Вы тут

Як прайшла цырымонія прыняцця ў прававеды


Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь супрацоўнічае з 48 установамі адукацыі па ўсёй краіне. Адна з іх — сярэдняя школа № 96 г. Мінска. Ужо восем гадоў тут набіраюць старшыя профільныя класы прававой накіраванасці. А ў гэтым годзе ў школе вырашылі правесці эксперымент і пачаць прафарыентацыйную працу ўжо з 5 класа. Напярэдадні Дня міліцыі адбылася ўрачыстая цырымонія прыняцця хлопцаў і дзяўчат у прававеды.


Як расказала дырэктар ДУА «Сярэдняя школа № 96 г. Мінска» Ганна КАРПУК, падобная ініцыятыва грунтуецца на тым, што профільныя класы вельмі добра сябе зарэкамендавалі. І галоўная задача не толькі падрыхтаваць выпускнікоў да паступлення ў профільныя ВНУ, але і выхоўваць дзяцей у межах маральных традыцый, з ранняга ўзросту прывіваць ім паняцці гонару і годнасці. Падобныя імкненні цалкам падтрымліваюць і бацькі школьнікаў.

Пакуль дадатковыя заняткі праходзяць у фармаце факультатыву, праграма якога падзелена на некалькі этапаў і разлічана на тры класы: з 5-га па 7-ы. Па словах кіраўніка заняткаў, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Надзеі ГАНЧАРОВАЙ, зараз вучні знаёмяцца з паняццем права, разбіраюць, у чым заключаюцца правы ў калектыве, якія асаблівасці мужчынскіх і жаночых правоў, падрабязна спыняюцца на паняцці дружбы як маральнай асновы ўзаемаадносін. Нярэдка ў правядзенні заняткаў дапамагаюць ужо добра знаёмыя з тэмай вучні старшых профільных класаў.

З часу заключэння ў 2010 годзе чатырохбаковага дагавора аб супрацоўніцтве паміж упраўленнем адукацыі Фрунзенскага раёна, сярэдняй школай № 96, Фрунзенскім РУУС і Акадэміяй МУС усе яго ўдзельнікі цесна ўзаемадзейнічаюць адзін з адным. Так, вучні школы заўсёды прымаюць удзел у міжрэгіянальнай алімпіядзе па праве «Феміда», якая праходзіць у Акадэміі МУС — яна лічыцца адной з галоўных падзей года. У самой школе праводзяць тыдні прававых ведаў, адзначаюць тэматычныя святы, арганізоўваюць сустрэчы з прадстаўнікамі розных падраздзяленняў міліцыі, ветэранамі.

І гэта работа прыносіць свае станоўчыя вынікі. Як адзначыў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Фрунзенскага РУУС г. Мінска падпалкоўнік міліцыі Сяргей КАРПОВІЧ, правапарушэнні сярод вучняў 96-й школы практычна адсутнічаюць. На думку падпалкоўніка міліцыі, ініцыятыву неабходна развіваць і падтрымліваць, бо самі падлеткі не толькі імкнуцца быць прыстойнымі грамадзянамі, але і падаюць добры прыклад сваім аднагодкам.

Падчас цырымоніі прыняцця ў прававеды школьнікі атрымалі свае першыя шэўроны. Прысутныя на свяце ветэраны міліцыі выказалі гатоўнасць падзяліцца неабходным вопытам і надзею, што многія з вучняў у будучыні папоўняць шэрагі супрацоўнікаў праваахоўных органаў. І абсалютна ўсе, хто казаў віншавальнае слова, сыходзіліся на думцы, што галоўнае, каб юныя прававеды выраслі годнымі людзьмі.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: «Галоўнае — вырасці годнымі людзьмі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».