Вы тут

Летась у Беларусі зроблена 491 аперацыя па трансплантацыі органаў


Найчасцей перасаджвалі ныркі — такіх трансплантацый было 362.


Акрамя гэтага, 79 пацыентам перасаджана печань, 39 — сэрца, 6 — падстраўнікавая залоза, 5 — лёгкія. Амаль палова аперацый — 179 — праведзена ў рэгіёнах. Ад 35 да 45 трансплантацый ажыццявілі ў Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцях.
А ў пачатку гэтага года першую аперацыю па трансплантацыі ныркі зрабілі магілёўскія ўрачы.

Сёння Беларусь, — дарэчы, адзіная ў СНД, — уваходзіць у топ-50 самых развітых краін свету ў галіне транспланталогіі. Па ўзроўні донарства органаў мы знаходзімся ў топ-20.

— Новым пунктам адліку ў гісторыі беларускай транспланталогіі стаў 2008 год, калі 3 красавіка была праведзена першая ў Беларусі аперацыя па перасадцы печані, — кажа кіраўнік РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак доктар медыцынскіх навук Алег Румо. — З таго часу колькасць выкананых трансплантацый павялічылася больш чым у 65 разоў, а колькасць донараў вырасла ў 45 разоў. У 2011 годзе Беларусь увайшла ў топ-50 самых развітых у гэтай галіне медыцыны краін.

Алег Румо падкрэсліў, што з мінулага года ў Беларусі дзейнічае камп'ютарная праграма па размеркаванні донарскіх органаў, якая дазваляе выключыць так званы чалавечы фактар падчас самай распаўсюджанай аперацыі па трансплантацыі — перасадкі ныркі. Камп'ютар падбірае кандыдатаў на орган з ліста чакання, кіруючыся двума прынцыпамі: прыярытэтнасці і клінічнай эфектыўнасці. Першы з іх азначае, што перавага аддаецца дзецям і тым, хто мае патрэбу ў перасадцы некалькіх органаў. Другі ўлічвае працягласць функцыянавання органа.

Дарэчы, у Беларусі ўжо каля дзвюх соцень дзяцей, якім выканалі перасадку органаў, 120 з іх зроблены трансплантацыі ныркі, 65 — печані і 2 — сэрца. А 34 жанчыны з трансплантаванымі органамі нарадзілі здаровых дзяцей.

Летась наша краіна далучылася да міжнароднага згуртавання па абмене органамі Foedus. Гэта арганізацыя аб'ядноўвае значную колькасць краін Еўропы з агульным лікам насельніцтва звыш 300 мільёнаў чалавек. Паміж імі ажыццяўляецца ўзаемавыгадны бязвыплатны абмен органамі ў тым выпадку, калі ў якойсьці з гэтых краін тэрмінова патрабуецца трансплантацыя.

— Калі ў краіне ёсць пацыент з тэрмінальнай стадыяй захворвання печані, а донарскага органа на гэты момант няма, можна звярнуцца ў арганізацыю і атрымаць яго з суседняй краіны, — растлумачыў Алег Румо. — У 2017-м у межах такога абмену паміж краінамі Foedus было трансплантавана 54 органы. Летась мы таксама сутыкнуліся з вялікай праблемай: тэрміновая трансплантацыя печані патрабавалася некалькім пацыентам, якія атруціліся грыбамі. Чатыры аперацыі мы правялі паспяхова. А вось выратаваць адну з пацыентак, маці пяцярых дзяцей, на жаль, не ўдалося. Трансплантацыю выканалі, але галаўны мозг да таго часу загінуў. Вось у такіх сітуацыях, калі адбылося атручванне невядомымі ядамі, міжнароднае супрацоўніцтва мае вялікае значэнне.

Сёлета плануецца разгледзець пытанне аб міжнародным супрацоўніцтве на заканадаўчым узроўні і ўнесці адпаведныя змены ў нарматыўныя акты. А таксама пашырыць спіс прыжыццёвых донараў. Калі раней іх колькасць абмяжоўвалася донарамі «першай рукі», а менавіта роднымі братамі, сёстрамі, дзецьмі, бацькамі, то цяпер добраахвотна ахвяраваць свой орган могуць і больш далёкія сваякі. Таксама парламентарыі разгледзяць і магчымасць бязвыплатнага дарэння органаў (такая практыка існуе ў многіх краінах свету), калі чалавек гатовы ахвяраваць частку сваёй печані ці нырку, не ведаючы, каму ён яе «адрасуе».

Па дапамогу ў перасадцы органаў да беларускіх медыкаў звяртаюцца і замежнікі. Найчасцей гэта грамадзяне суседняй Украіны. Органы для іх бясплатныя, а вось работу трансплантолагаў яны аплачваюць. Аперацыя па перасадцы ныркі каштуе ў нас каля 67 тысяч долараў, печані — 132, сэрца — ад 100 тысяч. Для параўнання: у Індыі, дзе больш за ўсё робіцца трансплантацый, перасадка ныркі каштуе ад 36 да 57 тысяч долараў. Такім чынам, як адзначыў Алег Румо, нашы цэны параўнальна невысокія.

Аднак платныя трансплантацыі пакуль не перавышаюць 10 %, паводле інфармацыі Алега Румо, паколькі перасадка патрабуецца немалой колькасці сваіх грамадзян. У лісце чакання на перасадку ныркі, напрыклад, знаходзяцца 324 беларусы, печані — 116, сэрца — 58.

— Усе выпадкі рознай ступені цяжкасці, — кажа медык. — І калі стан кагосьці рэзка пагоршыцца і будзе пагроза жыццю, ён апярэдзіць астатніх у чарзе, аперацыя робіцца тэрмінова. Гэтым летам малады чалавек, які выхоўваў дваіх дзетак і не знаходзіўся ў лісце чакання на перасадку печані, атруціўшыся грыбамі, стаў першым у чарзе. Яго ўдалося выратаваць.

Даведка

Першая аперацыя па трансплантацыі на тэрыторыі Беларусі была зроблена 48 гадоў таму. З той пары перасаджана больш за 4 тысячы органаў. Прычым у першыя чатыры дзесяцігоддзі развіцця транспланталогіі адбылося ўсяго 700 аперацый. А за апошнія дзесяцігоддзе перасаджана 3300 органаў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Дзеля выратавання жыцця

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.