Вы тут

Хто трымае люстра?


Купалаўскі тэатр з падачы яго мастацкага кіраўніка Мікалая Пінігіна апошнім часам уражвае класікай. Самім фактам актыўнага звароту да яе — беларускай і рускай, — таксама як інтэрпрэтацыяй, здольнасцю агаломшыць у фінале, які ў рэжысёра Пінігіна заўсёды шматзначны: што ў дачыненні да беларускіх твораў, то гэта прыкмета фірмовага стылю. Але «Чайку», камедыю па вызначэнні самога Антона Чэхава, рэжысёр ператварае ў трагедыю з апакаліптычным гучаннем. А смешная камедыя «Рэвізор» Мікалая Гогаля набывае развязку са смяротным зыходам. Дзеля чаго? І чаму класічныя творы актуальныя дагэтуль, тлумачыць Мікалай Пінігін:


— Калісьці Георгій Таўстаногаў, у тэатры імя якога я працаваў, казаў, што гумар — крытэрый праўды. Праўда не там, дзе бясконцая драма і ўсё цёмна, цяжка, грувастка. Калі Чэхаў казаў, што п’есы — гэта камедыі, то, здаецца, не ў прамым сэнсе слова. Ён глядзеў на людзей, на іх стасункі, і ў яго ўзнікала іронія.

Гогаль наогул — цікавая асоба: шляхціц Яноўскі, які змяніў прозвішча пасля паўстання 1830 года, разумеў, што немагчыма ўжо заставацца Яноўскім. Ён паглядзеў на расійскую гісторыю не як расіянін, а як замежнік: прыехаў у Пецярбург з іншай краіны, з іншага клімату, з іншых ментальных зносін. У 1836 годзе адбылася прэм’ера «Рэвізора», пасля ён з’ехаў у Італію. Калі сутрэўся ў эміграцыі з Міцкевічам, размаўляў з ім па-польску, сябраваў з Пушкіным. Прыязджаў у Расію некалькі разоў па сваіх прыватных справах і вярнуўся паміраць. Тым не менш, калі сядзеў у Італіі, кленчыў у цара грошы, стыпендыю на грандыёзныя творы…

«Рэвізор» — вельмі смешная сапраўдная камедыя. Гогаль сам заклаў драматычны фінал, ён пісаў у сваіх каментарыях: «Рэвізор» — гэта Бог, на яго суд усе пойдзем і будзем трымаць адказ. Я заклаў трошкі іншую гісторыю: выйшлі напалову дворнікі, напалову анёлы, якія павінны змесці чалавечае смецце з гістарычнай сцэны. У Гогаля нямая сцэна, якую можна трактаваць як заўгодна. Гогаль смяяўся, а ў фінале задаў пытанне: «З каго смеяцеся?..» У яго ёсць этычнае стаўленне да гэтых людзей: для яго яны не геаграфічная правінцыя, а духоўная. А гэта людзі, якія кіруюць горадам. Яны пад сябе зрабілі цывілізацыю, — як самі разумеюць жыццё… Гогаль — геній таму, што напісаў пра прыроду чалавека. У чалавека базавы інстынкт не змяніўся. Галоўны інстынкт — выжыць. Дзеля гэтага трэба канкурыраваць: за месца, за пасаду, каб больш нарабаваць…

Размаўляў з македонцамі: там зрабілі свайго «Рэвізора». А італьянцам задаў пытанне: «Навошта вам Гогаль?» — адказалі: «У нас жа такая мафія…» Кожны бярэ сваю гісторыю. Я наўмысна рабіў беларускі спектакль.

— Таму пераклалі п’есу на беларускую трасянку?

— …Што такое сёння гогалеўскі павятовы горад? Гэта раённы горад. Як размаўлялі ў беларускім раённым горадзе ў 70—80-я гады ХХ стагоддзя? Гэта была выключна трасянка. Якой мовай размаўляе Хлестакоў у спектаклі? Чыстай літаратурнай, бо ён са сталіцы. Калі я прызджаю ў вёску на Ушаччыне (у мяне там дамок), калі спрабую размаўляць з людзьмі па-беларуску, яны глядзяць на мяне як на ідыёта: я ж чалавек, які прыехаў са сталіцы!.. І як яшчэ ўмоўна можна было пазначыць сітуацыю, што Хлестакоў са сталіцы, а чыноўнікі жывуць у раённым горадзе?.. У гэтым таксама ёсць праўда: шмат пісалі, што Беларушчына пачнецца не з вёскі, а са сталіцы, з гарадоў, дзе ёсць адукаваная інтэлігенцыя, якая памятае словы Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». І здараецца момант, калі людзі разумеюць, што ў глабальным свеце нас можа не быць (а гэта 10 мільёнаў чалавек — нармальная сярэднееўрапейская краіна). Ад свядомасці гэтых люзей пачнецца іншы працэс. Я ўжо бачу: гэта модна, нават становіцца трэндам, калі меркаваць па колькасці рэкламы ці праектаў на беларускай мове.

— Што дае доўгае жыццё класічным творам? Бо кожнае пакаленне мусіць мець сваю драматургію.

— Я пакуль не бачу гэтай драматургіі як з’явы. Не тое, што яе няма. Я не бачу цікавага для мяне ў гэтым тэатры. Чытаю многа п’ес маладых беларускіх (па пашпарце) драматургаў, якія ў асноўным пішуць па-руску з разлікам на расійскую прастору. Але зусім іншая справа, калі чалавек спрабуе пісаць па-беларуску: ён павінен прыглядацца да Беларушчыны, да таго, як яна сёння існуе, а не толькі гістарычна. Такіх п’ес узроўню Купалаўскага тэатра ў маладых я не бачу. Таму мы робім спектаклі паводле класічных твораў — празаічных ці паэтычных. Напрыклад, «Пан Тадэвуш»: 500 старонак паэмы перараблялі ў сцэнічны варыянт. У прозе ці паэзіі даводзіцца выкінуць шмат ліній, якія важныя для аўтара, і шмат цікавага, і смакату самога літаратурнага твора. Гэта сумна…

Чаму, напрыклад, узнік Максім Гарэцкі? «Дзве душы» — галоўны беларускі твор, які адлюстроўвае амбівалентнасць: чалавек, які жыве на мяжы «Захад — Усход», адчувае, што ў яго дзве душы. У гэтым свеце ўсё на супярэчнасцях. Вайна — зло… А вызваленчая вайна?.. Маці — увасабленне дабра. А Маці-забойца свайго дзіцяці?.. Жыццё наогул амбівалентнае, і для беларусаў вельмі важна, што ў іх дваістая ментальнасць: гэта прывілей, а не загана. Адначасова і Еўропа, і праз Расію выхад у Азію. З-за гэтага мы мелі трагічную гісторыю, але набылі ментальны прывілей. Славутая беларуская талерантнасць вынікае з таго, што шмат этнасаў, шмат канфесій суіснавалі з часоў Вітаўта, людзі не бачаць адно ў адным ворагаў. У сучасным свеце гэта працуе нам на карысць.

Наогул, задача нацыянальнага тэатра — ментальна адпавядаць нацыі, збіраць яе на гэтай пляцоўцы, каб людзі разумелі: гэта беларускі тэатр ва ўсіх адносінах. Калі б, напрыклад, з’явілася сучасная п’еса на беларускай мове з такім узроўнем філасофіі і разуменнем этнасу, як у Валянціна Акудовіча, я быў бы шчаслівы. І калі мы будзем карыстацца беларускай мовай пачынаючы з дзіцячага садка, са школы і ВНУ, калі беларуская стане мовай вуліцы, тады будзем мець сучасную драматургію і літаратуру на гэтай мове. Амаль усе нашы класікі (ды больш блізкія нам Барадулін, Быкаў, Караткевіч) скончылі беларускія школы. І ў тыя часы ў вёсцы яшчэ размаўлялі па-беларуску, у сем’ях размаўлялі па-беларуску, і літаратура была магутная. А драматругія — наогул цяжкі жанр, трэба быць майстрам, каб стварыць п’есу: акрамя цікавай тэмы і сюжэта, трэба сканструяваць кампазіцыю, прыдумаць характары. Таму мы рабілі спектакль «Шабаны» з прозы. Ці «Радзіва Прудок» — літаратура, якая добра перакладаецца на мову тэатра, што ўзяўся зрабіць Раман Падаляка. Каб напісаць п’есу такога ўзроўню, трэба адчуванне асаблівасці беларускай культуры.

— У РТБД робяць пераклады рускамоўных п’ес на беларускую мову.

— У наступным сезоне мы будзем ставіць Паўла Пражко ў перакладзе. Думаю, гэта правільная п’еса, у ёй няма ненарматыўнай лексікі. Ён напісаў яе даўно, але яна пра сённяшняе інтэрнэтпакаленне, пра андрагінаў (2 хлопцы і 2 дзяўчыны). Іх паслалі ў калгас збіраць ураджай. Яны паламалі сад, развалілі ўсе скрыні, узялі айфоны і пайшлі. Яны не ведаюць, як пацалавацца, як узяць адзін аднаго за руку, ім трэба загугліць гэтую сітуацыю. Спектакль будзе ставіць малады рэжысёр Дзіма Цішко. Ужо ідзе з поспехам «Каханне як мілітарызм» майго сябра Пятра Гладзіліна. Але ў нас няшмат такога матэрыялу.

— Ці карэктуеце свае спектаклі, калі яны ўжо ідуць?

— Ніякіх карэктываў не раблю: спектакль склаўся менавіта ў такім выглядзе, значыць, так было трэба. Іншым разам гэта датычыцца нават не мяне, а нацыянальных геніяў, прарокаў, такіх як Купала. Яны амаль усе жылі ў вельмі цяжкай атмасферы. Калі Купала напісаў «Паўлінку» для Мядзёлкі, для самадзейнага тэатра, ці думаў ён, што п’еса стане такім брэндам? Што, у Купалы ў 1930-я гады была надзея, што яму будуць помнікі ставіць? Ён здзяйсняў сваю місію. Натоўп ідзе за сваім прарокам, а не наадварот. Спачатку ёсць ідэя, якая ад Бога. А потым за гэтай ідэяй, калі яна Боская і людская, ідзе народ. Думаць, што ты нешта зробіш і станеш адразу заможны і паспяховы, — гэта пра Філіпа Кіркорава, а не пра Купалу. Не пра Дуніна-Марцінкевіча, які сядзеў за свае погляды, не пра Якуба Коласа…

— Сёння тэатр — гэта сродак давесці да людзей штосьці істотнае…

— Згодна з рэйтынгамі, найбольшую цікавасць выклікаюць, як ні жудасна, нізкія з’явы, заснаваныя на інстынктах. У Купалы, Караткевіча ці Канта і Ніцшэ рэйтынгі будуць значна ніжэйшыя, чым у тэм пра рознага роду задавальненні. Таму дзяржава не павінна пытацца ў народа, што ён хоча. Усе хочуць толькі аднаго: грошай і каб іх не чапалі. Прывяду прыклад: за польскім часам улады прымушалі беларусаў ставіць прыбіральні, штрафавалі тых, хто не рабіў. Культура ўводзіцца прымусам. Зваліцца ўніз прасцей, чым узняцца ўверх. Калі мы хочам мець адукаваную, культурную нацыю, якая была б у эканамічным сэнсе эфектыўнай, яна павінна быць найперш культурнай. Феномен цуду, што адбыўся з Кітаем (мы правялі там на гастролях тры тыдні), не ў тым, што ён камуністычны, а ў тым, што яны ментальна падрыхтаваны да магутнага эканамічнага руху: іх культура назапашвала досвед тысячагоддзямі, там моцныя традыцыі будызму, канфуцыянства, глыбокая ідэалогія супрацоўніцтва, што ім дапамагае, няхай і пад мудрым кіраўніцтвам партыі…

— А што залежыць цяпер ад асоб у культуры?..

— Каб штосьці вырасла, патрэбныя спрыяльныя ўмовы. Мы ж грады ў гародзе паліваем, глебе даём угнаенне — тое ж у грамадстве: дзяржава стварае спрыяльныя ўмовы. І калі яны складваюцца, то ўзнікае «нашаніўскі» перыяд у культуры: Мікалай ІІ адмяніў цэнзуру, і ва Украіне і Беларусі спачатку паўсталі свая прэса, а потым свае дзяржавы, няхай у выглядзе савецкіх рэспублік. 1920-я гады: створаны ўмовы для развіцця беларускай культуры, навукі, тэатра — і «маладнякоўцы», і старэйшае пакаленне плённа працавалі… Сам па сабе такі ўздым не можа адбыцца. Як у Евангеллі: спачатку было Слова. То-бок ідэя, Логас.

— Як узнікае ідэя, што трэба ставіць?

— Іншым разам прыходзіць аднекуль... Прадчуванне, што трэба ставіць, — самае галоўнае ў тэатры. Калі ёсць добрыя п’есы, неабавязкова беларускія, калі разумееш, навошта ставіш і ў якой форме. Вядома, што кожны дзень да нас прыйдзе 340 чалавек, ім павінна быць цікава. Для тэатра важна трапіць у рэзананс. Яшчэ Шэкспір казаў, што задача тэатра — трымаць люстра перад тварам прыроды. Пад прыродай можна разумець грамадства.

— Калі меркаваць па залах Купалаўскага, то беларускі тэатр у гледача запатрабаваны.

— Я ў сваім жыцці не ўбачыў гэтага — маю на ўвазе больш шырокі кантэкст, чым толькі наш тэатр. Але я і аптыміст, таму што рана ці позна любая дзяржава, яе кіраўнікі (і мы гэта бачым) — зразумеюць, што краіна павінна мець сваю гісторыю, мову, што ў яе павінны быць свае героі, свае тэлеканалы, друкарні, пісьменнікі, навукоўцы, артысты… Інакш сэнсу ў незалежнасці няма. Прыклад: у маім Ушацкім раёне ёсць невялікая раённая газета, і яе ўсе чытаюць. Я бачу, што людзям цікава найперш тое, што адбываецца ў іх раёне. Мы прыходзім да таго, што казаў Гётэ: «Узаемаадносіны з маім кучарам для мяне больш важныя, чым ход усёй сусветнай гісторыі»…

 Так, я бачу інтарэс да беларускага тэатра, але разам з гэтым у зале час ад часу гучыць: «Што ён сказаў?..» І мы наўмысна перарабляем некаторыя пераклады і шукаем словы, больш зразумелыя людзям, ідзём на кампраміс. Кніжку можна адкласці, узяць слоўнік і вярнуцца да чытання. А ў тэатры, калі ў гэтую хвіліну чалавек не разумее, пра што ідзе гаворка, будзе не тая рэакцыя на спектакль. Попыт на беларускую мову, на Беларушчыну, я прадчуваю, можа з’явіцца хутка. Але калі не спрыяць гэтаму, то нічога не будзе. Добра, што ёсць рэкламныя стэнды з гістарычнымі дзеячамі, з замкамі. Добра, калі людзі ведаюць у твар спартсменаў, што прадстаўляюць краіну. Але трэба, каб былі бігборды і з артыстамі, пісьменнікамі, мастакамі. Усё разам гэта стварае культурнае асяроддзе нацыі. Каб людзі ведалі, чым ганарыцца, за што ваяваць, — нават так, калі спатрэбіцца… А не тое, што, маўляў, глабальны свет, і нам усё роўна, хто будзе плаціць грошы. Гэта сур’ёзная праблема, мы не вырашым яе ў рамках тэатра. Таму культурныя працэсы павінны паскорыцца, калі мы хочам выжыць як народ. Бо культура — нацыянальная бяспека. Гэта не толькі кнігі ці тэатр. Гэта і чысціня ў пад’ездах, парадак на вуліцы і тая ж вытворчасць… Таму павінна быць сур’ёзная дзяржаўная праграма дзеля развіцця нацыянальнай культуры.

— Як дапамагае яе развіццю зварот да класічных твораў беларускай літаратуры?

— Класіка таму і класіка, што яна працуе ва ўсе эпохі. Для таго, каб не працавала «Пінская шляхта» ДунінаМарцінкевіча ці «Пан Тадэвуш» Міцкевіча, павінна змяніцца геаграфія зямлі. На пасляпатопнай зямлі (калі гэта здарыцца) яны не будуць працаваць. Наша класіка будзе працаваць, пакуль гэта краіна існуе паміж Захадам і Усходам.

Размаўляла Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?