Вы тут

Як на смак адрозніць калодзежную ваду ад водаправоднай?


Як на смак адрозніць калодзежную ваду ад водаправоднай? Ці п'е ваду з-пад крана дырэктар Водаканала? І ці адпавядае нормам вада ў сталіцы? Пра якасць найважнейшага прыроднага рэсурсу мы запыталі тых, хто арыентуецца ў гэтым пытанні як рыба ў вадзе.


Генадзь АКСЦІЛОВІЧ, прэс-сакратар Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

— Асабіста я выкарыстоўваю звычайную ваду з-пад крана, якая цячэ ў кожнай кватэры Мінска. І якасць яе задавальняе. У мяне ёсць маленькае дзіця — яму я заказваю бутыляваную ваду.

Марыя ЛІСТАПАДАВА, старшыня Запольскага сельскага Савета дэпутатаў Бялыніцкага раёна:

— Я ў асноўным выкарыстоўваю ваду з калодежа. Яна чыстая — у норме па нітратах і па мутнасці. Мы сумесна з санстанцыяй адзін-два разы ў год, па неабходнасці, робім аналіз. Можна заўважыць адрозненне калодзежнай вады па смаку — яна больш мяккая, чым з-пад крана. Калі калодзеж чысты і дастаткова глыбокі, то і вада там смачнейшая.

Дзмітрый ДРОЗД, дырэктар прадпрыемства «Водаканал Мінскага раёна»:

— Дзейнасць нашай арганізацыі распаўсюджваецца на 240 населеных пунктаў, дзе мы з'яўляемся пастаўшчыкамі паслуг. Кантроль якасці вады ў Мінскім раёне праводзіцца наступным чынам. У нас заключаны дагавор з органамі санітарнага нагляду — сваёй лабараторыі няма. Згодна з распрацаванай праграмай, кожны месяц, тыдзень ці квартал бяром пробы. У залежнасці ад вынікаў назначаюцца мерапрыемствы па паляпшэнні якасці вады.

У нас ёсць 470 свідравін. Калі ў якой-небудзь з іх паказчык па нітратнасці будзе вышэйшы за норму, мы адразу выводзім свідравіну з эксплуатацыі і прамываем. Летась такіх выпадкаў было шэсць. Напрыклад, у пасёлку Анопаль тры месяцы дзейнічала абмежаванне па выкарыстанні вады. Мы ўсталявалі станцыю, якая выдаляе нітратную групу і жалеза, і ўсе абмежаванні знялі.

Цяпер самая вялікая праблема для Мінскага раёна — гэта колькасць жалеза ў вадзе. На гэты элемент санітарнымі нормамі ўсталяваны жорсткі нарматыў. Каля 75 % проб па жалезе праходзяць праверку, а з астатнімі ёсць праблемы. Жалеза — прыродны паказчык, таму змагацца з гэтай праблемай можна толькі ўсталяваннем станцый абезжалезвання. Сам я, дарэчы, п'ю ваду з-пад крана — ніякіх праблем з якасцю няма.

Наталля САЗАНАВА, намеснік начальніка вытворчасці «Мінскводаправод» УП «Мінскводаканал»:

— Маніторынг якасці вады ў сталіцы праводзіцца згодна з праграмай вытворчага кантролю на пяць гадоў. Яна зацвярджалася ў 2016 годзе Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам і праходзіла экспертызу ў Мінскім гарадскім цэнтры гігіены. Там прапісана перыядычнасць зняцця паказчыкаў, самі паказчыкі, па якіх адбіраюцца пробы. Мы прытрымліваемся санітарнага заканадаўства, і ўся пітная вада ў сталіцы адпавядае нормам. Кожны дзень праводзіцца маніторынг якасці кантрольных кропак у горадзе. У нас ёсць акрэдытаваная цэнтральная лабараторыя, якая выконвае вялікі спектр аналізаў. У сваю чаргу тэхналагічныя лабараторыі, якія знаходзяцца на некаторых водазаборах, могуць кантраляваць якасць вады кожны дзень. Але афіцыйна па рабочай праграме мы кантралюем якасць у свідравінах кожны квартал. Пры гэтым бываюць дадатковыя заборы ў залежнасці ад неабходнасці.

Згодна з правіламі карыстання «Мінскводаканал» займаецца падачай вады, абслугоўваннем сетак і адказвае за якасць паслугі да мяжы балансавай прыналежнасці. Значыць, калі, напрыклад, гэта жылы дом, то да фундамента — гэта зона адказнасці «Мінскводаканала», пасля — ЖЭСа ці таварыства ўласнікаў. Здараецца, што ў кране карыстальніка якасць пагаршаецца з-за няякаснага выканання рэгламентных работ ва ўнутрыдамавых сетках.

Я п'ю ваду з-пад крана. І як чалавек, які адказвае за водападрыхтоўку і якасць вады ў Мінску, не баюся гэтага рабіць. Я ведаю, што ўся вада ў горадзе адпавядае нормам.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Формула вады

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Топ беларускіх дыялектызмаў, якія вы маглі не ведаць

Топ беларускіх дыялектызмаў, якія вы маглі не ведаць

Нязвыклая форма — заўсёды штуршок для пошуку.

Культура

Як мог выглядаць Мінск? Ведае беларускі архіў

Як мог выглядаць Мінск? Ведае беларускі архіў

Дзе замежнікі вывучаюць савецкую архітэктуру.

Культура

У Вілейцы можна ўбачыць станок, аналагічны таму, за якім працаваў Скарына

У Вілейцы можна ўбачыць станок, аналагічны таму, за якім працаваў Скарына

Ёсць тут зала друкаванай прэсы. Аднак асаблівую цікавасць, безумоўна, выклікае ў экспазіцыі друкарскі варштат.