Вы тут

Кнігі, што нас выбіраюць


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу і IV Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час». «Гэты форум па праве лічыцца адной з найбольш яркіх падзей у жыцці Беларусі. За чвэрць стагоддзя ён набыў шырокую вядомасць і за межамі нашай краіны», — гаворыцца ў прывітанні. Прэзідэнт падкрэсліў, што духоўна-маральнае развіццё грамадства — найважнейшая задача беларускай дзяржавы, і немалаважную ролю ў гэтым, безумоўна, адыгрывае кніга. «Цяжка пераацаніць яе значэнне ў захаванні культурнай спадчыны пакаленняў, фарміраванні асобы і выхаванні патрыятызму, адукацыі і руху да прагрэсу»,— адзначыў кіраўнік дзяржавы. Выключна важна, каб сумленнае і пранікнёнае слова пісьменніка заклікала да міру, узаемаразумення і гуманізму.


У адным павільёне размясціліся шмат краін адразу. Усё проста, калі нават адна асобная кніга мае магчымасць прадстаўляць цэлую культуру,  народ. Разам яны ўтвараюць збіральны вобраз чалавецтва. Гэтымі днямі прыгледзецца да яго можна, наведаўшы Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш.

Вялікі павільён прыкметны здалёк: сцягі ля ўвахода сабраліся ў карагод. Гэта інтрыгуе: далей, унутры нечая прысутнасць у свеце падмацоўваецца раскрыццём асаблівасцяў гэтай прысутнасці. Яе зместу — сціслага ці бясконцага нават у сцісласці. А тут за некалькі дзён трэба распавесці  шмат, і гэта імкненне больш за 30 краін, што сёлета прадстаўляюць свае кнігі. Віншаванне ад Прэзідэнта нашай краіны ўдзельнікам кніжнай выстаўкі-кірмашу зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў. На шырокую прысутнасць пісьменнікаў розных краін звярнуў увагу міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч:

— Сёння сабраліся прадстаўнікі дзясяткаў краін, якія пакажуць кніжныя навінкі, раскажуць пра плённае супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь, дзяржавай, якая пашанотна ставіцца да друкаванай кнігі. Ужо той факт, што за мінулы год у краіне выдадзена каля 10 000 назваў кніг, гаворыць пра ўвагу дзяржавы і грамадства да выдавецкай справы. Гэта было б немагчыма ажыццявіць, калі б не былі аб’яднаныя намаганнідзяржавы і ўсіх выдаўцоў, усіх формаў уласнасці — грамадскай ці прыватнай. Мне здаецца, што гэтае свята дапаможа знайсці кожнаму з чытачоў нашай краіны тыя кнігі, якія цікавяць яго асабіста. Нам прыемна супрацоўнічаць з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы ў арганізацыі такога знакавага мерапрыемства, як Міжнародны сімпозіум літаратараў ≪Пісьменнік і час≫, заснавальнікамі якога з’яўляюцца Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом ≪Звязда≫, выдавецтва ≪Мастацкая літаратура≫. Вітаючы гэтую сустрэчу прадстаўнікоў літаратурнай грамадскасці з 22 краін свету, Прэзідэнт Беларусі сказаў пра гуманізм, пра міралюбства, што павінны быць лейтматывам нашых зносін як унутры краіны, так і з іншымі краінамі свету.

Стэлажы, стэнды, цэлыя вуліцы з асобных павільёнчыкаў. А дзе тая самая кніга, што сёння патрэбная мне? Тая, адкрыўшы старонку якой можна будзе яшчэ раз падумаць пра таямніцу нашага жыцця і пра тое, што мы далей будзем рабіць з гэтым светам. Сярод кніг ёсць мудрацы, што ведаюць. А ёсць наіўныя дзеці, якія гатовыя шчыра размаўляць з кожным, не хаваючы свайго захаплення яшчэ неспазнаным. І выклікаюць захапленне, што знайшло адлюстраванне ў словах Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгора Рапоты:

— Летась нашымі супольнымі намаганнямі ўбачыла свет кніга, прысвечаная Францыску Скарыну. Мы выпускаем альманах пісьменнікаў Беларусі і Расіі, у які ўваходзяць кароткія апавяданні. Сёлета будзем адзначаць 150-гадовы юбілей Максіма Горкага. А летась прысвяцілі шмат часу пошуку архіўных дакументаў класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, які жыў у Расіі… Літаратура і кнігі — тая сфера дзейнасці, якая робіць нас больш блізкімі, мы лепш ведаем адзін пра аднаго, а веды нараджаюць разуменне і сімпатыі.

І сапраўды, можа здарыцца так, што зразумееш: самае таямнічае — тое, што навідавоку. Беларуская кніга — у зоне асаблівай увагі. Цэнтральны стэнд: змяняюць адна адну кніжныя падзеі, тут пісьменнікі гавораць у поўны голас, тут словы здаюцца стратэгічным энергетычным запасам: колькі ў нашай краіне творцаў, творы якіх чакаюць чытачоў! Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец падкрэсліў:

— Сёлета мы ўдзяляем асаблівую ўвагу кнігам краязнаўчым, разумеючы, што жыхарам вёсак ці маленькіх гарадоў будзе цікава даведацца пра гісторыю сваёй зямлі. Таму ёсць нагода для радасці: кніга ў нашым грамадстве не страчана. Яна набыла новую сілу і рух наперад.

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч, Дзяржаўны сакратар Міністэрства культуры і інфармацыі Рэспублікі Сербія Аляксандр Гаёвіч, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў

У Год малой радзімы, які абвешчаны ў Беларусі, пісьменнікі шчыра прызнаюцца, адкуль родам. «Радзіма, мая дарагая, ты ў шчасці жаданым жыві…» — пісаў паэт Алесь Бачыла, 100-годдзе якога адзначаецца сёлета. У яго гонар у Беларусі быў абвешчаны літаратурны конкурс, яго удзельнікі знаёмілі са сваёй творчасцю прысутных з галоўнай пляцоўкі выставачнага павільёна. Даказалі: паэтычнае слова ўспрымаецца цудоўна і ў ХХІ стагоддзі. Ад цэнтральнага павільёна, дзе размясціліся стэнды буйных дзяржаўных выдавецтваў, як промні, разыходзяцца дарогі. Бліжэй за іншых сёлета Сербія, ганаровы госць. Дзяржаўны сакратар Міністэрства культуры і інфармацыі Рэспублікі Сербія Аляксандр Гаёвіч адзначыў:

— Культура ў цэлым і кніга ў прыватнасці — гэта магутны падмурак, мост дружбы паміж народамі. Не сакрэт, што Беларусь і Сербію шмат што звязвае. Вяршыня нашага супрацоўніцтва — культура і яе вялікасць кніга.

Так жа могуць сказаць і прадстаўнікі іншых краін, якія прэзентавалі свае выданні. Вялікую пляцоўку са своеасаблівай канферэнц-залай займае павільён «Кнігі Расіі». Па чырвоных ліхтарыках адразу пазнаеш Кітай. Чырвоная тэлефонная будка Вялікабрытаніі і сёлета прыцягвае прысутных, як і прапановы павучыцца англійскай мове. Ці прыслухацца да італьянскай (магчымасці доўга шукаць не трэба: стэнд побач)? Польскую зразумець не складана. Але павільён гэтай краіны прыцягвае прэзентацыямі польскіх кніжных навінак па-беларуску, напрыклад, выданнем Сяргея Пясецкага «Яблычак». Сябры з Украіны таксама вязуць да нас кнігі, якія маюць дачыненне да агульнай гісторыі. І ў айчынных выдавецтваў беларуская гісторыя ў прыярытэце — ці то ў дзяржаўнага Выдавецкага дома «Звязда», ці то ў недзяржаўнай «Тэхналогіі». Выбар багаты гэтымі днямі ў павільёне на праспекце Пераможцаў.

І людзей багата: сталых і маладых. Простых нашых суграмадзян і тых, каго пазнаюць у твар і чые імёны ведае ўся краіна. Цягнуцца людзі — з пакетамі і торбамі, нават з каляскамі.

Стэнды, стэлажы, паліцы… Паралельны Сусвет. Рознагалосы. У ім віруюць думкі, ірвуцца да людзей. І чалавечае вымярэнне гнуткае і адкрытае, як кніга, якая сцвердзіла свой лёс. Добры лёс — быць патрэбнай іншым, даваць парады. І ратавацца ад самоты. Усё як у людзей.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Увесь Сусвет цяпер у Мінску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».