Вы тут

Найбольш тытулаваныя параалімпійцы Беларусі


Ядвізе Скарабагатай сёлета споўніцца 50, яна з'яўляецца самым дасведчаным членам беларускай каманды параалімпійцаў. Гульні ў Сочы ў 2014 годзе для спартсменкі былі пятымі па ліку, там яна паднялася на п'едэстал на чацвёртай Параалімпіядзе запар. У Расіі Ядвіга стала бронзавым прызёрам у спаборніцтвах па лыжных гонках (15 км класічным стылем сярод жанчын з парушэннем зроку).

Адзначым, што толькі на сваёй першай Параалімпіядзе, у Нагана-1998, спартсменка засталася без медаля, спыніўшыся за крок ад яго (4-е месца ў лыжнай гонцы на 5 км). А ў далейшым беларуска станавілася пастаянным удзельнікам медальных цырымоній. У Солт-Лэйк-Сіці-2002 яна стала чэмпіёнкай у лыжнай гонцы на 5 км і заняла другое месца ў лыжнай гонцы на 10 км вольным ходам. У Турыне-2006 дадала ў сваю скарбонку «серабро» ў гонцы на 15 км і «бронзу» ў гонцы на 10 км. У Ванкуверы двойчы ўздымалася на трэцюю прыступку п'едэстала — у лыжнай гонцы на 15 км
і ў лыжнай эстафеце.

Акрамя лыжных гонак Ядвіга Скарабагатая выступае яшчэ і ў біятлоне, у адным са сваіх інтэрв'ю спартсменка расказала, як людзі з парушэннямі зроку спаборнічаюць на агнявых рубяжах. «Страляем на гук. На агнявым рубяжы надзяваеш навушнікі і ўважліва слухаеш. Калі гук найбольш тонкі — ціснеш на курок. Адгадаў — значыць, трапіў у мэту. Не — паехаў на штрафныя кругі».


Васіль Шапцябой сёлета адправіўся ўжо на сваю восьмую Параалімпіяду, у яго скарбонцы сёння ёсць узнагароды Гульняў усіх якасцяў. Да таго ж за плячыма спартсмена ўдзел не толькі ў зімовых Параалімпійскіх гульнях, але і ў летніх.

Васіль пачынаў сваю кар'еру з лёгкай атлетыкі, ён захапіўся гэтым відам спорту, калі вучыўся ў школе-інтэрнаце для дзяцей са слабым зрокам у Маладзечне. У 1999 годзе наша параалімпійская чацвёрка (у складзе якой быў і Шапцябой) заваявала эстафетную «бронзу» ў бегу на 400 метраў на чэмпіянаце Еўропы і паўтарыла гэты поспех на Параалімпіядзе ў Сіднеі ў 2000-м. Потым Васіль «перакваліфікаваўся» ў веласіпедысты, выступаў удала: у Афінах у 2004-м заваяваў залаты медаль у гонках на тандэме.

Пасля гэтага трэнеры прапанавалі Шапцябою паспрабаваць сябе ў лыжах і біятлоне. Спачатку Васіль сумняваўся, што з яго атрымаецца «страляючы лыжнік», бо для слабавідушчых атлетаў у гэтым відзе спорту занадта шмат нюансаў. Аднак цяжкая трэніровачная работа прынесла свой плён, спартсмен неўзабаве пачаў заваёўваць узнагароды на этапах Кубка свету, а потым і на Параалімпійскіх гульнях. У 2006 годзе ў Турыне ён атрымаў «серабро» і «бронзу» ў лыжных гонках, а ў 2008 годзе ў Ванкуверы двойчы стаў трэцім: у лыжных гонках і біятлоне, у 2014 годзе ў Сочы Шапцябой прынёс беларускай зборнай дзве бронзавыя ўзнагароды ў біятлоне.


Людміла Ваўчок, напэўна, самая медыйная асоба з беларускіх параалімпійцаў, яе гісторыю ведаюць многія суайчыннікі. Першапачаткова спартсменка спрабавала сябе ў штурханні ядра, паўэрліфтынгу, танцах на інвалідных калясках, аднак сутыкнулася з перашкодамі з праездам на трэніроўкі. Таму, калі трэнеры прапанавалі Людміле заняцца лыжнымі гонкамі на санках, яна доўга адмаўлялася, але ўсё ж такі праз нейкі час дала станоўчы адказ. Акрамя зімовых відаў спорту Ваўчок мела поспех яшчэ ў адаптаваным веславанні, у якім выступала на летніх Параалімпійскіх гульнях.

Цяперашняя Параалімпіяда стане для Людмілы восьмай, сёння спартсменка ўжо з'яўляецца двухразовай чэмпіёнкай Параалімпійскіх гульняў у лыжных гонках (Турын-2006 і Ванкувер-2010), таксама ў яе актыве чатыры сярэбраныя ўзнагароды (тры заваяваныя ў лыжных гонках і адна ў веславанні).


Дзмітрый Лобан таксама не ў першы раз выйдзе на найважнейшы старт для параалімпійцаў. Амаль 15 гадоў таму страціўшы ў выніку няшчаснага выпадку абедзве нагі, хлопец не здаўся, а неўзабаве пасля трагедыі пачаў займацца танцамі на інвалідных калясках і праз час нават стаў чэмпіёнам Беларусі.

Затым Дзмітрый перайшоў да гонак на інвалідных калясках, у якіх таксама стаў наймацнейшым у краіне. Аднак свой самы яркі спартыўны талент ён раскрыў у лыжных гонках. У 2009 годзе Лобан стаў уладальнікам «Сярэбранага глобуса» за другое месца ў агульным заліку этапа Кубка свету ў Канадзе, а ў 2010-м перамог на этапе Кубка свету ў Францыі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».