Вы тут

Палац гімнастыкі ўрачыста адкрыўся ў Мінску


«Новы дом» для будучых прызёраў адкрылі ўчора ў Мінску. Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы — гэта ўнікальны для постсавецкай прасторы комплекс. У ім не толькі залы для заняткаў, але і вучэбныя класы, пакоі для адпачынку, харэаграфічныя кабінеты, нават басейн і лазня. Для беларускіх грацый стварылі такія ўмовы, ад якіх нават у неспартсмена дух захоплівае. У адкрыцці цэнтра ўзяў удзел Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.


Побач з будынкам стаіць зроблены з каменю мяч і стужка з металу — своеасаблівы манумент усім юным гімнасткам. Дзве дзяўчынкі, што толькі выйшлі з Палаца, гадоў сямі, падыходзяць да яго. «Ну і стужка! Мне такую не ўзяць», — кажа адна з іх. Смяюцца, а другая раптам заўважае, што на мячы — адбітак далоні нашай славутай Марыны Лобач. Кладзе туды руку і кажа: «Хачу быць як яна!»

Марына Лобач — першая савецкая алімпійская чэмпіёнка па мастацкай гімнастыцы. Яна была адной з тых, хто разрэзаў учора чырвоную стужку падчас урачыстага адкрыцця будынка. Чэмпіёнка ўспамінае, у якіх умовах яна трэніравалася яшчэ ў часы СССР, у якіх памяшканнях да гэтага дня займаліся сённяшнія спартсменкі, і прызнаецца, што мяжы няма яе захапленню. «Тут мяне напаўняе натхненне і, галоўнае, — жаданне працаваць надалей», — падзялілася ўражаннямі яна.

Па словах старшыні Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Алены Скрыпель, выхаванцы ў мастацкай гімнастыцы ўжо з гэтага дня пачнуць абжываць новы дом. Ён сапраўды ўнікальны, бо Беларусь адна з першых, хто збудаваў цэлы комплекс для такога віду спорту, што для невялікай краіны — дасягненне. «Цікавасць да мастацкай гімнастыкі пастаянна расце. Ён каласальны! Бацькі ахвотна аддаюць у яе маленькіх дзяўчынак. Дарэчы, сёння мы абмяркоўвалі з Прэзідэнтам, што варта таксама развіваць і мужчынскую мастацкую гімнастыку, набіраць таксама і хлопчыкаў», — дзеліцца Алена Скрыпель.

Звяртаючыся да прысутных падчас адкрыцця Палаца, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што жанчыны — гэта найлепшае, што ў нас ёсць. Палац гімнастыкі — сімвалічны падарунак для тых дзяўчынак, якія займаюцца мастацкай гімнастыкай, да надыходзячага Міжнароднага дня жанчын. І тых грошай, якія ўкладзены ў будынак, не шкада. Прэзідэнт выказаў удзячнасць усім, хто меў дачыненне да ўзвядзення гэтага цэнтра. Асаблівую ўдзячнасць ён выказаў будаўнікам. «Вось тут вы ўжо малайцы. Дамовіліся мы менш як год таму, што да 8 Сакавіка падорым гэтым цудоўным дзяўчатам, іх бацькам, усім тым, хто сёння займаецца, адказвае за мастацкую гімнастыку, за спорт, такі цудоўны і ўтульны палац, і мы гэта зрабілі. Вы, будаўнікі, гэта зрабілі. Я вельмі рэдка хвалю будаўнікоў, але шчыра вам удзячны», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што мастацкая гімнастыка ў Беларусі пакрыўджана не была, хоць раней такіх умоў для заняткаў спартсмены не мелі. Цяпер у іх ёсць дастойная пляцоўка для таго каб паказваць і надалей добрыя вынікі. «Я хацеў, каб вы тут не толькі працавалі. Работа спартсмена — жахлівая работа. Ведаю, як цяжка вам, асабліва маленькім, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да гімнастак. — Я хацеў бы, каб вы тут і аднавіцца маглі, і адпачыць. Таму жывіце ў гэтым доме дружна, мірна, працуйце, трэніруйцеся, адпачывайце, мы за вас будзем хварэць».

Таксама Прэзідэнт падзяліўся галоўным сакрэтам поспеху для спартсмена — не заціскацца і ні ў якім разе псіхалагічна сябе не напружваць, а старацца выступаць на спаборніцтвах так, нібыта на трэніроўцы. І гэта — выключна ўнутраная работа кожнага. «Калі вы гэту праблему ў сабе вырашыце, вы дакладна будзеце чэмпіёнкамі і свету, і Алімпійскіх гульняў. Яшчэ раз жадаю вам псіхалагічна добрага настрою, самаадданасці, мужнасці ў гэтым жаноцкім і ў той жа час мужчынскім відзе спорту», — пажадаў юным грацыям Аляксандр Лукашэнка.

Вераніка ПУСТАВІТ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Палац для грацый

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.