Вы тут

У Брэсцкім абласным Савеце падвялі вынікі работы 27-га склікання


У мінулую суботу дэпутаты папярэдняга складу сабраліся на форум, каб асэнсаваць пройдзенае, намеціць задачы, абазначыць праблемы, якія пераходзяць да новага складу. Тым больш што пэўная частка народных абраннікаў з цяперашняга Савета перайшлі ў новы. Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей АШМЯНЦАЎ звярнуў асаблівую ўвагу на практыку выязных сесій.


Удзель­ні­кі ад­на­го з фо­ру­маў  на­вед­ва­юць Стры­гаў­скі Дом куль­ту­ры.

Дэпутаты, на выезд!

Не толькі папярэдняе, але і тры мінулыя скліканні аблсавет практыкаваў выязныя сесіі як найбольш аптымальную і наглядную форму вывучэння вопыту на месцах. Падчас выязнога форуму кожны народны абраннік мог пачуць цікавую для яго інфармацыю з першых вуснаў. За справаздачны перыяд такіх форумаў прайшло шэсць.

Выязная сесія ў Столінскім раёне на тэму прыцягнення ў абарот маёмасці, што не выкарыстоўваецца, стала школай найлепшага вопыту для многіх удзельнікаў. Як вядома, падобныя пытанні лепш вырашаюцца ў раёнах, якія размешчаны паблізу ад вялікіх гарадоў. Столін жа адзін з самых аддаленых ад цэнтра вобласці, а таксама ад сталіцы раёнаў, але мясцовыя органы ўлады працуюць даволі актыўна ў азначаным кірунку. Адно з памяшканняў былога ваеннага гарадка ў Давыд-Гарадку ператварылася пасля рамонту і рэканструкцыі ў дзіцячы садок. Месцаў у дашкольнай установе не хапала, і новы садок стаў вырашэннем сацыяльнай праблемы для многіх сем'яў.

Таксама цікавы прыклад убачылі дэпутаты на тэрыторыі Белавушскага сельсавета. Будынак былога магазіна, які даўно быў закрыты, пераабсталявалі пад банкетную залу. У гэтых мясцінах населеныя пункты вялікія, на вяселле збіраюцца сотні людзей. А правесці яго раней не было дзе, звычайна бацькі маладых узводзілі нешта накшталт шатра. Але ж у халоднае надвор'е ўзнікалі праблемы. Цяпер жа людзі могуць заплаціць невялікую арэндную плату і праводзіць сваё мерапрыемства ў зручным і прыстасаваным памяшканні. Многіх удзельнікаў сесіі гэта зацікавіла.

Добрыя ўспаміны ў іх пакінула выязная сесія ў Іванаўскім раёне — па пытаннях захавання культурнай спадчыны. Іванаўшчына была выбрана для дэпутацкага форуму невыпадкова. Там шмат славутасцяў і мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю вядомых людзей. Несумненна, землякі ганарацца адноўленай сядзібай Напалеона Орды ў Варацэвічах. Менавіта яго карціны, малюнкі і накіды старадаўняй архітэктуры зрабілі магчымым аднаўленне ці хоць бы захаванне памяці пра сядзібы і палацы як беларускай, так і суседніх зямель. Сёння ў Варацэвічах размешчаны музей мастака. Цікавай мясцінай уяўляецца і Дастоева, радзіма продкаў Фёдара Дастаеўскага. Зараз усё больш прадметна вядзецца размова аб аднаўленні сядзібы за сродкі Саюзнай дзяржавы. Усю разнастайную спадчыну падтрымліваюць, аберагаюць, захоўваюць работнікі культурнай галіны. З імі і сустракаліся дэпутаты абласнога Савета, з імі абмяркоўвалі магчымыя шляхі развіцця музейнай справы, народных рамёстваў, мастацкай самадзейнасці на карысць пашырэння ўязнога турызму, а таксама выкарыстання багатай спадчыны продкаў у справе патрыятычнага выхавання маладога пакалення.

Галоўным чынам на выхаванне была накіраваная сесія па пытаннях навучання насельніцтва бяспецы жыццядзейнасці. Сесія праходзіла на тэрыторыі Камянюцкага сельсавета Камянецкага раёна. На форуме прысутнічаў міністр МНС Уладзімір Вашчанка. Дэпутатам і шматлікім удзельнікам сесіі было паказана, як праходзіць навучанне ўсіх катэгорый насельніцтва, пачынаючы з дзіцячага садка. Абмеркаванні ўзнікалі на кожным этапе, дэпутаты не чакалі пленарнага пасяджэння. Многія з удзельнікаў гаварылі, што можна пераняць, укараніць у сябе. Сесія прайшла з карысцю і для ўдзельнікаў, і для тых, хто выступіў прымаючым бокам. Яны рыхтаваліся, нешта палепшылі, удасканалілі ў сваёй рабоце. Таму выязныя сесіі, прэзідыумы таксама ідуць на карысць рэгіёнам, адзначылі дэпутаты.

Ці ўсё ў парадку?

Добраўпарадкаванне было адной з асноўных тэм на працягу ўсяго папярэдняга склікання. Агляды чысціні і парадку ў населеных пунктах праходзілі не толькі перад сесіяй альбо пасяджэннем прэзідыума. Кожны год аблсавет праводзіў конкурс на самае лепшае добраўпарадкаванне населеных пунктаў, а таксама конкурсы старастаў вёсак. І, вядома ж, перамагаў той са старастаў, у якога вёска выглядала найбольш прывабна.

Летась наша газета расказвала аб адной з пераможцаў абласнога конкурсу старасце вёскі Падкраічы Бярозаўскага раёна Таісе Чапайле. Гэта сапраўдны вясковы лідар. На яе рахунку ўзвядзенне і ўладкаванне альтанак, добраўпарадкаванне парку, аснашчэнне яго малымі архітэктурнымі формамі. Таіса Васілеўна жыхароў цэлых вуліц арганізоўвала на суботнікі, дзе ўсе разам паляпшалі знешні выгляд свайго населенага пункта. А грошы, законную прэмію, якую яна атрымала за перамогу ў конкурсе, Таіса Чапайла патраціла на грамадскія патрэбы.

І такіх старастаў ці іншых грамадскіх актывістаў, на шчасце, не мала. Рознымі прэміямі і дыпломамі адзначаліся дамавыя камітэты з Баранавічаў, Брэста, Пінска. У Баранавічах вядомасць атрымаў камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Надзея», які аб'яднаў 25 дамоў. На яго ўзор утвораны іншыя камітэты: «Сонечны», «Вясёлкавы», «Дамавічкі»... Некаторыя ініцыятыўныя жыльцы не афармлялі арганізацыйна свой орган дамавога самакіравання, але здолелі так паставіць справу, што поспехаў дабіліся несумненных. Такімі рупліўцамі можна назваць жыльцоў дома № 2 па вуліцы Чыгуначнай. Дом, якому больш за сто гадоў, яны зрабілі тэрыторыяй узорнага парадку. І былі ўзнагароджаны дыпломам, а таксама прэміяй аблсавета, за якую набылі касілку для добраўпарадкавання двара.

Іх вопыт таксама вывучалі і абагульнялі дэпутаты. Асабліва важна працягваць гэтую работу, напаўняць яе новым зместам сёлета, у Год малой радзімы, ды і ўсе наступныя гады, падкрэслівалася на сесіі.

Падзякі — найлепшым

Аляк­сандр Са­ўчыц.

На выніковай сесіі падзякавалі за работу ўсім дэпутатам, і асабліва тым, хто адпрацаваў не адно, а два, тры і больш скліканняў. Сярод іх Аляксандр САЎЧЫЦ, генеральны дырэктар ААТ «Савушкін прадукт». Прадпрыемства, якое ён узначальвае, адно з найлепшых у малочнай галіне краіны. Летась калектыву названага прадпрыемства прысуджаны Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.

Іван ТУРЧАК, дэпутат па Баранавіцкай акрузе, узначальвае Баранавіцкае баваўнянае аб'яднанне, адзін з найбуйнейшых камбінатаў па вытворчасці тэкстылю не толькі ў Беларусі, але і ў СНД, у Еўропе. Сярод паспяховых кіраўнікоў-дэпутатаў называлі і Таццяну ДЗЕМІДЗЮК, старшыню СВК «Узыходзячая зара» Кобрынскага раёна, Міхаіла СТРАПКО, дырэктара ААТ «Відамлянскае» Камянецкага раёна. Чатыры скліканні адпрацаваў Канстанцін ШАРШУНОВІЧ, начальнік абласнога ўпраўлення МНС.

Кан­стан­цін Шар­шу­но­віч.

Галоўны ўрач Брэсцкай абласной бальніцы, доктар медыцынскіх навук, прафесар Аляксандр КАРПІЦКІ таксама чатыры разы атрымліваў давер выбаршчыкаў. Пад яго кіраўніцтвам абласная бальніца стала клінікай рэспубліканскага ўзроўню, навукова-практычным цэнтрам, дзе праводзяцца складаныя аперацыі на сэрцы, робіцца перасадка ўнутраных органаў. І ўвесь час Аляксандр Карпіцкі ўзначальваў дэпутацкую камісію па сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароне насельніцтва.

На думку Сяргея Ашмянцава, абсалютная большасць дэпутатаў абласнога Савета ў мінулым скліканні, як і ў папярэдніх, да сваёй работы ставілася адказна. А новаму складу Савета цяпер ужо былыя народныя абраннікі пажадалі больш плённа працаваць з насельніцтвам, з выбаршчыкамі ў сваіх акругах.

Аляк­сандр Кар­піц­кі.

* * *

6 сакавіка адбылася першая сесія Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў 28-га склікання. Яго старшынёй абраны Юрый НАРКЕВІЧ. Да гэтага Юрый Іосіфавіч працаваў кіраўніком спраў Брэсцкага аблвыканкама. Яшчэ раней больш за дзесяцігоддзе ўзначальваў Бярозаўскі райвыканкам. Яго намеснікам стала Валянціна ПУХ, дырэктар абласнога філіяла РУП «Белпошта».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Загаловак у газеце: Форма са зместам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».