Вы тут

Аляксандр Лукашэнка ўчора заслухаў справаздачу ўрада


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўчора заслухаў справаздачу ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама па выніках работы эканомікі за мінулы год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту.


«Лічба стала важнейшай за сутнасць»

Галоўнае пытанне кіраўніка дзяржавы — да ўрада: якія меры прымаюцца для таго, каб павысіўся рэальны ўзровень жыцця насельніцтва? І вядома ж, якія інструменты для гэтага плануюць выкарыстоўваць дзяржаўныя органы? Дасягнутыя паказчыкі — гэта пачатак станоўчых тэндэнцый ці часовы ўсплёск, цыклічнае ажыўленне? Напрыклад, на думку старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча, цуду не здарылася: крыху падрасла цана на нафту і ажывіўся попыт у Расіі, на нашым асноўным рынку. Атрымліваецца, рост адбыўся за кошт знешніх фактараў, а не ўнутраных.

Таму беларускі лідар заклікаў засяродзіцца не на лічбах, а на рэальных паказчыках. «Інфармацыя, якая да мяне паступае, гаворыць пра тое, што людзі паляпшэнняў пакуль не адчуваюць, — адзначыў Прэзідэнт. — Пры гэтым члены ўрада, мясцовыя органы ўлады захапіліся іншым — паказчыкамі і іх дасягненнем. Лічба стала больш важнай за сутнасць. Такія падыходы — гэта рашэнні аднаго дня, і людзям ад гэтага лепей не стане». Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заклікаў урад і прэм'ер-міністра не «замусольваць сістэмныя праблемы».

Кіраўнік дзяржавы пакрытыкаваў дзеючы ўрад, але адзначыў, што ў яго ёсць дасягненні. Беларускі лідар звярнуў увагу, што ўсе органы ўлады павінны глыбока разумець важнасць узгодненых дзеянняў пры вырашэнні пастаўленых перад краінай задач. «Вышэйшыя службовыя асобы нясуць большую, чым члены ўрада, адказнасць за сітуацыю ў краіне, тое ж самае і знізу — губернатары. Таму давайце будзем дзейнічаць у адной звязцы для таго, каб краіна развівалася, а не глядзець скоса на ўрад, — заклікаў Прэзідэнт. — Раз'яднанасці пры выкананні задач, якія перад намі стаяць, быць не павінна».

Новы ВУП

«У наступнай пяцігодцы нам кроў з носа трэба дасягнуць планкі ВУП $100 млрд. Толькі гэта дасць магчымасць мець зарплату $1 тысячу і не скаціцца ў пастку беднасці. Таму сённяшнія настроі «хоць бы дажыць да 2025 года» — недапушчальныя», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Пакуль з актываў ва ўрада — ВУП $54 млрд.

Хоць летась былі дасягнуты станоўчыя вынікі, але чаго гэта каштавала? ВУП вырас, але не кампенсавана эканамічнае падзенне нават 2016-га. Для таго каб выйсці на ўзровень хоць бы 2014 года, не хапае росту яшчэ на 4 %. «Дзяржаўны доўг расце хутчэй, чым эканоміка. Пагасілі 2,3 мільярда долараў ЗША, а ўзялі амаль 3,5», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што закрэдытаванасць рэальнага сектара эканомікі расце, але падкрэсліў, што гэту праблему ні ў якім разе нельга перакладваць на бюджэт.

Цэны, зарплаты, занятасць

Адзін з магчымых фактараў росту эканомікі — стварэнне высокапрадукцыйных працоўных месцаў. Але іх зараз усяго 5 % ад наваствораных. На ўзроўні райвыканкамаў, адміністрацый гарадоў пра тое часам нават не чулі і інтэрпрэтуюць гэту задачу як «галоўнае — трымаць і не звальняць». Але нават калі знайшоў працоўнае месца, то наколькі яно добра аплатнае? Так, летась платы за сваю працу ў 1000 рублёў не пабачыла 80 % работнікаў, у паловы яна ніжэй за 640 рублёў, а 10 % насельніцтва краіны змаглі зарабіць не больш за 300 рублёў. Ёсць пытанні і па інфляцыі, бо яе кожны з нас адчувае, прыходзячы ў краму. «А там (у цэнах на тавары. — Аўт.) рост — як мінімум 8—10 % за год, а з паслугамі — усе 12 %», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што пакуль не бачыў графіка росту зарплаты на 2018 год. «Паводле маёй інфармацыі, дасягненне і ўтрыманне ў 2018 годзе заработнай платы на ўзроўні тысячы рублёў не пацвярджае ніводная з абласцей. Гэта таксама сведчыць аб тым, што вы пакуль не здольны яе забяспечыць», — звярнуўся да прэм'ера Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў губернатарам і прэм'ер-міністру, што трэба быць бліжэй да праблем людзей. Патрабаванне Прэзідэнта ў плане павышэння зарплаты застаецца нязменным — на працягу года яна павінна перасягнуць узровень у тысячу рублёў.

Асобнай тэмай стаў рост цэн на спажывецкія тавары, асабліва на малочную прадукцыю. Прэзідэнт пацікавіўся, чаму рост цэн на яе ў 2017-м вышэйшы за тэмпы інфляцыі. Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч растлумачыў, што сёння вытворцы-перапрацоўшчыкі малака ўключаны ў рэестр дамінантаў, і на гэты год будзе ўстаноўлены ўзровень росту цэн для перапрацоўшчыкаў на малако і малочную прадукцыю на ўзроўні інфляцыі.

Напрыканцы пасяджэння Аляксандр Лукашэнка заклікаў усіх дбайна працаваць, дзейнічаць, а не самазаспакойвацца, каб у дабрабыце пакінуць пасля сябе краіну і дзецям, і ўнукам.


Андрэй Кабякоў, прэм'ер-міністр Беларусі:

— У 2017 годзе кампенсавана адставанне 2016-га. Эканоміка развіваецца ў цэлым у адпаведнасці з асноўнымі параметрамі праграмы на 2016—2020 гады. Пры гэтым захоўваецца стабільнасць на валютным, крэдытна-дэпазітным і фінансавым рынках. У поўным аб'ёме і ва ўстаноўлены тэрмін разлічыліся па валютных абавязацельствах. Бюджэт у 2017 годзе выкананы з прафіцытам (2,8 млрд бел. руб.), які накіраваны на пагашэнне часткі знешняга доўгу. Галоўная выснова — мы жывём па сродках.

Запланавана прыцягненне 23 млрд бел. руб. інвестыцый з усіх крыніц (тэмп — 105 % да 2017 года). Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца рэалізацыі 50 буйных праектаў з аб'ёмам інвестыцый 7,6 млрд бел. руб. Таксама ў цэнтры ўвагі задача па сярэдняй зарплаце і стварэнні новых рабочых месцаў. Пры гэтым патрабаванне па росце зарплаты ва ўвязцы з ростам прадукцыйнасці працы застаецца нязменным.

Вераніка ПУСТАВІТ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Патрэбны агульныя намаганні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».