Вы тут

Як у Гродзенскай вобласці будуць паляпшаць якасць пітной вады


Жыхары рэгіёна неаднойчы звярталі ўвагу мясцовых улад на якасць вады. І сапраўды, водаправодная вада са свідравін мае высокую колькасць жалеза. Аб гэтым сведчаць і вынікі праверак санітарных службаў. Праблема ўзята на кантроль кіраўніком вобласці. Плануецца, што селета пачнецца будаўніцтва 10 станцый абезжалезвання, а ўсяго за 3—4 гады рэгіён павінен закрыць праблему з вадой.


А вадзічка мутнаватая

Згодна з заканадаўствам, кантраляваць якасць вады, якая падаецца насельніцтву, павінны ўладальнікі водаправода. Пробы бяруцца ў месцах перад паступленнем вады ў раздзяляльную сетку, а таксама непасрэдна ў спажыўца. Гэта работа павінна весціся рэгулярна, адзначаюць прадстаўнікі абласнога Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. А пітная вада павінна быць бяспечная ў эпідэмічным і радыяцыйным сэнсе, без перавышэння колькасці шкодных хімічных рэчываў, са спрыяльнымі арганалептычнымі ўласцівасцямі — гэта значыць колерам, пахам і смакам. Што датычыцца праверак санітарных службаў, яны вядуцца выбарачна.

Якую ж ваду п'юць жыхары рэгіёна? Як сведчаць даныя абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якасць вады па мікрабіялагічных паказчыках (на бяспечную мікрафлору) не перавышае нормаў, рэкамендаваных Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (5 %). Згодна з лабараторнымі даследаваннямі санітарнай службы вобласці, толькі 0,7 % проб, узятых з камунальных водаправодаў непасрэдна ад спажыўца, і 1,8 % — з ведамасных водаправодаў не адпавядалі гігіенічным патрабаванням. Гэта больш чым у два разы ніжэй за міжнародныя нормы.

А вось санітарна-хімічны склад не адпавядае нарматывам. Амаль 11 % проб вады камунальных і 29 % ведамасных водаправодаў мелі высокую прыродную колькасць жалеза. І, як следства, павышаную мутнасць вады.

Па словах спецыялістаў, спажыванне вады з высокай колькасцю жалеза (звыш 0,3 мг/дм куб.), не нясе пагрозы здароўю насельніцтва. Разам з тым ёсць пэўны дыскамфорт, бо вада мае руды колер, на сантэхнічных прыладах з'яўляецца ржавы налёт.

Людзі занепакоены

Аграгарадок Путрышкі Гродзенскага раёна — адзін з самых праблемных па якасці вады. Адсюль паступае нямала скаргаў як да раённых, так і абласных улад. Жыхары занепакоены якасцю пітной вады, якая цячэ з кранаў. У сваіх зваротах яны наракаюць на тое, што вымушаны часта мяняць фільтры альбо купляць бутыляваную ваду, бо ад водаправоднай з'яўляецца слізкі ржавы налёт, і пасля мыцця ўсё цела чэшацца.

Такая сітуацыя склалася на працягу апошніх пяці гадоў. І з кожным годам праблема становіцца больш вострай, стан вады пагаршаецца. Псуецца і сантэхніка. Іржа папросту раз'ядае паверхні мыек, ваннаў, унітазаў. Не ўратоўваюць нават дарагія фільтры. Вось і прыходзіцца мяняць сантэхніку, пішуць у сваіх зваротах жыхары вуліцы Інтэрнацыянальнай аграгарадка Путрышкі. Асабліва іх непакоіць той факт, што гэту ваду ўжываюць дзеці, што яна выкарыстоўваецца для прыгатавання ежы.

Санітарныя службы ацэньваюць якасць вады ў Путрышках як нездавальняючую. Па словах супрацоўнікаў аддзялення камунальнай гігіены Гродзенскага занальнага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, колькасць жалеза ў вадзе і мутнасць амаль у тры разы перавышаюць норму. Ды і колькасць спажыўцоў, якія падключаны да мясцовага водаправода, значна большая за норму. Перагруз таксама негатыўна адбіваецца на канчатковым выніку.

Асабліва пакутуюць тыя, хто атрымлівае ваду ад галоўнай свідравіны, якая знаходзіцца на балансе камунальнай службы раёна.

Праблема «з барадой»

Каб гэта пытанне зняць з парадку дня, у Путрышках трэба пабудаваць станцыю абезжалезвання. Калісьці такі аб'ект ужо ўносілі ў абласную праграму «Чыстая вада». Але ён так і не быў рэалізаваны.

У той жа час большая частка населеных пунктаў Гродзенскага раёна такія станцыі ўжо мае. Толькі за апошнія некалькі гадоў уведзена каля дзесяці, а ўсяго ў раёне іх амаль 30 — гэта больш, чым у любым іншым раёне вобласці.

Як паведамілі ў абласным упраўленні ЖКГ, будаўніцтва станцый па абезжалезванні ўваходзіць у лік прыярытэтных кірункаў рэгіёна. Яны будуць фінансавацца ў першую чаргу. Так, сёлета ў Гродзенскай вобласці плануецца пабудаваць дзесяць станцый, у тым ліку некалькі — у Гродзенскім раёне. Трапілі ў гэты спіс і аграгарадкі Путрышкі і Свіслач.

Работа паступова рухаецца. Як паведамілі ў раённым аддзеле ЖКГ, цяпер вядзецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі. Адным з месцаў будучага аб'екта можа стаць памяшканне былой кацельнай каля водазабора.

Па папярэдніх разліках, кошт будаўніцтва складае 100 тысяч рублёў. Дарэчы, столькі сродкаў плануецца выдаткаваць на кожную з дзесяці станцый. Праектны этап работ бяруць на сябе раённыя ўлады. А вось аб канчатковых тэрмінах гаварыць пакуль рана. Хоць прадстаўнікі абласных улад запэўнілі, што станцыі павінны запрацаваць да канца гэтага года.

Пералік населеных пунктаў, якія маюць патрэбу ў такіх аб'ектах, ужо вызначаны. Галоўны акцэнт прыпадае на сельскія населеныя пункты, дзе якасць вады па стане жалеза горшая, чым у гарадах. Будаўніцтва будзе весціся ў рамках рэалізацыі падпраграмы «Чыстая вада», дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2016—2020 гады». Акрамя гэтага, Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам зацверджаны Комплекс мерапрыемстваў, накіраваны на павышэнне ўзроўню добраўпарадкавання аграгарадкоў і іншых перспектыўных сельскіх населеных пунктаў на 2017—2020 гады. У іх пералік уключана будаўніцтва 58 станцый абезжалезвання ў аграгарадках. Першыя дзесяць аб'ектаў плануецца пабудаваць у аграгарадках Свіслач і Путрышкі Гродзенскага раёна, Вялікія Эйсманты — Бераставіцкага, Забалаць — Воранаўскага, Мачуліна — Ваўкавыскага раёнаў. Станцыі таксама з'явяцца ў Геранёнах Іўеўскага, Варнянах Астравецкага раёнаў і іншых аграгарадках, дзе праблемы якасці вады звязаны з высокай колькасцю жалеза.

Уладзімір Краўцоў, старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, падчас суботняй прамой лініі адзначыў:

— Апошнім часам большасць зваротаў ад жыхароў Гродзенскай вобласці, і асабліва з сельскай мясцовасці, звязана з пытаннямі якасці вады. Мы ўважліва аднесліся да неабходнасці рашэння гэтай праблемы. На сесіі па размеркаванні бюджэту на 2018 год заклалі адзін мільён рублёў на вырашэнне гэтай праблемы. Мы сёлета павінны пабудаваць 10 станцый абезжалезвання ў аграгарадках, бо гэта ў асноўным праблема сельскай мясцовасці. А ўсяго 150 населеных пунктаў Гродзенскай вобласці патрабуюць паляпшэння якасці вады. Першыя крокі ў гэтым кірунку ўдалося зрабіць падчас дзеяння праграмы «Чыстая вада».

Цяпер гэта праблема будзе вырашацца за кошт сродкаў абласнога бюджэту, але не толькі. Разам з Міністэрствам ЖКГ распрацоўваем іншыя крыніцы фінансавання. У прыватнасці, пазыковыя сродкі, крэдытныя рэсурсы міжнародных арганізацый, якія пад гэты кірунак даюць ільготныя, доўгатэрміновыя крэдыты. Спадзяёмся, што агульныя намаганні прынясуць плён і дапамогуць у наступныя 3—4 гады поўнасцю вырашыць праблему якаснай вады і ў сельскай мясцовасці.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Болевыя кропкі водаправода

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».