20 Чэрвень, серада

Вы тут

Жменька слоў. І... цэлы раман


Вядомая беларуская пісьменніца Лідзія Арабей (светлай памяці) за свае амаль 90 і пабачыла, і напісала шмат.

Казала неяк, што родзіч званіў — пад уражаннем ад яе «Паласы дажджу». «А гэта пра што?» — паспрабавала ўспомніць Лідзія Львоўна (бо калі тое было). — «А вы пачытайце, — «падказаў» сваяк. — Гэта вельмі цікава!»

Не ў памяці, ці засела за тую «Паласу...» шаноўная аўтарка. А вось я свае зборнікі абразкоў «Праз каханне», «Каб сказаць... І пачулі» надоечы пагартала. Цікава было, асабліва — пра нас, пра жанчын.


Толькі праўду...

«З чаго пачынаецца ваш дзень?» — любяць пытаць журналісты ў палітыкаў ды зорак эстрады.

Адна з іх (мы гадоў 20 знаёмыя) адказвала так: «З кубачка кавы і цыгарэты». Што, між іншым, чыстая праўда. Але...

Кажу, што ведаю: жыве гэта зорачка ў звычайным панэльным доме. Жыве з дачкою і зяцем. Яны цяпер малое чакаюць. І курыць у хаце... Ды божа барані!

Таму цешча, прадраўшы вочы і ўскінуўшы на плечы халат, паўзе на кухню і ўжо з яе — на лесвічную пляцоўку, у ціхі куток, дзе смеццеправод. На суседчыну скрынку з бульбай яна ставіць попельніцу і кубачак з кавай, на сваю — садзіцца сама, запальвае цыгарэту, пачынае дзень.

...Знаёмы рэдактар некалі казаў: «Народ павінен ведаць праўду! Толькі праўду! Але не ўсю».


Дзве дачкі, дзве маці

Сіла слоў, сіла прыкладу... Пятроўна гады тры таму ўсё да капейчыны з «панчохі» выграбла, гараж прадала, сватоў «страсянула», у крэдыты па вушы ўлезла, але кватэру для дзяцей — для дачкі з зяцем, для ўнучкі — пабудавала!..

Што цікава, прыяцелькам, блізкім сваім расказвала потым не столькі пра цяжкасці, колькі пра тое, як яны атрымалі ключы, як першы раз і разам паехалі глядзець тыя апартаменты: кухня 13 квадратаў, калідор — 16... Малая па пакоях адразу панеслася... А вось дачка — наадварот: тут жа, у калідоры, села на падлогу, абхапіла рукамі твар і, не могучы верыць шчасцю, заплакала: «Мама, мамачка... Мы?.. Тут... будзем жыць?!»

Узнагародзіла, карацей, аддзячыла. Яна — сваёй маці. І на гэткі ж подзвіг (у імя дзяцей) падбіла чужую...

Аднак яе дачка, атрымаўшы ключы, у калідоры не спынілася — спакойна, па-гаспадарску прайшлася па кватэры. А прамовіла толькі адно:

— Блін, дзе ж грошы ўзяць, каб гэта абставіць?!


Па законах

Жыццё ў палоску. Суседка па дачы яшчэ ўчора, здаецца, шчаслівай была — хвалілася, якое ўдалае насенне купіла, як хораша ўсё ўзышло. А сёння заміж любасці — злосць.

— Мама «памагла», — абураецца на ўвесь голас. — І прасіла ж яе: «Не ідзі ў гарод. Я сама ўсё прапалю...». Дык жа не — улезла! Агуркі — праз адзін павырывала (ведама, не дабачыць...), а моркву (такая градка была!) — ледзьве не ўсю!

...Закон жыцця: матуля (хай нямоглая, старая) хоча нешта рабіць, хоча дапамагчы дачцэ, бо шкадуе яе.

А дачка — моркву...

Пакуль маці жывая.


Жах

Вёска. Крамка. Міні-мітынг. У сэнсе, тры кабеткі сышліся, гавораць пра мужоў — і, між іншым, нічога ўсцешнага, бо ў адной ён горкі п'яніца, у другой — «яшчэ той кішкамот»...

— От Соньцы добра! — зайздросцяць абедзве трэцяй. — Ніхто галаву ёй не дурыць, ніхто яе кроўку не п'е — адна! Сама сабе начальніца, што хоча, тое і робіць.

Сонька ўсміхаецца, Сонька — не пярэчыць, яна нават згаджаецца, калі кажа ім:

— Ну, мне найлепей, «што хачу, тое і раблю»: стану плот гарадзіць — есці не варана, стану есці варыць — плот не гароджаны...

І нават паскардзіцца на гэта няма каму.


«Мы все учились...»

Антонаўне гадоў пад 40, відаць... І «ўсё пры ёй», а не замужам — нават не была... Чаму — пытацца няёмка. А здагадвацца...

Фаіна Ранеўская ў старасці і, відаць, напаўжартам расказвала, як першы раз закахалася (у артыста, у свае 19), як пакутавала, як прагна хацела, каб ён заўважыў, звярнуў на яе ўвагу. І як цуд той нарэшце адбыўся.

— Дзетачка, ты ж ля тэатра пакой здымаеш? — неяк спытаў каханы. — То вечарам я зайду...

Дзяўчо ад шчасця ледзь не памерла — грошай пазычыла, стол накрыла, а ўжо прыбралася...

Ён прыйшоў — позна, нападпітку і з... іншай жанчынай. Сказаў: «Дзетачка, пагуляй дзе-небудзь пару гадзін».

Так «пераехалі» Фаіну. Легендарную...

І ці толькі яе?

Пытанні «на засыпку», на роздум: калі б ведалі, кім яна стане, можа, не, пераязджалі» б? А калі б не «пераязджалі», то ці стала б яна тым, кім стала?


Два лёсы...

Аўцюкоўцы (рэха фестываляў) да ўвагі прывычныя: ахвотна пазіруюць перад камерамі, ахвотна адказваюць на любыя пытанні. Тым больш што складанага ў іх нічога. Накшталт... «Калі ж вы ткалі-вышывалі?» — пытаю ў адной аўцючкі. «Па начах ды калі каровак пасціла», — адказвае тая. «А дзе працавалі?» — «На хверме... Усю жысь. І дома... Як вол, бо чацвёра дзетак». — «А ці добры ж мужык?» — «Ды не дай бажок! І піў, і біў, і з хаты выганяў... З дзецьмі ўвесь час у палі ўцякала. Добра, як у стог дзе заб'ёмся, — я іх сабою накрыю... А раз не дагледзела — хлопчык мой ножкі падмарозіў. З фельчаркай ледзь адцерлі. Помніш?» — звяртаецца яна да «хлопчыка».

Той побач стаіць (па камплекцыі — як шафа з антрэсолямі), слухае, згодна ківае. Маці — радуецца, бо такі падняла, нягледзячы ні на што, у людзі вывела — усіх чацвярых, можа ганарыцца цяпер і сабой, і дзецьмі. Аднак... Гэта няёмка, нясціпла, таму аўцючка «адступаецца»: ужо сама пытае ў пажылой жанчыны, што побач: «А як жа вы?.. У вас колькі дзетак?»

Тая неспадзеўкі губляецца, ды дзявацца няма куды — спакойна адказвае, што замужам не была, дзяцей не мае...

Значыць, не раджала, не няньчылася, не начавала ў стозе, не плакала (ні ад уласнага бяссілля, адціраючы тыя ножкі, ні ад радасці за першыя словы), не перажывала, не пакутавала...

Дзве жанчыны (адна ўсю жытку білася, як вада ў віры, другая, можна сказаць, стаяла на беразе) — два лёсы.


Формула любові

...Сцежкі іх не адразу сышліся: Маша на той час набылася ўдавой, Косця — двойчы жаніўся і двойчы разводзіўся. Але ж пажаніліся, жытло набылі, забралі бацьку яго старэнькага — разам жывуць, хоць гэта і цяжка: не тыя ўжо нервы, не тыя характары. Ён ледзь што — «у бутэльку», яна — таксама: за свае «вандзэлкі»...

Пахапа́ла днямі (чарговы раз), выскачыла на вуліцу да сваёй машыны і, глынуўшы сцюдзёнага паветра, трохі працверазела — ад думак: «А што далей? Куды ісці і ехаць? Дамоў? Дык там жа дачка, зяць... Там (і амаль паўсюль!) сем'і... А ёй, значыць, зноў адной? За якія грахі? Чаму?»

Свёкар следам выйшаў, спытаў:

— Ты куды гэта, донечка? Што надумала? Давай свае сумкі — пойдзем назад... Я зараз свінцы замяшаю, каб табе лягчэй было; па бульбачку ў склеп схаджу...

«Каб табе — лягчэй было»...

Ці не ў гэтым, да болю простым, формула любові?

Чалавеку разам з жыццём Бог дае крыж. Потым — сілы, каб несці. І акружэнне, якое ў цяжкія хвіліны будзе спрыяць, падстаўляць плячо. Альбо... не будзе.


Арыфметыка

«Во, на ўдаву і лапаць брэша!» — уздыхае Наташа і гаворыць пра чарговую крыўду. Мужчына знаёмы ёй з сынам адпачынак абяцаў. Расказаў, якое возера там (тут, у Беларусі), якія сосны, як смачна гатуюць... А галоўнае — нядорага. Ён усё абяцаў уладзіць, нават аплаціць!

Яна з той радасці дзве вуды малому купіла:

— Паверыла... Дурніца!

— Не, ты проста маладая, — па-старэчы ўздыхаю я і расказваю любімую байку пра дзвюх жанчын. Яны неяк раз кавалераў да сябе запрашалі. «Так, — гаварыла старэйшая, — клічам 32 чалавекі» — «Божухна, а навошта столькі?» — жахнулася маладая і пачула: «Па-першае, з 32 — 16 не прыйдзе, з 16 — 8 прысунуцца п'янымі, з 8 — 4 (потым акажацца) ужо не мужчыны, а па два...»

Наташа смяецца і, запамінаючы, загінае пальцы:

— Як-як? 16 не прыйдзе?..

Хто папярэджаны — той узброены. Хоць бы псіхалагічна.


Каб зразумелі

Сяброўкі завуць яе Птушкай. Відаць, таму, што яна заўсёды ў «палёце», заўсёды ў клопатах — пра матулю, дачку, унучку, пра чужых дзяцей з гарадскога хоспіса, пра знаёмых, незнаёмых і толькі потым ужо — пра сябе...

Зрэшты, зараз гэты клопат ці не самы галоўны, бо яна шукае... працу — новую.

Галоўнае, старую сваю Птушка любіла і добра ведала, яна хацела і магла працаваць. Але...

Гэта некалі ніхто не глядзеў на ўзрост: працуеш — працуй! Хоць у 90, калі спраўляешся. А потым — за абнаўленне кадраў узяліся, кантракты ўвялі.

...Тым, хто гэта зрабіў, Птушка спачатку зычыла шмат чаго. Цяпер — хіба таго, што мае сама. Гэта значыць, каб ім таксама без дай прычыны не падпісалі кантракты; каб «пасадзілі» (як большасць) на, мякка кажучы, сціплыя пенсіі; каб на тыя грошы ды ў горадзе яны паспрабавалі «пражыць» і, калі гэта не атрымаецца, пашукаць працу. А галоўнае, каб ім тады (з іх адукацыяй і працоўным досведам) таксама прапанавалі — у лепшым выпадку — «пасады» падмятайлаў ці фасоўшчыкаў круп.


Жменькай слоў

Мужчына...

Падалося, прыстойны?

Падалося, разумны?

Падалося, добры?

Падалося, звярнуў увагу?!

Паглядзела бліжэй — падалося.


Марыць не шкодна

У Кацюшы — папугай. Не звычайны, бо гаворыць, і, дарэчы, не абы-што. Ну вось напрыклад, сабрала Каця сняданак, папугай вокам кінуў і кажа: «Шык-коўна!», стала адзявацца-раздзявацца, ён зноў тут як тут: «Шык-коўна! Шык-коўна!»

Божухна, калі б кожнай з нашых жанчын хоць адзін раз на дні хтось казаў гэта слова...

Ці трэба пісаць, што яны зрабілі б?


Па дарозе

Штодзённае, жаночае — нешта прыгатаваць, памыць, прыбраць, купіць... Шматлікія «трэба»: дома — адны, на працы — другія...

І толькі па дарозе — з дому на працу і з працы дамоў — можна «адарвацца»: калі пашанцуе — сесці, дастаць з сумкі кніжку, газету і пачытаць.

Альбо (калі сесці не пашанцуе) — паглядзець, як сплывае апошні снег, як вяртаюцца ў гнёзды птушкі, як прыгожа апранаюцца (ці распранаюцца?) дзяўчаты, як прыходзіць на зямлю вясна і праходзіць жыццё...

Незалежна — бачыш ты гэта ці не.

Валянціна Доўнар

Р. S. ...Настаўніца спытала ў дзяцей: «Што вы дорыце сваім любімым 8 Сакавіка?» — «Кветкі! Малюнкі! Цукеркі!» — зашумелі вучні. «А можна і песню... — дадаў адзін, — калі больш няма чаго».

У мяне — ёсць. Верш:

Кожны ранак ёсць прычына

Дыфірамбы пець жанчынам

І прасіць іх, дарагіх,

Ад бяды і адзіноты,

Ад нястачы і нудоты

Берагчы найперш малых,

Берагчы сваю Айчыну,

Берагчы свайго мужчыну

І... йшчэ парачку чужых!

Усміхнуліся? Цудоўна! Так і хадзіце! Бо ўсмешка (гэта навукова даказана) ёсць самы лёгкі, самы танны і ўніверсальны спосаб упрыгожыць сябе. І свет.

Перад святамі.

Р. Р. S. Насамрэч перачытаць што-кольвек з тысяч абразкоў прымусіў тэлефонны званок: спадарыня Амельянюк з Брэста пыталася, ці ёсць у продажы ды бібліятэках згаданыя кнігі? Месцамі — цалкам магчыма — пытайцеся. Чытво, вядома ж, на аматараў, але ім, як падаецца (сам сябе не пахвалі — так і памрэш...), задавальненне гарантаванае.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Падарожжа на расійскі Далёкі Усход

Падарожжа на расійскі Далёкі Усход

Аўтар матэрыялу раней працаваў у «Звяздзе». Але і цяпер не забывае родную газету.