25 Май, пятніца

Вы тут

Чым прываблівае музей МУС?


Нягледзячы на тое, што мінскаму музею міліцыі крыху больш за 30 гадоў, яму давялося перажыць ужо тры рэканструкцыі. Будынку, у якім ён размяшчаецца, у 2014 годзе споўнілася 100 гадоў, і яго вырашылі паднавіць, заадно мадэрнізавалі і экспазіцыю. І, як аказалася, не пралічыліся. Музей адкрылі летась напярэдадні векавога юбілею ведамства. За першыя тры месяцы пасля гэтага яго наведала больш людзей, чым раней за год. Пра тое, якія нечаканыя факты можна даведацца і якія цікавыя экспанаты можна ўбачыць, пабываўшы тут, расказала дырэктар музея Міністэрства ўнутраных спраў Віялета САЛОДКАЯ.


Самы сумленны шляхціц і антымедаль

Ужо на ўваходзе гасцей сустракаюць першыя экспанаты — калекцыя сцягоў МУС, пачынаючы з 1950-х гадоў. Усе сцягі арыгінальныя, у выглядзе копіі прадстаўлены толькі сучасны, бо сам ён уяўляе стратэгічную каштоўнасць.

Сама экспазіцыя пачынаецца з часоў ХVІ стагоддзя. Вядома, казаць аб міліцыі ў цяперашнім разуменні гэтага слова ў той час нельга, але некалькі малавядомых фактаў, звязаных з працай папярэднікаў сучаснага МУС, вам абавязкова паведамяць.

Дарэчы, людзі, якіх называлі «міліцыя», былі і ў тыя часы — такую назву насілі прыватныя войскі магнатаў, самым буйным з якіх была міліцыя князёў Радзівілаў. Функцыю сучасных ахоўнікаў правапарадку выконвалі возныя. Пераводзячы на сучасныя пасады, гэта быў участковы інспектар, эксперт-крыміналіст, следчы, судовы прыстаў, натарыус, канваір і кур'ер у адной асобе. Пры гэтым пасада была выбарнай: на зборы ўсёй шляхты вызначалі самага сумленнага. Прычым грашовую ўзнагароду ён атрымліваў толькі за раскрыццё канкрэтных злачынстваў — ад тых людзей, па справах якіх працаваў, а не за нясенне службы ў прынцыпе. Яго запісы — «рэляцыі», рэгістраваліся ў судовых кнігах. Гэтыя рэляцыі і сведчанні вознага лічыліся важкімі судовымі доказамі, таму службовы падлог караўся смерцю.

На музейнай машыне часу перамяшчаемся ў ХІХ стагоддзе, тэрыторыя Беларусі ўжо ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі, і яе законы распаўсюджваліся і на нашы землі. У Расійскай імперыі існавала цікавая пасада, якая называлася будачнік. Будка патрэбна была для таго, каб абараняцца ад дажджу ці ад снегу, таксама яна магла выкарыстоўвацца як ізалятар часовага ўтрымання, калі злачынца быў затрыманы ў позні час сутак. Са злачынцамі, якія трапіліся на дробных крадзяжах, будачнік абыходзіўся прасцей. Ён аддаваў іх у рукі гарадавога, які меў паўнамоцтвы тут жа намаляваць мелам круг на спіне злодзея, а ў крузе зрабіць крыж. Пасля гэтага «мечанай шэльме» ўручалі ў рукі мятлу з бліжняй будкі і адпраўлялі месці брук каля месца здзяйснення злачынства.

На будцы ўсталёўвалі прататып радыёстанцыі — гучны звон, які мог заклікаць на дапамогу іншага будачніка. У той форме, якая прадстаўлена ў музеі МУС, хадзілі толькі будачнікі, чыя праца была звязаная з жыццядзейнасцю імператара — так званая залатая рота. У яе бралі толькі герояў вайны 1812 года. Самае цікавае, што датычылася будачнікаў, — гэта правілы іх паводзін. Яны стаялі за трыста метраў адзін ад аднаго і маглі без праблем прыйсці на дапамогу, напрыклад, каб разняць бойку. Але знаходзіцца па-за межамі бачнасці будкі лічылася парушэннем службовай дысцыпліны. У музеі міліцыі на пару хвілін адчуць сябе ў ролі будачніка можа любы ахвотны: гэта адно з самых папулярных месцаў, дзе наведвальнікі робяць фота на памяць, да таго ж, кажуць, знаходзячыся ў будцы, можна загадаць жаданне, якое абавязкова спраўдзіцца...

Гаворачы аб Расійскай імперыі, нельга абысці ўвагай фігуру Пятра І і яго рэформы. Напрыклад, кіраўнік дзяржавы сам прыдумаў так званую ўзнагароду «Медаль за п'янства», якая разам з ланцугом важыла каля васьмі кілаграмаў. Закоўваліся ў яе п'яніцы і дэбашыры па неаднаразовым звароце маці ці жонкі. З гэтым «медалём» хадзілі тыдзень, калі трапляліся паўторна, тэрмін нашэння маглі падоўжыць. Але за ўсю гісторыю «ўзнагароджання» ні аднаго такога факту не зарэгістравана — тыдня хапала. Пры гэтым Пётр І сам распрацаваў і сцэнарый уручэння медаля: у яго закоўвалі пад рогат прысутных.

На лбе напісана, і ёсць куды кляймо паставіць

Аднак з падарожжа ў часе зноў вернемся ў ХІХ стагоддзе. Тады на тэрыторыі Беларусі пачыналі будаваць першыя каменныя турмы. У Мінску такая з'яўляецца ў 1825 годзе і ў народзе атрымлівае назву Пішчалаўскі замак. Будынак існуе да гэтага часу і па-ранейшаму выкарыстоўваецца па сваім прамым прызначэнні — за ўсю гісторыю ён ні разу не змяняў сваіх функцый: сёння ў ім знаходзіцца СІЗА № 1 ДВП (Дэпартамента выканання пакаранняў) МУС Рэспублікі Беларусь.

Па законах Расійскай імперыі на твар чалавека, злоўленага, напрыклад, за крадзеж, ставілі кляймо з надпісам «Злодзей». Да гэтага часу існуе фраза «ў яго ж на лбе не напісана», якая ўзнікла якраз у сувязі з гэтай практыкай.

Кляймом прабівалі скуру, а адтуліны запаўнялі порахам. Татуіроўка заставалася з чалавекам на ўсё жыццё. Рабілі не толькі такія надпісы, напрыклад, літару «Б» на шчаку ставілі тым, хто ўздымаў бунт у месцах зняволення або спасылках. Клеймаў была вялікая колькасць, і існавалі злачынцы, якія «збіралі» ў сябе на твары даволі вялікую калекцыю. Нават быў зафіксаваны выпадак, калі ў паліцэйскае аддзяленне даставілі для кляймення чалавека, а ў яго на твары скончылася пустое месца, таму адзнаку яму паставілі на перадплечча. Дарэчы, менавіта адсюль паходзіць яшчэ адна вядомая фраза — «кляйма няма дзе ставіць». Пры гэтым дзякуючы такім клеймам у Расійскай імперыі з'явілася новая мода: пачалі гадаваць чубы, каб хаваць пазнакі.

Асобная зона ў музеі прысвечана выдатнаму сышчыку Аркадзю Францавічу Кашко, які ўзначаліў расійскі вышук у пачатку ХХ стагоддзя. Менавіта пры ім у 1913 годзе на Міжнародным з'ездзе крыміналістаў расійскую паліцыю прызналі самай эфектыўнай у свеце. У гэты перыяд у Маскве і Пецярбургу раскрывалася да 80 % злачынстваў. Пры Кашко была ўведзена картатэка злачынцаў, якая складалася з трох пунктаў: фатаграфія ў профіль і анфас, дактыласкапічныя даныя і антрапаметрычная картка, створаная па сістэме француза Бертыльёна. Для яе з дапамогай пэўных прыёмаў вымяралі розныя часткі чалавечага цела, якія, як і адбіткі пальцаў, у дарослым узросце ўжо не змяняюцца. Сярод іх, напрыклад, даўжыня і шырыня галавы, даўжыня мезенца левай рукі, даўжыня і шырыня правага вуха, шырыня скулавой косткі, даўжыня левага перадплечча і рост у сядзячым становішчы. Картатэка так добра дапамагала расійскай паліцыі ў расследаванні злачынстваў, што была ўзятая на ўзбраенне лонданскім Скотланд-Ярдам. Калі Аркадзь Францавіч пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі эміграваў у Еўропу, яго запрашалі там на службу, але ён адмовіўся і стварыў прыватнае дэтэктыўнае агенцтва ў Парыжы. Там ён напісаў свае мемуары «Нарысы крымінальнага свету царскай Расіі», па напружанасці яны не саступаюць сучасным дэтэктывам. Чаму Аркадзю Францавічу ўдзяляецца такая ўвага ў музеі МУС Рэспублікі Беларусь? Найлепшы сышчык Расійскай імперыі, ці рускі Шэрлак Холмс, як яго называлі, нарадзіўся ў беларускім Бабруйску. Дарэчы, яго родны брат таксама дамогся высокага становішча ў грамадстве — ён быў губернатарам Пемзы і Пярмі.

Конь, касцюм і бясплатны праезд ва ўзнагароду

Нарэшце, мы плаўна падышлі да моманту, з якога пачынаецца афіцыйны адлік існавання беларускай міліцыі — 4 сакавіка 1917 года. У музеі можна ўбачыць загад аб стварэнні Мінскай грамадзянскай міліцыі і прызначэнні Міхаіла Аляксандравіча Міхайлава яе першым часовым начальнікам. Тут таксама знаходзіцца фотаздымак Міхайлава, а дакладней, Міхаіла Васілевіча Фрунзэ, які быў зроблены ў яго працоўным кабінеце ў Мінску. Фрунзэ прыехаў у Беларусь у 1916 годзе пад псеўданімам — імем сябра дзяцінства, які прапаў без вестак у час Першай сусветнай вайны. Пад псеўданімам, таму што ён уцёк са ссылкі, куды быў адпраўлены царскімі ўладамі па палітычных матывах. Менавіта на гэтае імя Фрунзэ атрымаў пасведчанне начальніка Мінскай грамадзянскай міліцыі. Прабыў у Мінску Міхаіл Васілевіч да кастрычніка 1917 года.

Тым часам міліцыя працягвала функцыянаваць. Яна заняла будынак другога жандармскага ўпраўлення Мінска. Збудаванне на скрыжаванні вуліц Валадарскага і Карла Маркса захавалася да гэтага часу, цяпер у ім размяшчаецца адно з падраздзяленняў дзяржкантролю, а на сцяне можна ўбачыць мемарыяльную дошку, якая пацвярджае, што менавіта з гэтага месца пачалася гісторыя беларускай міліцыі.

У 1917 годзе ўвесь штат мінскай міліцыі складаўся ўсяго з 86 чалавек. Разглядаючы агульнае фота, лёгка заўважыць, што ўсе апранутыя па-рознаму: у міліцыю набіралі працоўных, сялян і дэмабілізаваных салдат, і зразумела, што пра тое, каб усіх апрануць у адзіную форму, у 1917-м і гаворкі не ішло. Міліцыянераў пазначалі нарукаўнымі павязкамі з адпаведнымі надпісамі.

Ужо ў 1922 годзе, паступаючы на службу, чалавек падпісваў абавязацельствы. Зараз мы сказалі б — кантракт, таму што ў іх гаварылася, што ён будзе служыць у міліцыі не менш за адзін год, а з 1925-га — не менш за тры гады. Акрамя таго, супрацоўнік абавязаўся быць заўсёды цвярозым, ветлівым і сумленным у дачыненні да ўсіх грамадзян.

У дадзеным кантэксце пад цвярозым маецца на ўвазе не адсутнасць алкагольнага ап'янення, а разумнае стаўленне да таго, што адбываецца.

У 1920-я гады цікавай была і сістэма заахвочванняў. Так, у музеі захоўваецца грамата аб узнагароджанні камплектам зімовага абмундзіравання. У падарунак маглі ўручыць і хромавыя боты, і суконны касцюм, да дзесяцігоддзя міліцыі давалі 10 метраў тканіны, паўфунта шакаладу, а ў гонар першага 5-гадовага юбілею 12 лістапада 1922 года было абвешчана выхадным днём для ўсяго асабовага складу міліцыі Віцебскай губерні. Але, мабыць, самы незвычайны падарунак быў уручаны ў 1923 годзе. Начальнік рэчыцкай павятовай міліцыі атрымаў у пажыццёвае карыстанне жарабца па мянушцы Батый.

Узнагароджвалі і паўнавартаснай зброяй. За барацьбу з басмачамі будучы намеснік начальніка крымінальнага вышуку Беларусі атрымаў маўзер з прыкладам — сёння гэта калекцыйная рэдкасць. Дарэчы, прыклад адначасова выконваў і функцыю кабуры.

Адной з першых і самых ганаровых узнагарод, якая з'явілася ў Беларусі ў 1924 годзе, быў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР. Ён прысуджаўся грамадзянам БССР, якія праявілі асаблівую самаадданасць, ініцыятыву і працавітасць у вырашэнні гаспадарчых задач у галіне прамысловасці, транспарту, арганізацыі сельскай гаспадаркі і іншых. Надпісы на ім былі на чатырох у той час дзяржаўных мовах — рускай, беларускай, польскай і мове ідыш. Восем міліцыянераў былі гэтым ордэнам узнагароджаны. У дадатак да яго яны атрымлівалі штомесячную прэмію ў 15 рублёў, 10—50-працэнтную зніжку на наём жылля, права на пажыццёвы бясплатны праезд на трамваі, акрамя таго, скарачэнне на адну трэць стажу службы для атрымання пенсіі. У выпадку смерці льготы на год пераходзілі нашчадкам першай чаргі.

Напярэдадні 8 Сакавіка нельга не згадаць пра жанчын у міліцыі. Прыём жанчын у міліцыю быў дазволены з 1921 года.

У тэлеграме намесніка начальніка губернскай міліцыі адзначалася: «Дазваляю прыём на службу ў міліцыю жанчын у якасці міліцыянерак для выкарыстання пры ператрусах жанчын, якіх затрымліваюць міліцыяй, у барацьбе з прастытуцыяй, ахове дзіцячых прытулкаў, месцаў заключэнняў, а таксама прыцягваючы да культурнай працы ў пастаноўках аматарскіх спектакляў».

Тым часам, пераходзячы ад аднаго экспаната да іншага, закранаючы розныя тэмы, мы агледзелі толькі выставачныя залы першага паверха. Трапіць на экскурсію ў музей бясплатна можа любы ахвотны. Як расказала Віялета Салодкая, да наступнага года тут павінны з'явіцца аўдыягіды на чатырох замежных мовах: англійскай, нямецкай, французскай і кітайскай — зараз праводзіцца вялікая падрыхтоўчая праца. Вопыт Чэмпіянату свету па хакеі 2014 паказаў, што турысты ахвотна гатовыя пазнаваць нешта новае пра незнаёмую для большасці сферу. Да таго ж музей уключаны ў карту госця, так што без увагі ў перыяд правядзення Еўрапейскіх гульняў ён дакладна не застанецца. Але дырэктар музея акцэнтуе ўвагу на тым, што хочацца, каб аб'ект быў цікавы не толькі прыезджым, але і самім беларусам, каб мы нарэшце навучыліся шанаваць тое, што ў нас ёсць.

Працяг агляду экспазіцыі шукайце ў наступных выпусках.

Дар'я КАСКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Знаёмцеся: Шэрлак Холмс з Беларусі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму быць сярэднім спецыялістам эканамічна нявыгадна?

Чаму быць сярэднім спецыялістам эканамічна нявыгадна?

Грамадству патрабуюцца творчыя асобы.

Грамадства

Чым здзівілі і ўразілі ўдзельнікі WorldSkіlls Belarus 2018?

Чым здзівілі і ўразілі ўдзельнікі WorldSkіlls Belarus 2018?

Як вы думаеце, ці шмат страў можна прыгатаваць з буракоў?