Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


«Дзеўкі» дурнога не параяць...

Гэта гісторыя з тых яшчэ, здаецца, памятных часоў, калі мяса і каўбас у крамах амаль не было, а вось ласі ды дзікі хадзілі ў лясах, можна сказаць, статкамі. Не дзіва, што паляўнічыя, пабраўшы ліцэнзіі, як манны нябеснай чакалі адкрыцця сезона і, здаралася, нешта здабывалі — прывозілі дамоў важкія заплечнікі амаль дармавых прадуктаў... Вядома ж, калі пашанцуе...

На гэта спадзяюцца, відаць, усе рыбакі і паляўнічыя. Таму і збіраюцца загадзя, таму і чакаюць выхадных.

...На тую нядзельку мясцовыя паляўнічыя падрыхтавалі ўсё — нават грузавік сабе «выпісалі», з самага ранку сталі «грузіцца» ў кузаў. Праўда, усёй брыгадай. Аднаго з аматараў не было, бо ён акурат у гэтую ж гадзіну, праклінаючы ўвесь белы свет (а найбольш сваю жонку і цешчу), ехаў да апошняй пераворваць бульбу. Нейкі мяшок яе, падняты з зямлі, ды тое клятае бульбянішча — на думку гэтых злых жанчын — былі нашмат важнейшыя за ягонае паляванне!

У выніку абураны (ды што там — можна сказаць, згвалтаваны!) паляўнічы сяк-так пераараў агарод — падрыхтаваў зямельку да зімовых канікулаў.

Пасля гэтага не абышлося, вядома ж, без цешчыных бліноў, без добрай чаркі і скваркі. Аднак настрой у зяця ўсё адно не палепшыўся. Усю дарогу да аўтастанцыі ён ішоў услед за жонкай ды бэсціў яе, яе маму, бульбу ды гарод самымі апошнімі словамі...

У гэты самы час і ягоныя сябры паляўнічыя не лепш пачуваліся, бо ў ранішнім тумане, з першай жа «загонкі», адным неабачлівым стрэлам напавал завалілі... карову.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што адбылося гэта непадалёк ад лясной вёсачкі, што расфарбоўка ў рагулі была падобная да ласінай... Але ж ні паляўнічым, ні гаспадарам карміліцы ад таго не лягчэй.

Разам бедавалі, разам думалі, што ж далей рабіць?

Сышліся ўрэшце на тым, што ўдзельнікі палявання тушу вось гэтай, «старой» каровы забяруць сабе, а гаспадарам, як той казаў, «кампенсуюць страты» — скінуцца на куплю новай.

Прыняць такое рашэнне было нялёгка, грошы аддаць (а тым больш кожнаму ў памеры амаль месячнага заробку!) — куды цяжэй. Гэта — па-першае, па-другое — гэта ж сораму колькі! Бліжэй да вечара ўсё мястэчка толькі і гаварыла, што пра іх «удалае» паляванне, нечаканы трафей ды тое, за колькі яго здалі на мясакамбінат...

Карацей, хапіла паляўнічым: «запілаваныя» жонкамі, яны некалькі тыдняў хадзілі змрочныя да пачарнення...

І толькі Васілю ў той час было лягчэй. Ён упершыню, здаецца, быў задаволены, што ягоныя «дзеўкі» (жонка з цешчай) прымусілі яго пераворваць бульбу.

Іван Сіманёнак, г. Паставы


На чужы каравай вачэй не парывай

Па сваім прызначэнні печ у нашай вясковай хаце была ўніверсальная. Па-першае, у ёй гатаваліся розныя няхітрыя стравы, па-другое, у сезон там сушыліся крамяныя баравікі, нанізаныя на тонкія дубчыкі, па-трэцяе, яна служыла пякарняй: мама сама ўчыняла- замешвала цеста, камякі яго на драўлянай лапаце акуратна ставіла на прагрэты под і гадзіны праз дзве даставала — у выглядзе пахкіх духмяных хлябоў...

Было ў печы яшчэ адно прызначэнне: яна лячыла. Старэйшым сямейнікам — спіны ды паясніцы, а нам, малым, — прастуду. Бывала, нагуляемся на замерзлай рачулцы, дамоў прыбяжым, — маці камандуе: «А ну марш на печ!» Залезеш, а там...

Людзі праўду кажуць: «Няма лепшай рэчы, як дома на печы».

Але ж і гэта не ўсе яе функцыі: чарговай і немалаважнай было тое, што зімой, як толькі пачыналі даймаць маразы, маці ўносіла ў хату азяблых курэй, запіхвала іх у цёплы падпечак ды закрывала заслонкай. Здаралася, некаторыя з чубатак там неслі яйкі. Даставаць іх даручалася найспрытнейшаму і найдрабнейшаму — майму меншаму брату. Але ж аднойчы...

У час вайны ў нашай вёсцы размяшчаўся варожы гарнізон. Узначальваў яго камендант, які даручыў старасту хадзіць па хатах і збіраць для служывых яйкі.

Загад ёсць загад, той збіраў — часцяком насіў іх поўным кашом. Але ж і яго, відаць, не хапала. Таму асобныя з немцаў часам выпраўляліся на промысел самі. Ледзь не з парога заяўлялі тады: «Матка, яйкі!», і жанчыны — нідзе ж не дзенешся — мусілі аддаваць...

Неяк у разгар зімы адзін з такіх «галодных» немцаў уваліўся да нас у хату, загадаў сваё заўсёднае:

— Матка, яйка!

Мама ў адказ:

— Ніхт яйка... Зіма... Не нясуцца куркі!

А тыя, як на ліха, з падпечка голас падаюць...

Немец пачуў, зразумеў, адкуль гэты гук, скінуў шынель і... у падпечак.

Хто ведае, можа, там бялелася штось, і ён дацягнуцца хацеў... Карацей, досыць далёка ўціснуўся. Перапалохаў курэй, яны сваім гвалтам ледзь печ не разнеслі!

Немец, бачым, спалохаўся, стаў назад адпаўзаць... А вылез, на ногі стаў, — страшыдла-страшыдлам: адзенне ў пер'і, у пыле, у курыным памёце... Злы як гад... За пісталет хапаецца... Мама ледзь яго супакоіла, адправіла з хаты.

Вось тады мы, малыя, ужо і «адарваліся» — рагаталі да слёз! Старэйшы брат нават рыфмаванку прыдумаў: «Матка, яйка, матка, шпэк, я галодны чалавек»...

На што мама, помню, сказала, што людзі (чалавекі) вось так, як гэты немец, ніколі не робяць.

Віктар Несцяровіч, г. Лагойск


Развітанне з... пячаткай

Заўважана, што найбольш пра чалавека гавораць у чатырох выпадках: калі з'яўляецца на свет Божы і калі яго пакідае, калі займае нейкую пасаду і калі яго адтуль...

Ну бывае, што там казаць. Разумных, строгіх і сумленных кіраўнікоў тады шкадуюць, грубых ды фанабэрыстых, з кагорты «не дай бог свінні рог», праводзяць з палёгкай: ну нарэшце, маўляў...

Пра аднаго з вось такіх мне расказаў знаёмец, які ўсё сваё жыццё працаваў шафёрам — вазіў розных начальнікаў. Пачынаў са старшынь калгасаў, потым, калі можна так казаць, падымаўся па службовай лесвіцы трохі вышэй... Што, дарэчы, не дзіва, бо справу сваю чалавек любіў і ведаў як «Ойча наш», звычкі мянціць языком (гэта на яго «пасадзе», можа, не менш цанілася) ніколі не меў... Праўда, пакуль працаваў, а вось калі пайшоў на заслужаны адпачынак, стаў што-нішто выдаваць па сакрэце. Мне найбольш спадабалася гісторыя пра яго апошняга начальніка, які, у прыватнасці, лічыў сябе ўладаром не толькі давераных яму ўгоддзяў, але і... людзей, што на іх працавалі: спецыялістаў перастаўляў, як пешак на шахматнай дошцы, так званых простых людзей зусім у разлік не браў. Калі ж нехта пачынаў абурацца, казаў коратка: «Вунь бог, а вунь парог...» Ніхто, маўляў, не трымае.

Была ў гэтага начальніка і яшчэ адна слабіна: падабаліся яму маладыя прыгожыя жанчыны — ніводнай не прапускаў, каб не падміргнуць з далёкім прыцэлам (а раптам клюне, як рыба на кручок), каб не пакласці руку на плячо ці талію, каб не прытуліць.

Асобныя з маладзіц гэта зносілі, а вось адна «прытуліла» яго так, што аж акуляры на падлогу зваліліся.

...Відаць, не з-за гэтага (іншых прычын таксама хапала), але шэфа таго скінулі з пасады — «папрасілі» з кабінета.

Расказвалі, што сабраў бядак свае рэчы, паставіў на стол недапітую бутэльку каньяку, апошні раз апусціўся ў сваё начальніцкае крэсла.

Сядзеў там — чарнейшы за навальнічную хмару (ведама, апошні раз!), з горла піў ды з пячаткай размаўляў: сціскаў яе ў далоні ды «прыгадваў»:

— Я ж з табой «дарагі» быў, «шаноўны» — госць... На любой бяседзе!.. Колькі вяселляў адгуляў, колькі карпаратываў! Куды ні пазваню, дзе ні пайду, — усе дзверы адчынены: «Калі ласка, Іван Іванавіч! Для вас, Іван Іванавіч! Няма праблем...» А зараз хто я такі — без пячаткі? Ды ніхто ж: нуль без палачкі!

На гэтым слове шэф падышоў да акна, адчыніў яго насцеж і з усяго размаху шпурнуў пячатку некуды ў двор.

Потым яе доўга шукалі і ледзьве знайшлі.

Што ні кажы, а цяжка расставацца з пасадай.

Цяжэй, мусіць, толькі адпавядаць ёй — заставацца чалавекам, апраўдваць надзеі людзей.

Ніна Бурко, Бярэзінскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.