Сёння цяжка ўявіць, што яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў нават у буйных гарадах краіны існавалі праблемы з доступам да якаснай пітной вады, дзейнасцю ці ўвогуле наяўнасцю сістэм каналізацыі... У выніку рэалізацыі Дзяржпраграмы «Чыстая вада» многія з гэтых пытанняў калі не зніклі з парадку дня, то страцілі сваю злабадзённасць. Але наколькі паспяхова адбываецца гэты працэс?
Вада — паказчык дабрабыту
Спецыялісты сцвярджаюць: якасная пітная вада па сваіх арганалептычных уласцівасцях, мікрабіялагічным і хімічным саставе павінна адпавядаць санітарным нормам і правілам. Ад яе якасці залежыць стан здароўя насельніцтва, узровень санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту, ступень камфортнасці і, як следства, сацыяльная стабільнасць грамадства.
За чысцінёй і бяспекай пітной вады сочаць акрэдытаваныя лабараторыі арганізацый вода-каналізацыйнай гаспадаркі і лабараторыі санітарных службаў.
З 2002 года ў краіне рэалізавана некалькі этапаў Дзяржаўнай праграмы па водазабеспячэнні і водаадвядзенні «Чыстая вада». Сёння работа ў гэтым кірунку працягваецца з дапамогай аднайменнай падпраграмы дзяржпраграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016—2020 гады.
Як расказала начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Марына ТОЎСЦІК, да канца 2020 года неабходна дасягнуць паказчыка забяспечанасці пітной вадой нарматыўнай якасці 100 % спажыўцоў, якія маюць доступ да цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння. За 2017 год гэты паказчык склаў 87,1 %.
Але і сёння, без запланаваных мерапрыемстваў, нашу ваду нельга назваць няякаснай і небяспечнай. Па звестках Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, вынікі лабараторных даследаванняў апошніх 10 гадоў фіксуюць стабілізацыю на ўзроўні менш за 1 % проб пітной вады з водаправоднай сеткі, якія не адпавядаюць гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках. Пры гэтым, паводле рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, вада лічыцца бяспечнай у эпідэміялагічных адносінах, калі колькасць такіх проб не перавышае 5 %.
Праблема нумар адзін
Калі шкодных мікраарганізмаў у беларускай вадзе сустракаецца вельмі мала, то такога хімічнага элемента, як жалеза, у ёй звыш нормы. Па даных Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, каля 40 % ад усіх свідравін падаюць ваду з колькасцю жалеза, большай за гранічна дапушчальную канцэнтрацыю. Асабліва насычаная ім вада на Палессі.
Перыядычна ў дзяржаўныя органы і СМІ паступаюць скаргі грамадзян з розных рэгіёнаў Беларусі на якасць вады і яе руды колер. Але гэтыя выпадкі, кажа Марына Тоўсцік, не сістэмныя і звязаныя, перш за ўсё, з аварыйнымі сітуацыямі на трубаправодах. Нельга таксама выключаць і фактар узросту некаторых участкаў водаправоднай сеткі.
Пры гэтым, па словах спецыяліста, усе мерапрыемствы, неабходныя для падачы якаснай вады спажыўцам: прамыўка вонкавых і ўнутраных водаправодных сетак, дэзынфекцыя і іншыя — праводзяцца прадпрыемствамі, якія абслугоўваюць водаправоды, згодна з патрабаваннямі.
Галоўны ўпор у вырашэнні праблемы «жалезнай» вады камунальнікі ўсё ж робяць на будаўніцтве станцый абезжалезвання. Сёння прадпрыемствамі, што ўваходзяць у сістэму ЖКГ, эксплуатуецца 598 станцый абезжалезвання вады. А да 2020 года, падчас рэалізацыі падпраграмы «Чыстая вада», у Беларусі плануецца пабудаваць яшчэ каля 500 такіх аб'ектаў.
— Каб выканаць такую маштабную задачу, неабходна ўкласці шмат сродкаў, таму для фінансавання будаўніцтва станцый, акрамя сродкаў мясцовых і рэспубліканскага бюджэтаў, шукаюцца розныя крыніцы, — расказвае Марына Тоўсцік. — Так, напрыклад, цяпер прапрацоўваецца пытанне з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця аб выдзяленні крэдытных грашовых сродкаў у памеры 15 млн еўра на будаўніцтва 80 станцый абезжалезвання ў Віцебскай вобласці.
Дасягнута таксама дамоўленасць з Сусветным і Еўрапейскім інвестыцыйным банкамі аб фінансаванні праектаў у сферы водазабеспячэння і водаадвядзення на суму 140 млн долараў.
Калодзеж, дай вады!
Сёння цэнтралізаванае водазабеспячэнне маюць 98,5 % гарадскога насельніцтва і 66 % сельскага. У некаторых сельскіх населеных пунктах адсутнічаюць сістэмы цэнтралізаванага водазабеспячэння. На хутарах і ў невялікіх вёсках галоўнымі крыніцамі пітной вады па-ранейшаму застаюцца шахтавыя калодзежы і дробнатрубчастыя свідравіны. Акрамя таго, у апошнія гады многія сельскія жыхары бураць на сваіх участках індывідуальныя свідравіны. Але наколькі гэтыя спосабы атрымання вады эфектыўныя і бяспечныя?
Згодна з заканадаўствам для атрымання вады з неглыбокай свідравіны (да 20 м) не трэба звяртацца да кампетэнтных органаў па дазвол. Дастаткова замовіць работу па бурэнні свідравіны на ваду са спецыялізаванымі сертыфікаванымі арганізацыямі. Пры гэтым здабыча вады з такой свідравіны для фізічных асоб сёння бясплатная.
Але і тут ёсць свае нюансы. Па словах начальніка ўпраўлення па геалогіі Мінпрыроды Васіля КОЛБА, калі вады выкарыстоўваецца звыш 5 м3 у суткі, неабходна атрымаць дазвол на спецыяльнае водакарыстанне ў тэрытарыяльных органах Мінпрыроды. А садаводчыя таварыствы, якія ўстанаўліваюць на свідравіну лічыльнікі вады, павінны аплачваць яе спажыванне.
Нягледзячы на шматлікія плюсы, пры выкарыстанні вады са свідравін і калодзежаў не трэба забываць пра юрыдычныя аспекты і... уласную бяспеку. Здараюцца выпадкі, калі арганізацыі, якія займаюцца бурэннем водазаборных свідравін, не выдаюць уласнікам пашпарты на гэтыя аб'екты. У выніку дзейнасці такіх «спецыялістаў» людзі не ведаюць, якой глыбіні і магутнасці іх свідравіна, ці ўстаноўлены на ёй неабходныя фільтры і г. д., што можа прывесці да «знікнення» вады, забруджвання наваколля і нават праблем са здароўем. Апошнія, дарэчы, могуць узнікнуць і пры карыстанні ўжо дзеючымі калодзежамі.
Сёння дзяржаўны санітарны нагляд ажыццяўляецца за грамадскімі крыніцамі нецэнтралізаванага водазабеспячэння. За чысцінёй і якасцю вады ў індывідуальных калодзежах і калонках павінны сачыць іх уласнікі, што не заўсёды адбываецца своечасова і эфектыўна.
Пры гэтым такія крыніцы пітной вады — самыя ненадзейныя ў гігіенічным плане. Паколькі вада з іх знаходзіцца дастаткова блізка ад паверхні, на яе склад уплываюць многія фактары: ападкі, тэхнічны стан калодзежаў і калонак, а таксама размешчаныя побач жывёлагадоўчыя комплексы, склады ўгнаенняў, прыбіральні і нават агароды. У выніку падземныя воды могуць забрудзіцца шкоднымі для чалавека рэчывамі, у тым ліку нітратамі.
Спецыялісты раяць: каб быць упэўненым у якасці вады ва ўласным калодзежы, неабходна прыкладна раз у год правяраць яе ў спецыялізаваных лабараторыях, а таксама перыядычна чысціць калодзеж і ўмацоўваць яго сценкі і дах.
Юрый Дарагакупец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве:
— Беларусь займае адно з першых месцаў у Еўропе па запасах і паказчыках якасці пітной вады. І гэта дасягненне — вынік значнай работы, якая праводзіцца ў нашай краіне ў апошнія гады. Спажыўцы п'юць бясшкодную ваду, але перад намі стаіць задача зрабіць яе яшчэ больш якаснай (да другога чытання рыхтуецца праект Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях пітнога забеспячэння» — Аўт.).
Неабходна таксама звярнуць увагу і на такую праблему: літаральна за апошнія 15 гадоў хімічны састаў каналізацыйных сцёкаў змяніўся, стаў больш агрэсіўны. У выніку ў крыніцы вады трапляюць розныя рэчывы, якія цяжка выдаліць звычайнымі спосабамі ачысткі. Упэўнены, што ў найбліжэйшы час трэба працаваць над змяншэннем шкоднага ўплыву «хіміі» на прыроду і здароўе людзей.
Вераніка КОЛАСАВА
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.