Вы тут

Чым вядомая самая вялікая школа Мастоўскага раёна


Візітнай карткай Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета без перабольшання можна назваць народны музей баявой славы. У 2015 годзе ён заняў другое месца ў рэспубліканскім конкурсе музеяў устаноў адукацыі, а зусім нядаўна адзначыў свой шасцідзесяцігадовы юбілей. Часта наведваюць яго госці з іншых краін: ЗША, Нарвегіі, Славакіі, Ізраіля, таму і надпісы тут на дзвюх мовах — беларускай і англійскай. Гасцям цікава, бо ў правядзенні экскурсіі ёсць свая адметнасць...


Ды­рэк­тар шко­лы Вік­тар ЧЭР­НІК  у му­зеі з вуч­ня­мі.

Дарэчы, доўжыцца экскурсія ўсяго 15 хвілін, затое наведвальнікам падаюцца факты, якія надоўга застануцца ў памяці. Але галоўнае нават не гэта, а тое, што гасцей сустракаюць сапраўдныя гістарычныя персанажы: яцвягі, Бона Сфорца, пан Ябланоўскі, яўрэі, якія складалі асноўную частку жыхароў мястэчка Лунна з XVІ стагоддзя. Разглядаючы прыгожыя касцюмы і слухаючы бойкае апавяданне, на хвіліну нават забываеш, што перад табой школьнікі. Тут жа можна пазнаёміцца з побытам нашых продкаў — у музеі прадстаўлена хатка канца XІX — пачатку XX стагоддзяў. І, вядома, вельмі багатая экспазіцыя, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне. Завяршаецца экскурсія прэзентацыяй сённяшняга дня Лунненскага краю. Педагогі школы падрыхтавалі і выпусцілі кнігу «Повязь часоў, пакаленняў, традыцый», у якой выкарыстаны матэрыялы музея. Багатая гісторыя лунненскай зямлі дае магчымасць атрымліваць перамогі ў конкурсах, навукова-практычных і краязнаўчых канферэнцыях. У лютым гэтага года работа «Жылая забудова мястэчка Лунна ў канцы ХІХ — першай трэці ХХ ст.» адзначана дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на канферэнцыі даследчыцкіх работ па гісторыі.

У гэтай вучэбнай установе і педагогі, і вучні — усе імкнуцца да паспяховасці, на гэта нацэльвае дырэктар школы Віктар ЧЭРНІК, які ўзначальвае яе ўжо на працягу 30 гадоў. Зараз, напрыклад, музычная студыя «Фартуна» рыхтуе гадзінную канцэртную праграму, каб мець магчымасць атрымаць званне ўзорнай. Раённы этап конкурсу «Таленты Прынямоння», які прайшоў гэтай зімой, гэтаму падцвярджэнне: усе прадстаўленыя шэсць музычных нумароў сталі прызёрамі.

Вуч­ні шко­лы да­паў­ня­юць экс­па­зі­цыю му­зея тэ­ат­ра­лі­за­ва­ным вы­ступ­лен­нем.

Асаблівая ўвага ў школе ўдзяляецца спартыўнаму выхаванню. Сам дырэктар у мінулым прафесійны футбаліст, суддзя нацыянальнай катэгорыі, зараз інспектар найвышэйшай лігі. На стадыёне Лунненскай сярэдняй школы пачаў спартыўны шлях і яго сын Сяргей — гулец нацыянальнай зборнай па футболе.

Віктар Мечыслававіч прызнаецца: і дзеці, і настаўнікі матываваныя, таму што ўсе дасягненні добра заахвочваюцца. Калі вучань стаў выдатнікам або заваяваў прызавое месца на алімпіядзе, навукова-практычнай канферэнцыі ці ўвайшоў у дзясятку найлепшых спартсменаў школы, — за ўсё гэта ён атрымлівае матэрыяльны бонус. Пастаянна ў школе праводзіцца акцыя «Адходы — у даходы», па выніках якой на навагодніх святах матэрыяльна заахвочваюцца вучні, якія выканалі план па здачы металалому і макулатуры. І колькасць узнагароджаных з кожным годам павялічваецца (калі чатыры гады таму было 20 навучэнцаў, то зараз — 63). Кіраўнік установы задаволены такімі вынікамі і лічыць, што гэта яшчэ далёка не мяжа.

Загаловак у газеце: Знаёмства з яцвягамі і Бонай Сфорца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».