19 Верасень, серада

Вы тут

Як у Вілейцы захоўваюць культурна-гістарычную спадчыну


На Вілейшчыне сёння налічваецца больш як 300 гістарычных, архітэктурных і археалагічных помнікаў. Мясцовыя ўлады, аматары гісторыі і даўніны працуюць адной талакой над захаваннем спадчыны, падтрыманнем яе ў належным стане, каб нашчадкі маглі ганарыцца сваёй гісторыяй. Побач са сведкамі даўніны глыбокай з'явілася і шмат новых аб'ектаў. Сярод сучасных — адзіны ў Беларусі ўнікальны мемарыял «Памяці былых вёсак». За апошнія паўстагоддзя з карты раёна зніклі 253 населеныя пункты па розных прычынах. Падчас калектывізацыі хутары пераносілі ў вёску, падчас Вялікай Айчыннай вайны некаторыя паселішчы былі спалены фашыстамі. Частку вёсак «паглынула» Вілейскае вадасховішча. У музеі пад адкрытым небам устаноўлены імянныя валуны, прысвечаныя 13 сельсаветам і гораду Вілейцы. На кожным — з іх табліца са спісам населеных пунктаў, якія адышлі ў гісторыю. Адзін з камянёў зроблены ў выглядзе звона, што ўпаў, і сімвалізуе пяць вёсак, якія спасціг лёс Хатыні. У цэнтры знаходзіцца 25-тонны камень з заклікам спыніцца і падумаць аб сваіх вытоках.


У Ві­лей­скім ра­ё­не ство­ра­ны ўні­каль­ны і адзі­ны ў кра­і­не ме­ма­ры­яль­ны комп­лекс па­мя­ці Пер­шай су­свет­най вай­ны «Кро­кі». Зна­хо­дзіц­ца му­зей пад ад­кры­тым не­бам у вёс­цы За­брод­дзе, праз якую пра­хо­дзі­ла лі­нія фрон­ту. Жы­ха­ры гэ­та­га на­се­ле­на­га пунк­та ка­лісь­ці пры­ма­лі рус­кіх сал­дат на па­стой. По­бач у ле­се раз­мя­шчаў­ся шпі­таль, у па­ход­най царк­ве яко­га ад­пя­ва­лі па­мер­лых сал­дат.

Многіх з жыхароў гэтых населеных пунктаў няма ў жывых. Але сюды прыязджаюць іх дзеці, унукі, праўнукі, каб дакрануцца да сваіх каранёў, згадаць сваіх продкаў. Гэты помнік пад адкрытым небам наведваюць турысты, госці горада і раёна. Тут ладзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы, а маладыя пасля заключэння шлюбу і іх госці прыязджаюць сюды, каб перайсці масток, які сімвалізуе еднасць і пераемнасць пакаленняў.

У Вілейскім раёне створаны ўнікальны і адзіны ў краіне мемарыяльны комплекс памяці Першай сусветнай вайны «Крокі». Знаходзіцца музей пад адкрытым небам у вёсцы Заброддзе, праз якую праходзіла лінія фронту. Жыхары гэтага населенага пункта прымалі рускіх салдат на пастой. Побач у лесе размяшчаўся шпіталь, у паходнай царкве якога адпявалі памерлых салдат. Аўтар праекта комплексу, арганізатар і натхняльнік — член Беларускага саюза мастакоў, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Барыс Цітовіч. Сын кадравага ваеннага, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, унук удзельніка Першай сусветнай. Разам са сваёй жонкай Валянцінай Пятроўнай, рэжысёрам па адукацыі, ён памяняў Мінск на сельскую мясцовасць і натхнёна працуе па ўвекавечанні памяці нашых продкаў.

Побач з могілкамі ў вёсцы Заброддзе знаходзіцца «Камень сораму». У яго вельмі цікавая гісторыя.

— Мы праводзілі міжнародны пленэр мастакоў. Скульптар з Брэмена доўга хадзіў вакол гэтых могілак, хмуры, задуменны. А потым папрасіў прывезці камень і цэлы тыдзень нешта на ім высякаў. Праз перакладчыка мы ў яго спыталі: «Піт, што гэта за надпіс?». «Я выйшаў з сям'і нацыстаў, малодшы сын эсэсаўца... Але я пацыфіст, увесь час з бацькам канфліктаваў на ваеннай глебе. За тое, што мае сваякі пралілі кроў, я адчуваю на сабе радавы грэх. І на камяні напісаў просьбу-зварот немцаў аб прабачэнні за два паходы на гэтыя землі», — вось такі быў адказ, — расказваў пры сустрэчы Барыс Цітовіч. — Паняцце радавога граху сапраўды ў пэўнай меры існуе. Тое, што мы забылі воінаў Першай сусветнай вайны, гэта таксама наш агульны грэх, не гаворачы ўжо аб грамадзянскай непрыстойнасці. Але не будзем шукаць вінаватых: справа няўдзячная. Проста трэба нешта рабіць. У процілеглым выпадку далучымся да разбуральнікаў. Вось тут невялікая стэла. Пад ёй — камень з надпісам: «На ўспамін душы казака Данілы Шаўчэнкі». Як расказвалі старыя, казак ехаў каля лесу з дазорам. Яго застрэліў варожы снайпер. Пахавалі воіна на мяжы паміж двума надзеламі. Калі арганізавалі калгас, поле зааралі, магіла згубілася. Але камень з іменем усё ж захаваўся, і мы паставілі тут памятны знак.

А вось перад намі і драўляная капліца з гонтавым дахам у гонар блаславенных князёў Барыса і Глеба — заступнікаў воінства. Капліца сама па сабе сціплая. Як гімнасцёрка салдата, выцвілая, пакрытая пылам, але на ўваходных дзвярах выразныя ўзнагароды — чатыры Георгіеўскія крыжы. У бабінцы — экспазіцыя. Адна з кампазіцый прысвечаная ліквідацыі Свянцянскага прарыву ў кантэксце Віленскай аперацыі. Гэта адно з нямногіх пытанняў, якое асвятлялася ў савецкай школе. А ў цэлым мы называем тэму Першай сусветнай вайны «прапушчанай» тэмай: не было ўрокаў не толькі ў сярэдніх і вышэйшых, але і ў ваенных навучальных установах, — лічыць Барыс Цітовіч.

Цікавая экспазіцыя, прысвечаная «Белым галубкам». Так называлі сясцёр міласэрнасці. Цяпер некаторыя маладыя здаровыя мужыкі, выкарыстоўваючы свае сувязі, хочуць «адкасіць» ад арміі. А гэтыя дзяўчаты, амаль што дзяўчаткі, імкнуліся дзякуючы сувязям пайсці на фронт. Яны ўцякалі з дому, заканчвалі медыцынскія курсы. І мала таго, што дастойна выконвалі свае прафесійныя абавязкі, — яшчэ і подзвігі здзяйснялі. Генрыета Сарокіна выратавала сцяг пяхотнага Лібаўскага палка, узнагароджана Георгіеўскім крыжам І і ІІ ступеняў.

На вайне, як правіла, смерць і жыццё ідуць побач. Аб гэтым сведчаць лісты з пячаткамі: дазвол на жаніцьбу на мясцовых дзеўках і ўдовах. Іх выдаваў камандзір. Праўда, з агаворкай у канцы: калі на тое не будзе перашкоды духоўных улад (а можа, у хлопца дома засталася жонка, а ён хоча прыжаніцца другі раз?). «Бласлаўляў» на шлюб загад № 1415 генерала Аляксеева, які ўзначальваў штаб пры вярхоўным галоўнакамандуючым. Фронт стаяў тут амаль тры гады, і як толькі здаралася зацішша, хлопцы ішлі да дзяўчат, нараджаліся незаконныя дзеці... Трэба было ўрэгуляваць пытанне, каб незаконнанароджаныя немаўляты былі «аформлены». Дарэчы, такія дзеці атрымлівалі пенсіён да паўналецця, а жанчына — у выпадку гібелі мужа.

Вялікай папулярнасцю карыстаецца ў віляйчан турыстычна-культурны комплекс «Вільянін хутар». Гэтая назва нарадзілася дзякуючы легендзе. Дзяўчына па імені Вільяна была заручана з краўцом Сцяпанам. Але хлопец быў так апантаны работай, што не пакідаў яе нават у рэлігійныя святы. За гэта і быў ператвораны ў камень. Калі гэта ўбачыла Вільяна, то заплакала. Слёзы капалі на зямлю: спачатку з'явіўся ручай, а потым — паўнаводная рака. Дарэчы, назву Вілейцы дала не аднайменная рака Вілія, а менавіта гэтая легенда.

У Вілейцы даволі шмат розных скульптурных экспазіцый і помнікаў, у тым ліку манументальных, як помнік воінам-вызваліцелям на плошчы Свабоды. Але апошнім часам у горадзе з'яўляецца ўсё больш скульптур і малых архітэктурных формаў, якія па-сапраўднаму ажывілі і ўпрыгожылі вуліцы, радуюць і дарослых, і дзяцей. Напрыклад, большасць скульптурных кампазіцый Валерыя Апарыка створана па матывах народных казак: «Рэпка», «Сава і дзяцел» упрыгожваюць гарадскі парк, «Лесавік» — «Вільянін хутар». Каля будынка жылкамгаса змешчана скульптура «Дворнік». На тэрыторыі Вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа знаходзіцца помнік падкове і сонечны гадзіннік, на Цэнтральнай плошчы «Дрэва дружбы».

Пра роспіс яек ведаюць усё ці амаль усё ў Вілейскім раённым доме рамёстваў, дзе ў 2006 годзе створаны першы ў Беларусі музей пісанкі, які налічвае дзясяткі экзэмпляраў.

— Яйкі распісвалі не толькі да Вялікадня, але і да Раства, вяселляў, розных урачыстых цырымоній, — расказалі ў музеі. — Роспіс яек — няпростая справа. Гэта таінства, рытуал, у час якога трэба выканаць шмат умоў. Займалася гэтым менавіта жанчына, паколькі яна выношвае і нараджае дзіця — сімвал новага жыцця. Да пісанкі гаспадыня дома рыхтавалася доўга і карпатліва. Па-першае, перад пачаткам яна пасціла і малілася. Па-другое, пры гэтым працэсе ніхто не павінен быў прысутнічаць. Для роспісу неабходны былі не толькі яйкі, але і свежая вада, агонь, посуд, якім раней не карысталіся, пчаліны воск, свечкі, фарбы. Апоўначы ў вялікай тайне жанчына прыносіла чыстую ваду абавязкова з трох-чатырох крыніц. Фарбы рыхтавала толькі натуральныя. У прыватнасці, збірала пялёсткі кветак, карані і лісты дрэў. Яйкі неслі вельмі сур'ёзную інфармацыю, убіралі ў сябе адмоўную энергію. Таму дарыліся толькі сваякам і блізкім людзям, маладым да вяселля. Кожны ўзор нёс у сабе пэўны сэнс і пажаданні. Пісанка з выявай рака прыцягвала дастатак і багацце, кветкі малявалі для жанчыны, якая хацела мець дзяцей. Ластаўкі сімвалізавалі прыход вясны, спіраль — знак доўгага жыцця, зерне — урадлівасць.

— Вілейка — вельмі прыгожы горад, камфортны для жыцця, — лічыць Людміла Ляшкевіч. Яна тут нарадзілася, закончыла школу, а пасля вучобы ў Мінску вярнулася на сваю малую радзіму. І не толькі яна. У Вілейкі нейкая асаблівая, прыцягальная аўра. І той, хто пабываў тут аднойчы, вяртаецца сюды зноў і зноў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Масток у будучыню

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.