Вы тут

У прадпрымальнікаў з'явіўся дзелавы аптымізм


Бізнес адчуў дзелавую адлігу. Пра гэта сведчыць і нядаўняе вымярэнне індэксу дзелавога аптымізму, які ўпершыню за доўгі час паказаў станоўчую дынаміку. Па словах старшыні прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзіміра Карагіна, падчас ХІХ Асамблеі дзелавых колаў, якая праходзіла напярэдадні ў Мінску, гэты паказчык выйшаў на ўзровень шасцігадовай даўнасці. Аднак, дзелавая супольнасць лічыць, што казаць пра тое, што дэкрэт № 7 сёння працуе на ўсе сто, пакуль рана. Неабходна вырашыць яшчэ каля 200 пытанняў з дапамогай дадатковых падзаконных актаў. Прадпрымальнікі ўжо намецілі план сваіх дзеянняў на сёлета.


Дыялог ёсць, але працы шмат

Індэкс дзелавога аптымізму вымяраецца ўжо некалькі гадоў запар. Дзякуючы гэтаму даследаванню дзелавая супольнасць лепш разумее становішча спраў суб'ектаў гаспадарання. Прадстаўленне яго грамадскасці стала традыцыйным для асамблеі дзелавых колаў. Як адзначыў падчас свайго выступлення Уладзімір Карагін, на пытанне аб тым, як зменіцца стан бізнесу ў наступныя паўгода, 40 % рэспандэнтаў адказалі, што ён некалькі палепшыцца. За паўгода гэты паказчык узрос практычна ўдвая. Адказ «значна палепшыцца» выбралі 6,1 % апытаных, «не зменіцца» — 34,5 %. «У цэлым 80 % рэспандэнтаў глядзяць аптымістычна на найбліжэйшыя змены», — зрабіў выснову Уладзімір Карагін.

Не менш важным паказчыкам для Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва стала паляпшэнне ацэнкі развіцця дыялогу бізнесу і ўлады. Так, у апытанні, якое праводзіцца сярод 500 індывідуальных прадпрымальнікаў, дыялогам задаволеныя 31,4 % апытаных, 47,1 % — адказалі адмоўна, не змаглі адказаць 21,6 % рэспандэнтаў. «Колькасць незадаволеных тым не менш рэзка паменшылася за паўгода. У мінулым апытанні адмоўна адказалі практычна 70 % рэспандэнтаў. Мы бачым, што сумесная работа бізнесу і ўлады прыносіць станоўчы вынік. Для нас сёлета адбыўся пералом гэтага параметра, што вельмі важна», — растлумачыў Уладзімір Карагін.

Разам з тым і Мінэканомікі адзначае студзеньскі рост колькасці суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі. Пра гэта на палях асамблеі расказаў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч. Паводле яго слоў, павялічылася таксама колькасць самазанятых і рамеснікаў.

Пытанні да дэкрэта № 7

Пры ўсіх станоўчых момантах, на думку Уладзіміра Карагіна, дэкрэт № 7 працуе яшчэ далёка не на поўную. У ім неабходна вырашыць з дапамогай дадатковых падзаконных актаў яшчэ больш за 200 пытанняў.

«Усё яшчэ не дапрацаваны праект указа па ліцэнзаванні, праект указа па адміністрацыйных працэдурах, ідзе інтэнсіўная работа над новай рэдакцыяй Падатковага кодэкса і цэлага шэрагу іншых дакументаў. Бізнес працягне работу з урадавымі структурамі па ўсіх гэтых вельмі важных пытаннях», — адзначыў Уладзімір Карагін.

Створаць умовы для канкурэнцыі

Падчас асамблеі бізнесу паабяцалі зрабіць лепшыя ўмовы для канкурэнцыі. Праграма развіцця канкурэнцыі павінна з'явіцца ў Беларусі да канца 2018 года. Пра гэта ўдзельнікам паведаміў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч.

«Атрымаўшы доступ да методык Арганізацыі па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці (АЭСР), мы павінны палічыць узроўні развіцця канкурэнцыі ў галінах эканомікі і на рынках краіны. Раней гэтага ніколі не рабілася», — растлумачыў Уладзімір Калтовіч. Дапамагчы распрацоўцы плана дзеянняў па падрыхтоўцы праграмы гатова Міжнародная фінансавая карпарацыя, з якой быў падпісаны адпаведны пратакол аб намерах. Такім чынам павінна з'явіцца дарожная карта па стварэнні рынкаў у такіх галінах, як энергетыка, сувязь, транспарт. Ён таксама адзначыў, што Беларусь прэтэндуе на прысутнасць у АЭСР у якасці назіральніка.

Таксама міністр падкрэсліў, што новая рэдакцыя закона «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі» адпавядае ўсім патрабаванням дагавора па ЕАЭС і найлепшым сусветным практыкам. «Сярод інавацый гэты закон мае ўвядзенне «мяккага права» — папярэджання і засцярогі, што станоўча паўплывае на развіццё бізнесу краіны», — рэзюмаваў Уладзімір Калтовіч.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.

Грамадства

Зіновій Прыгодзіч. Успаміны пра архітэктара Леаніда Левіна. Пайшоў, каб застацца...

Зіновій Прыгодзіч. Успаміны пра архітэктара Леаніда Левіна. Пайшоў, каб застацца...

З Леанiдам Левiным, славутым нашым архiтэктарам, мяне пазнаёмiў Генадзь Бураўкiн — яго даўнi, харошы сябра.

Грамадства

«Дзякуй участковаму — ён нас добра беражэ». Як міліцыя праводзіць прафілактычны рэйд падчас сітуацыі з каранавірусам

«Дзякуй участковаму — ён нас добра беражэ». Як міліцыя праводзіць прафілактычны рэйд падчас сітуацыі з каранавірусам

«Без мiлiцыi мы нiяк», — рэзюмаваў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з мiнiстрам унутраных спраў Юрыем Караевым, маючы на ўвазе сiтуацыю з каранавiрусам. 

Грамадства

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Урачы па ўсiм свеце запусцiлi флэшмоб #StayAtHome.