Вы тут

Хто яна, галоўная жанчына ў вашым жыцці?


Яны даюць жыццё, натхняюць на подзвігі, клапоцяцца пра дабрабыт, выхоўваюць дзяцей, самааддана працуюць дзеля народа і ратуюць лёсы. Жанчыны. Яны заўсёды побач з намі ў самыя шчаслівыя і складаныя моманты. Маці, бабуля, каханая, сястра і сяброўка — хто яна, галоўная жанчына ў вашым жыцці, пра гэта мы спыталіся ў сваіх чытачоў.


Вольга Паліціка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

— Галоўныя жанчыны, якія паўплывалі на мяне, — гэта маці і бабуля. Звычайна менавіта гэтыя людзі больш за ўсіх прымаюць удзел у выхаванні дзяцей. Яны закладваюць асноўныя погляды на жыццё. Мая бабуля была звычайная вясковая жанчына, працавала ў саўгасе. Яны з маці мяне не накіроўвалі ў прафесійным плане, бо не мелі дачынення да грамадскага жыцця. Але заклалі лёсавызначальныя арыенціры. Яны вучылі: калі бярэшся за справу, рабі яе добра, будзь сумленнай, дапамагай людзям, калі гэта ў тваіх магчымасцях. Такімі прынцыпамі ў сваім жыцці заўсёды кіравалася і бабуля, і мама. Цяпер мая маці, Марыя Іванаўна, ганарыцца мною, маёй справай, але, з іншага боку, разумее, што дзесьці з-за працы я абдзяляю ўвагай сваю сям'ю.

Вольга Арцёменка, дэпутат Віцебскага раённага Савета дэпутатаў, дырэктар Кіраўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна:

— Для мяне галоўнай жанчынай была бабуля. Яна больш чым 40 гадоў працавала настаўніцай малодшых класаў у школе, прайшла вайну. Рашэнне стаць настаўніцай я прыняла яшчэ маленькай дзяўчынкай, калі была ў трэцім класе. Я тады хацела быць падобнай на бабулю. І мая мара здзейснілася — зараз я выкладчыца гісторыі, рускай мовы і літаратуры.

Уладзімір Шокаў, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане «Памяць»:

— Вельмі важны для мяне чалавек — мая жонка. Падчас ваенных дзеянняў у Афганістане я быў цяжка паранены. Пасля Кабула, Кандагара знаходзіўся ў Ташкенце. Мне давалі другую групу інваліднасці, і вырашалася пытанне: заставацца тут служыць ці не. А там ні хаткі, ні градкі. Усе родныя — у Беларусі, у Заслонаве. Я патэлефанаваў начальніку, а яны паведамілі жонцы. Яна з маленькімі дзецьмі адразу прыляцела ў Ташкент. Клапацілася пра мяне, паставіла на ногі. Яна сама па адукацыі медык. Са Святланай Мікалаеўнай мы разам ужо з 1971 года. У нас двое дзяцей, чацвёра дарослых унукаў.

Ігар Гардзееў, дырэктар Завода цеплатэхнічных прыбораў:

— Галоўная жанчына для мяне — маці. Яна нарадзіла, дала жыццё, апранала, карміла, выхоўвала, вучыла. Без гэтага ж нікуды! Як у дзяцінстве, у выхаванні закладзена, так і ў далейшым жыцці паводзіць сябе чалавек. Мая матуля навучыла мяне быць сумленным, годным і пунктуальным чалавекам. Гэтыя якасці дапамагаюць мне ў працы з вялікім калектывам.

Таццяна Краўчанка, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ГА «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў»:

— Маці аказала ўплыў на маё жыццё. Яна заўсёды была прыкладам у стаўленні да людзей, сям'і, працы. Я вырасла не ў вялікай сям'і, але сама нарадзіла пяцярых дзяцей. А вось заахвоціла мяне працай са шматдзетнымі бацькамі якраз маці. Яна выпадкова ўбачыла аб'яву, што ў пэўным месцы адбудзецца сустрэча шматдзетных сем'яў. Матуля прынесла гэтую цыдулку мне, каб я туды схадзіла. З гэтага ўсё пачалося — і вось ужо 26 гадоў існуе наша арганізацыя.

Марыя Кулінковіч, майстар спорту міжнароднага класа, шматразовая чэмпіёнка і прызёрка Рэспублікі Беларусь па каратэ:

— Канешне ж, самая галоўная жанчына — гэта маці. Яна дала жыццё мне і сястры, выхавала нас добрымі людзьмі. Мама перажывала разам са мной усе пройгрышы і перамогі, падтрымлівала, не давала падаць духам, калі было складана. Я вельмі ўдзячна ёй. Старэйшая сястра таксама сыграла значную ролю. Яна дапамагала маці ў маім выхаванні, бо я была гарэзлівай дзяўчынкай. Ім прыйшлося цяжка са мною. Нягледзячы на тое што ў дзяцінстве мы сварыліся, біліся з сястрой, зараз мы вельмі цэнім і паважаем адна адну. Цяпер, калі мы сталі дарослымі, нам ёсць што ўспомніць і з чаго пасмяяцца. А яшчэ адна з галоўных жанчын — мая бабуля, якая ўжо пайшла з жыцця. Я буду яе памятаць. Бабуля заўсёды ведала, як дапамагчы, падтрымаць словам. Менавіта гэтыя тры жанчыны ўклалі ў мяне якасці, неабходныя ў жыцці і ў спорце.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Галоўная ў жыцці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».