Вы тут

Як маленькая аб'яўка ў інтэрнэце дапамагла маладой сям'і


Здаецца, тыповая сітуацыя, калі чалавек на нейкі час апынуўся ў шэрагу беспрацоўных, а пошукі новага вакантнага месца зацягнуліся. Але адна справа, калі цябе ў такі час могуць падтрымаць блізкія, і зусім іншая — калі разлічваць няма на каго. Як выжываюць хлопцы і дзяўчаты, якія выраслі без бацькоў, не паспелі абзавесціся неабходнымі сацыяльнымі сувязямі, ды ў дадатак часта не маюць такой адукацыі, як іх равеснікі з поўных сем'яў?


Пакуль іх «дамашнія» аднагодкі яшчэ пад крылом мамы і таты «вызначаюцца з будучай прафесіяй», былыя выхаванцы дзіцячых дамоў ужо пачынаюць здабываць уласны хлеб. Але канкурыраваць такім маладым людзям на рынку працы цяжка не толькі з-за юнага ўзросту. Часта на іх толькі за тое, што нарадзіліся ў «дрэнных» сем'ях, навешваюць ярлыкі «непаўнавартых». Чаму ўвесь час, калі заходзіць гаворка пра сірот, усе ўспамінаюць прымаўку пра «яблык ад яблыні»? А можа, хопіць раскручваць адзін і той жа міф пра сапсаваныя гены і агулам усіх запісваць альбо ва ўтрыманцаў, альбо у патэнцыйных злодзеяў. Давайце паспрабуем падыходзіць да праблем сірот па-іншаму — не праз асуджэнне, а праз падтрымку, падказку, увагу.

Ёсць праблема...

Днямі выпадкова звярнула ўвагу на адну з аб'явак у сацыяльных сетках. Дзяўчына напісала, што мяняе сукенкі на дзіцячае харчаванне, ды дадала, што збірае прадукты для 10-месячнага дзіцяці сваіх маладзенькіх суседзяў. Маўляў, пара ледзьве зводзіць канцы з канцамі, галава сямейства ўжо некалькі месяцаў не можа знайсці работу. І ў першы ж дзень каля сотні каментарыяў на такі маленькі допіс!

Розныя людзі гатовыя былі перадаць дзіцячыя кашкі-пюрэшкі, набыць памперсы, цікавіліся, чым яны могуць яшчэ быць карысныя. А маладая сям'я, для якой усё гэта збіралася, спачатку нават і не здагадвалася, што нехта ўжо ламае галаву над яе праблемамі. Зварот па дапамогу інтэрнэт-суполкі быў выключна ініцыятывай іх суседкі.

Я раздабыла адрас і напрасілася ў госці да сужэнцаў. Першае ўражанне, нібы дзверы мне адчыніла Дзюймовачка з немаўляткам на руках — такая Даша тоненькая, далікатная, ды яшчэ пры невысокім росце, ніяк не верыцца, што гэта не падлетак, а маладая мама. Дзяўчына падзялілася, наколькі іх сям'я расчулена тым, што зусім незнаёмыя, але неабыякавыя людзі перадаюць гасцінцы малой, аддаюць дзіцячыя цацкі і адзежу, з якіх выраслі іх дзеткі. «Але для нас самае галоўнае зараз — знайсці работу для Дзяніса, ён ездзіць усюды, а нідзе не бяруць. Праглядае вакансіі, прыбывае на месца, а высвятляецца, што туды ўжо людзей набралі. Ходзіць па розных установах, магазінах. Ён жа ніякай працы не цураецца».

— Я магу касіць траву, працаваць на аўтамыйцы і рамантаваць трактары (у мяне прафесія слесар-трактарыст), пайшоў бы і на будоўлю, але там цяпер зацішша. Кажуць чакаць да вясны, — падключаецца Дзяніс. Хлопцу — 22 гады. Калі няма пэўнай адукацыі і вопыту, знайсці работу, аказалася, не так проста, таму ён пагаджаўся і на часовую занятасць, працаваў у розных арганізацыях па дагаворах падраду. І ўжо паспеў паспрабаваць сябе ў розных ролях на рынку працы. Быў і грузчыкам, і падсобным рабочым, займаўся добраўпарадкаваннем, напрыклад, на такім аб'екце, як «Вялікі камень», не адмаўляўся і ад розных дробных падпрацовак: аб'яўкі расклеіць, мэблю перацягнуць, шпалеры паклеіць.

Пакуль я гутару з маладымі бацькамі, з маленькай Веранічкай няньчыцца зводны брат Дзяніса — Вадзім, ён прыдумляе малой нейкія гульні, носіць на руках і ўсё ласкава папракае «Вой, якая ж ты гарэза».

Малая перабіраецца на калені да маці, а Вадзік далучаецца да размовы:

— Я ж таксама шукаю работу. Шкадую, што звольніўся з крамы, дзе працаваў грузчыкам. Але былая жонка ўвесь час папракала мяне за невялікі заробак. Я не п'ю, не гуляю, не прагульваю, у мяне ў працоўнай кніжцы ніводнага артыкула. Трэба на работу было выйсці ў святочны дзень, напрыклад 31 снежня ці 1 студзеня, — заўсёды тэлефанавалі мне. Спрабаваў вярнуцца на старое месца, але яно ўжо занятае. У іншыя магазіны прасіўся, паглядзяць, што худы, і адмаўляюць, быццам думаюць, што развалюся, а я вельмі моцны, магу такія мяхі на спіну ўскінуць, што не кожнаму пад сілу. Часам прыязджаю ўладкоўвацца, але, як толькі запоўню анкету, адмаўляюць. У газетах часта вакансіі «пустыя», людзей на іх ужо набралі. А камп'ютара, каб праз яго шукаць месца, у мяне няма. Таму і перабіваюся пакуль часовымі заробкамі. Напрыклад, у «Камунарку» ўладкоўваўся на навагоднюю праграму, на будоўлі падзарабляў, быў дарожным рабочым. Кажуць, пра нас, што мы не хочам нікуды ўладкоўвацца. Няпраўда! Дайце мне месца, я адразу пайду працаваць, хоць снег чысціць. Днямі хадзіў у ЖЭС прасіцца, але мне сказалі, што ў іх калектыў ужо склаўся... Я ж і Дзянісу, калі атрымліваецца падзарабіць, стараюся дапамагчы. Так, пэўны час мне шанцавала з работай. Я і прадукты ім купляў. За святло плаціў. Калі папросяць, прыязджаю з малой пасядзець. Зараз Дзяніс паклікаў паглядзець, што ў іх з дзіцячай каляскай не так. Выявіліся праблемы з калёсікамі, яны злятаюць.

— Часам паміж роднымі братамі такіх адносін няма, а вы — зводныя! Хлопцы, вы — цуд.

— Ён маладзейшы, як я яго пакіну? Мы ж раслі разам, ён мне сапраўды як родны брат, і я яго ні ў якую крыўду не дам. Хоць ніякіх кроўных сувязяў у нас няма, — тлумачыць Вадзім. — Мы проста разам выхоўваліся ў дзіцячым доме сямейнага тыпу. У кожнага дзіцяці, перш чым патрапіць туды, свая гісторыя. Я сірата з двух гадоў. Мой бацька забіў маці, а пасля і яго не стала. Дзяніса бралі ў прыёмную сям'ю, а пасля вярнулі...

Даша з Дзянісам тым часам пакармілі малую. І я пераключаюся на сужэнцаў: «Атрымліваецца, зараз ваша сям'я жыве на адну дзіцячую дапамогу?»

— І большасць з яе сыходзіць на кватэру. Акрамя камунальных плацяжоў, нам трэба выплачваць прыватызацыю, — тлумачыць Дзяніс. — Мае бацькі былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, гэтую кватэру ў іх забралі, яна лічылася «антысанітарнай». А калі яна дасталася мне, спатрэбілася шмат часу, каб прывесці яе ў парадак. Рамонт рабілі, зразумела, сваімі рукамі.

Аглядаю пакойчык, ён чысценькі і акуратны. Цеснавата, канешне, але тыя, у каго ёсць немаўля, адразу ўспомняць, як не хапае плошчы, калі ўся прастора занята рэчамі для дзіцяці — ложкам, крэслам, манежыкам.

— Далей усе грошы ідуць на Веранічку, — працягвае справаздачу пра сямейныя выдаткі Даша. — Шмат сыходзіць на памперсы. Дарагое і дзіцячае харчаванне. Зразумела, кансервы з трусам мы малой не набываем, але з ялавічынай, курыцай бяром. Зараз суседка столькі каш і іншых прысмакаў Веранічцы прывезла. Хоць банкет на ўвесь свет рабі!... А ўжо сабе з прадуктаў мы набываем па мінімуме.

— Маладыя людзі, вы ж такія худыя. Самі калі апошні раз мяса елі?

— Ну... учора, — замялася Даша. — Не, вы не думайце, мы і катлеты робім, кашы, макарону варым. У мяне проста такі целасклад...

«Так, у мяне з сабой ёсць трыццаць рублёў, зараз з вамі выбіраемся ў краму па прадукты», — камандую я, сужэнцы доўга аднекваюцца, удалося іх угаварыць, толькі калі сказала, каб лічылі, што гэта ганарар за матэрыял, які мы цяпер робім...

Не назаву сябе марнатраўніцай, але ў гэтай дзяўчыны мне б яшчэ павучыцца беражлівасці. Яна ўважліва вывучае цэны на этыкетках, выбірае самыя танныя прадукты, а ў бок якіх ласункаў наогул не глядзіць. Даша затрымліваецца толькі каля прылаўкаў з самым неабходным: тварог і сумесь Веранічцы, хлеб, фрукты. Калі кладзе ў кошык два яблыкі, я цікаўлюся, чаму ж так мала.

— Ну, я малой... А мы самі як-небудзь абыдземся...

Тым часам спрабую высветліць, ці ёсць нехта са старэйшага пакалення, хто нейкім чынам дапамагаў бы маладым людзям.

— Мая бабуля на работу нават уладкавалася, каб мне хоць калі дапамагчы. Але для мяне самае галоўнае, каб у мужа была пастаянная работа. За намі ж сочаць органы апекі і кажуць, калі ён не знойдзе работу, будуць разглядаць пытанне аб лёсе малой. Я так баюся, каб яе не забралі. Яна для мяне ўсё...

Дзяўчына ведае, што такое адчуць сябе адзінокай. Яна была малой, калі бацька сышоў з сям'і, маці «зламалася», пачала выпіваць, разглядалася пытанне аб пазбаўленні яе бацькоўскіх правоў, а Дашу тады на нейкі час забралі ў прытулак, праўда, пасля вярнулі...

— Даша, калі б людзі вам захацелі нешта перадаць, што б ты папрасіла?

— Развіваючыя цацкі для Веранічкі, каб знаёміць яе з колерамі, формай, трэніраваць пальчыкі, кніжкі з цвёрдай вокладкай, фітбол, каб мы з малой на ім гімнастыку рабілі...

Ёсць рашэнне

...Маленькая аб'яўка ў інтэрнэце можа змяніць многае. Ужо праз некалькі дзён Дзяніс і Вадзік знайшлі работу. У Дашы халадзільнік застаўлены дзіцячым харчаваннем. А яшчэ гэта аб'яўка аб'яднала людзей, што на яе адгукнуліся. Яны працягваюць зносіны, а нядаўна па вайберы прыйшло прывітанне ад Дашынай суседкі: « Не губляйцеся, ёсць і іншыя людзі, якім усе разам мы здольныя дапамагчы».

Да падобных валанцёрскіх ініцыятыў (а яны часта «засвечваюцца» ў інтэрнэце) можа далучыцца любы ахвотны. Насамрэч, не заўсёды, для таго каб дапамагаць, патрэбны грашовыя ахвяраванні — можна перадаваць адзенне і рэчы, кнігі, мыючыя сродкі. Нават калі вы абнаўляеце інтэр'ер, старую мэблю і тэхніку можна перадаць, напрыклад, тым жа выпускнікам дзіцячых дамоў, маламаёмным сем'ям. Знойдзецца запатрабаванне і вашым уменням, напрыклад, калі вы ўдзельнічаеце ў самадзейнасці ці можаце правесці розныя майстар-класы, перавезці нешта.

Трэба сказаць, што сёння ў Беларусі дзейнічае і шэраг дабрачынных грамадскіх арганізацый, якія гатовы дапамагчы людзям, што патрапілі ў няпростую сітуацыю. Яны аказваюць псіхалагічную ці юрыдычную падтрымку, перадаюць прадуктовыя наборы і рэчы для дзяцей. І, што не менш важна, займаюцца навучаннем і працаўладкаваннем, прымаюць захады да таго, каб людзі навучыліся самі спраўляцца з праблемамі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Падарункі для Веранічкі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.