Вы тут

У Гродне прайшоў унікальны кірмаш


Традыцыйнае для гродзенцаў свята ладзіцца ўжо больш за 20 гадоў. За гэты час яно пашырылася, стала папулярным не толькі ў горадзе над Нёманам, але і далёка за межамі. Сёлета на кірмаш прыехалі майстры з усёй Беларусі, а таксама з Украіны. Цэнтральная плошча ператварылася ў сапраўдны горад майстроў. Свята «Казюкі» вядома з часоў Сярэднявечча і праводзіцца ў гонар святога Казіміра — абаронцы ўсіх майстроў.


Згодна з паданнем, святы сам майстраваў розныя бытавыя прадметы і раздаваў іх людзям. А само свята прыйшло з Літвы, дзе шырока адзначаецца. Галоўным атрыбутам у літоўцаў з'яўляюцца пернікі і спецыяльна аформленыя галінкі вярбы «казіміркі».

У гродзенцаў сёлета таксама з'явіўся ўласны атрыбут. Гэта — ягадна-травяны настой, «казіміраўка», якім частаваў гасцей майстар з Добруша Сяргей Казімірскі. Ён настойваў свой напітак на малінах, суніцах і чарніцах. Смак настою змаглі ацаніць і майстры, і наведвальнікі кірмашу.

Аматарам традыцыйных рамёстваў і сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва беларускія майстры паказалі вырабы з металу, дрэва, гліны, саломы, лазы, скуры, ільну, воўны, шкла, бісеру, а таксама ўзоры дэкупажу, скрапбукінгу, канзашы (вырабы з тканіны ў выглядзе пялёсткаў), тапіарыі (дэкаратыўныя дрэвы рознай формы) і іншае. Гродзенскія кавалі запрашалі на свой дворык, а майстры-фларысты дэманстравалі выстаўку велікодных вербаў і кампазіцый. Кожны мог даведацца пра асаблівасці лялек-абярэгаў, вязаных вырабаў, шыцця з абрэзкаў, традыцыйнага беларускага адзення і ручнікоў. У гродзенскім кірмашы прынялі ўдзел рамеснікі «Шчырай майстэрні» з Магілёва, удзельнікі клуба «Карагод сяброў» са Стоўбцаў, раённыя дамы і цэнтры рамёстваў Гродзеншчыны.

Напрыклад, Мастоўскі дом рамёстваў прадставіў плеценыя вырабы з саломкі, лазы і травы. Майстар Вольга Вайтовіч расказала, як правільна нарыхтоўваць траву. У асноўным бяруцца рагоз ці сітнік, што растуць на балоце, каля рэк. Траву размочваюць, затым у такім стане яе плятуць. У выніку атрымліваюцца цудоўныя рэчы — падносы, шкатулкі, бочкі з крышкамі. Кошт — ад 12 да 50 рублёў. Метадыст Вольга Сліж адзначыла, што апошнім часам такімі вырабамі цікавяцца гаспадары аграсядзіб і заказваюць прадметы з натуральных, прыродных матэрыялаў. Таксама карыстаюцца попытам капелюшы з саломкі.

Наведвальнікі кірмашу цікавіліся нават такімі ўнікальнымі прадметамі, як рыцарскія даспехі. Іх прадставіў гродзенец Дзяніс Васін. Сам сябе ён называе майстрам-платнерам. У старажытнасці гэта былі майстры, якія рабілі даспехі, сачылі за іх станам і жылі пры за́мку. Дзяніс растлумачыў: у яго прадстаўлены выставачны экзэмпляр, які зроблены на ўзор старажытнага шлема, што некалі знайшлі ў Гродне пры раскопках. Арыгінал экспануецца ў музеі Старога замка, а яго сучасныя аналагі, якія робіць Дзяніс, набываюць калекцыянеры, удзельнікі рыцарскіх клубаў. Цана шлема пачынаецца ад 300 рублёў.

Майстар з Гродзенскага раёна Уладзімір Казадой прывёз на кірмаш не толькі шырокі асартымент драўляных кухонных дошак, але яшчэ і незвычайнай формы зэдлікі і дзіцячыя крэслы. Кірмаш «Казюкі» ён лічыць самым адметным для майстроў, бо той арганізаваны спецыяльна для рамеснікаў. Да таго ж недалёка і да свята 8 Сакавіка, таму многія прыходзяць з мэтай набыць падарунак.

З гэтым меркаваннем згодны і майстар Мікалай, які прыязджае з далёкага Івана-Франкоўска. Ён прывозіць вырабы з бука. Многія гродзенцы набылі ў яго недарагія вырабы для кухні і быту. Мікалай паведаміў, што мясцовыя пакупнікі цікавяцца бочкамі, кадкамі для капусты і маслабойкамі.

У гэты дзень усе майстры імкнуцца шырока прадставіць свае вырабы, бо як майстрам пашанцуе, такім для іх будзе ўвесь год. Добраму гандлю спрыяла і надвор'е, дзень выдаўся хоць і марозны, але сонечны і ціхі. Гродзенскі кірмаш зацікавіў і палякаў.

— Да нас на свята прыехалі дзве вялікія дэлегацыі з Польшчы — з Беластока і Аўгустова, — паведаміў старшыня Гродзенскага гарадскога аддзела Саюза палякаў на Беларусі Казімір Знайдзінскі. — Магчыма, у будучым у кірмашы прымуць удзел і польскія майстры.

Гродзенскі гарадскі аддзел Саюза палякаў на Беларусі з'яўляецца адным з арганізатараў свята сумесна з гарадскімі ўладамі. Беларускія і польскія песні падчас свята выканаў папулярны ў горадзе народны калектыў «Гасцінец». Цырымонія адкрыцця кірмашу таксама праводзіцца традыцыйна на беларускай, рускай, польскай і літоўскай мовах.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: На «Казюкі» майстры пануюць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».