно, задоўга да нашага нараджэння, два хлопцы ўпадабалі адну і тую дзяўчыну. Але яна абрала трэцяга, калгаснага брыгадзіра. У іх нават і вяселле ўжо было назначана, але тыя двое, якім быў дадзены ад варот паварот, усё на нешта спадзяваліся — калі не на тое, што дзяўчына перадумае і шлюбаванне разладзіцца, дык на тое, што да вяселля з тым жа жаніхом штосьці можа здарыцца. Некалькі разоў ён атрымліваў ад няшчасных сапернікаў кухталёў — хлопцы пачалі нават сябраваць супраць яго.

Працавалі ўсе ў калгасе, у адной брыгадзе. Не хочаш, але ж мусіш. Зіма ў той год была паганая, спачатку дождж і галалёдзіца, а як на вясну паварочваць, дык тут табе і снег, і завіруха, і мароз пякучы. Калгас быў небагаты, сена скаціне да наступнай пашы не заўсёды хапала. Падкормлівалі рагуль галінкамі дрэў. Вось па гэтыя самыя галінкі і паехалі на запрэжаных санках шчаслівы жаніх і два ягоныя сапернікі. Паехалі далёка, кіламетраў за дванаццаць на новую лесасеку. Там дрэвы валяць і тралююць, галінкі проста пад нагамі і нікому не патрэбныя.

Яны ўжо нагрузілі тыя сані, але тут здарылася бяда. Паваленае дрэва, упаўшы, адпружыніла ад зямлі і наўскос заехала брыгадзіру камлём па галаве. Той нават войкнуць не паспеў. Хлопцы кінуліся яго ратаваць, везці да доктара. Але ж ехалі за блізкі свет, не вяртацца ж з пустымі рукамі. Хуценька абы-як накідалі тых галінак на сані, паклалі наверх непрытомнага брыгадзіра і кінуліся да вёскі. На вуліцы ўжо амаль сцямнела, мароз пакрапчэў, завея круціць пачала. А да дома кіламетраў дзесяць, і ўсе па пустым полі ды па ўзлесках.

Адкуль з'явіліся тыя ваўкі на самым пачатку іх шляху — невядома. Але конь іх пачуў раней, чым яго ездакі, рэзка рвануў з месца. З пустымі санямі — усе галінкі ад рэзкага тузання засталіся на снезе разам з людзьмі, што былі на іх.

Вось так яны і дабіраліся — па цемры, па марозе, сярод завірухі. Цягнучы на плячах немаленькага і нехудога саперніка, адбіваючыся ад ваўкоў. Тыя, галодныя і раз'юшаныя, што не дагналі каня, вярнуліся па больш лёгкую здабычу. Давялося спаліць бухгалтарскую кнігу, якая была ў брыгадзіра з сабой, і сёе-тое з адзення, каб адпуджваць драпежнікаў...

З той экспедыцыі ў лес усе вярнуліся жывымі-здаровымі. Нават у небаракі-жаніха хутка справы пайшлі на папраўку. Героі гэтай гісторыі моцна і надоўга пасябравалі. Брыгадзір так і не ажаніўся з прадметам іх увагі: пасварыліся за некалькі дзён да вяселля. Дзяўчына выйшла замуж зусім за іншага чалавека, сябры таксама з цягам часу знайшлі сваё шчасце. Такая вось простая гісторыя плюс хэпі-энд.

Я вось думаю: чаму яна, гэта гісторыя, так запала ў душу, што помняцца нават усе самыя дробныя дэталі, усе абставіны, пры якіх яна была пачутая. Напэўна, таму што ў свае восем гадоў вось так ненавязліва атрымала першы ў жыцці надзвычай важны ўрок. Аб тым, што кожны свой выбар робіць сам і нясе за яго адказнасць. Аб тым, што высакароднасць — гэта не архаізм з мінулага стагоддзя, што ёй, як і подзвігу, заўсёды знойдзецца ў жыцці месца. Аб тым, што няма нічога даражэйшага і важнейшага, чым жыццё чалавека...

Ці ёсць каму выкладаць гэты вельмі важны ўрок нашым дзецям? Самы час задумацца пра гэта менавіта цяпер, калі завывае за акном ледзяная сакавіцкая завея..

Алена ЛЯЎКОВIЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.