Вы тут

6 фільмаў, дзе ўсё верціцца вакол жанчыны


Мы часта становімся сведкамі спробаў рэжысёраў-мужчын даследаваць жаночае нутро – таго, што, як часта кажуць, асобам мужчынскага полу не спасцігнуць ніколі. Жанчына стала лейтматывам усёй гісторыі кінематографа – маецца на ўвазе, не ў якасці персанажа, канешне, але аб’екта нейкага экстатычнага анатаміравання. Праўда, асабліва чароўным драматургічным прыёмам – свядомым альбо не – становіцца пазіцыя жаночага персанажа, у якой яна заслоненая іншымі героямі, але сюжэт рухаецца менавіта дзякуючы ёй. Маўляў, адкрыта ці прыхавана, Зямля ўсё роўна круціцца па жаданні жанчыны.


“Касабланка” Майкла Кёрціца

“А сёння ўвечары ўбачымся?” – “Я не планую так далёка”. Вобраз абыякавага і цынічнага Рыка Блэйна, гаспадара ігорнага клуба ў Касабланцы ваенных часоў, як нельга лепш атрымаўся ў Хамфры Богарта, а хто не любіць Хамфры Богарта? Галоўны герой кіруе ўстановай, лавіруе паміж палітычнымі і ідэалагічнымі цячэннямі, застаючыся ў баку ад кожнага з іх, і абсалютна беспардонна дынаміць закаханую ў яго Івон. Але будзе прыемна даведацца, што непрыступнага, бясстрастнага і грубага Рыка Блэйна ўсё ж можна ўсхваляваць. І не сусветнай вайной ці барацьбой з фашызмам, а Ільзай – каханай з мінулага, якая аднойчы з’яўляецца ў ігорным клубе Рыка... І вось тады прыходзіць час для валявых рашэнняў, барацьбы за справядлівую справу і сапраўдных мужчынскіх паступкаў. Ролю Ільзы, дарэчы, выканала Інгрыд Бергман. У 1944 годзе “Касабланка” атрымала Оскар як найлепшы фільм і за найлепшы адаптаваны сцэнарый, а Майклу Кёрціцу за гэтую ж карціну дасталася статуэтка як найлепшаму рэжысёру.

 “Жуль і Джым” Франсуа Труфо

Французская Новая хваля дала нам цудоўны фільм пра сяброўства аўстрыйца Жуля і француза Джыма ў Парыжы пачатку XX стагоддзя. Зразумела, у гэты гісторычны перыяд такія міжнацыянальныя стасункі не могуць не пацярпець, таму ў цёплую дружбу Жуля і Джыма ўварвецца Першая сусветная вайна, у якой сябры акажуцца па розныя бакі барыкад. Але нават трагічныя падзеі пачатку века не будуць для іх лёсаў такімі фатальнымі, як з’яўленне ракавой жанчыны Катрын, якую сыграла непараўнальная Жанна Маро. Можна сказаць, прыватнае параўноўваецца з сусветным і моц першага, аказваецца, валодае большым патэнцыялам да непапраўных разбурэнняў. Сапраўды, гэты любоўны трохкутнік наўрад ці прывядзе да нечага добрага, але пакажа, як дзякуючы жанчыне абсалютна шчаслівы мужчына можа зрынуцца ў натуральную бездань пакут.

 “Бягучы па лязе” Рыдлі Скота

“Бягучага па лязе”, напэўна, дагэтуль ніхто не пераплюнуў у таленавітасці стварэння антыўтапічнага вобраза далёкай будучыні. У яскравым, аўтаматызаваным, развітым свеце дэтэктыў Рык Дэкард, якога сыграў Харысан Форд, не адчувае шчасця. Ды і не бачна, каб нехта яго адчуваў. Дэкарда аднаўляюць на службе, каб той заняўся беглымі рэплікантамі – істотамі, якіх стварыла генная інжэнерыя, а чалавецтва выселіла на іншапланетныя калоніі. Праблема ў тым, што рэпліканты выглядаюць, як людзі, і выявіць штучнасць можа толькі спецыяльны тэст, які просяць праверыць на супрацоўніцы карпарацыі па вытворчасці рэплікантаў “Tyrell”. І тут на экране з’яўляецца Рэйчал – халодная, вытрыманая, маўклівая прыгажуня, упэўненая ў тым, што яна чалавек. Але менавіта Рэйчал, несапраўдны па сутнасці чалавек, але сапраўдная жанчына, акажацца галоўнай гераіняй гісторыі, дзе каханне адсуне прынцыповую барацьбу з рэплікантамі, а прыватнае ізноў пераможа глабальныя стратэгіі чалавецтва. (Калі браць за аснову першы варыянт фільма “Бягучы па лязе” з хэпі-эндам)

“Закаханыя” Адзіцьі Чопра

Увесь цвет індыйскага папулярнага кіно сабраўся, каб сыграць у новай мудрагелістай гісторыі каханняў. Амітабх Бачан, Айшварыя Рай і Шах Рукх Кхан, рэжысёр топавых кінакарцін Індыі Адзіцья Чопра, выкшталцоная харэаграфія, лірычныя песні, супернічанне разума з сэрцам і да пяшчотных слёз рамантычныя сцэны – гэта ўсё Балівуд. Па сюжэце ў слаўны сваёй дысцыплінай коледж Gurukul, якім кіруе суворы Нараян Шанкар, прыбывае малады настаўнік музыкі Радж. Сярод шматлікіх прапаноў ён выбірае менавіта гэта месца і хоча прыўнесці ў Gurukul столькі любві і кахання, якія б здолелі разбурыць шматгадовыя асновы коледжа. Антаганістам Раджа, канешне, становіцца рэктар Нараян Шанкар, але ён не ведае, што з настаўнікам музыкі яго звязвае ўласная дачка Мегха, якая некалі скончыла жыццё самагубствам. У індыйскіх сюжэтаў свая спецыфіка, але важна, што толькі дзякуючы ахвяры Мегхі, памяці пра яе і кахання да яе будучыня коледжа і асабліва трох яго студэнтаў зможа кардынальна памяняцца.

 “Олдбой” Пак Чхан-ука

Паўднёвакарэйскі фільм небезвядомага рэжысёра Пак Чхан-ука падыдзе захраслым у забабонах гледачам, бо сюжэт непрыхавана распавядае пра інцэст і сцвярджае яго права на існаванне. Зрэшты, гэта не адзіная дэталь, што можа шакаваць нашага гледача, бо радыкалізм карэйскага рэжысёра праяўляецца ва ўсім – у ліха завернутай гісторыі, чалавечых страсцях і, напрыклад, паяданні жывога васьмінога. Бізнесмен О Дэ-су знікае і на доўгія годы аказваецца зняволеным у дзіўным пакоі без вокнаў, а калі выходзіць на свабоду, аказваецца вядзёным нябачнай і вельмі багатай рукой. Спробы О Дэ-су знайсці адказ на рэзоннае пытанне “ды што ўсё гэта значыць?” і вінаватага ў сваім зняволенні прывядуць да нечаканага рэзультата: усё пачалося са смерці дзяўчыны, а вырасла ў помсту за яе. Больш за тое, О Дэ-су сустракае Мі-до, дзеля якой яму прыйдзецца прыніжацца, маліць і прымаць проста вар’яцкія рашэнні. Шчыра кажучы, вынаходлівасць і арыентаванне Пак Чхан-ука ў чалавечых страсцях ашаламляюць.

“Прывідная ніць” Пола Томаса Андэрсана

Новая карціна Пола Томаса Андэрсана, намінаваная на сёлетні Оскар як найлепшы фільм (статуэтку ў выніку атрымала “Форма вады” Гільерма дэль Тора), нядаўна прайшла ў сталічным пракаце. На экране шэрая, бляклая, нічым не выдатная афіцыянтка Альма ўвайшла ў жыццё таленавітага, папулярнага, элітнага лонданскага куцюр’е Рэйнальдса Вудкака (Дэніэл Дэй-Льюіс назваў гэтую ролю апошняй у сваёй кар’еры, але ніхто насамрэч не гарантуе). І нягледзячы на тое, што яна прыйшла ў шыкоўны дом Вудкака як чарговая часовая мадэль, вельмі своеасаблівым спосабам Альма здолела запаволіць ідэальны распарадак працаголіка Вудкака і прымусіла яго належаць толькі ёй. Дом, дзе ўсё рабілася, каб дагадзіць куцюр’е і стварыць яму ўмовы для працы, Альма паступова зрабіла сваім, а свайго каханага мужчыну літаральна вырвала з учэпістых лап свету моды. Вядома ж, для сябе. Так што ніколі не ведаеш, чаго чакаць ад жанчын, што выглядаюць бляклымі пасрэднасцямі.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.