Вы тут

У Беларусі трэба збудаваць 1200 станцый абезжалезвання


Станцыя па абезжалезванні вады ў аграгарадку Кракоўка ў Ашмянскім раёне павінна з'явіцца сёлета ў маі. Населенаму пункту такое прыстасаванне жыццёва неабходнае, кажуць мясцовыя ўлады. Узровень жалеза ў тутэйшай вадзе ўдвая перавышае дазволеныя нормы, хоць па астатніх параметрах у прынцыпе адпавядае гранічна дапушчальным канцэнтрацыям розных рэчываў.


Празмерная колькасць жалеза ў вадзе — праблема многіх беларускіх мястэчак, аднак у ашмянскім краі, дзе карыстаюцца ў асноўным паверхневымі водамі з іх не найлепшымі пітнымі якасцямі, гэта найбольш адчувальна, кажуць раённыя камунальнікі. Каб вада ў аграгарадку Кракоўка стала якаснай па ўсіх крытэрыях, патрэбна станцыя коштам 207 тысяч рублёў. Адпаведную суму плануецца атрымаць па абласной інвестыцыйнай праграме (з абласнога інвестыцыйнага фонду). Там ужо пацвердзілі факт фінансавання будаўніцтва станцыі, аднак графікаў паступлення грошай пакуль няма.

Тым не менш спецыялісты жыллёва-камунальнай гаспадаркі запланавалі работы па ўзвядзенні станцыі на лета. Ужо падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя, пройдзена экспертыза аб'екта. Каторы год мясцовая ЖКГ працуе з інфраструктурай: рамантуюць і перакладаюць водаправодныя сеткі ў аграгарадку Кракоўка. З 2014-га тут заменена ўжо больш як 3,5 кіламетра «водных» камунікацый.

— Будзе няправільна, калі станцыя з добрай фільтрацыяй запрацуе, а вада пацячэ па трубах, якія пракладваліся ў далёкія часы і большай часткай іржавыя, — пракаменціраваў работу Вячаслаў ЯНКОЎСКІ, намеснік дырэктара Ашмянскага РУП ЖКГ. — Людзі не атрымаюць эфекту, на які разлічваюць, і работа па будаўніцтве станцыі пройдзе ўпустую. Каб гэтага не здарылася, мы і займаемся заменай сетак.

Будаўніцтва станцыі абезжалезвання, а фактычна — некалькіх павільёнаў — не такая ўжо і складаная тэхнічна рэч, кажуць спецыялісты. Прывозіцца дадатковае абсталяванне для фільтрацыі, якое ўразаецца ў існуючую сістэму, і цыркуляцыя вады пускаецца яшчэ па адным крузе. На ўсё гэта разам з добраўпарадкаваннем тэрыторыі вакол спатрэбіцца каля месяца.

Цэнтралізаванай водаправоднай сістэмай у Кракоўцы карыстаецца 988 чалавек. Намеснік дырэктара Ашмянскай ЖКГ не выключае, што са з'яўленнем станцыі абезжалезвання іх колькасць павялічыцца.

Хоць з'яўленне чыстай вады ў кожнай дадатковай хаце, безумоўна, радуе, спецыялісты кажуць, што так павінна быць паўсюдна. Таму побач са станоўчым настроем у іх заўжды прысутнічае пачуццё дыскамфорту ад таго, што яшчэ не ўсё зроблена і наперадзе шмат работы па ўдасканаленні якасці піцця — ужо ў іншых месцах. Наступныя населеныя пункты ў Ашмянскім раёне, якім таксама вельмі патрэбны станцыі абезжалезвання, — гэта аграгарадкі Навасёлкі і станцыя Ашмяны.

Прагназаваць, калі сітуацыя выправіцца і там, спецыялістам цяжка. Можа, гэта здарыцца ў 2019-м, а можа і не. Праграма «Чыстая вада», якая паспяхова стартавала ў свой час у Беларусі, на працягу апошніх пяці гадоў буксавала. Сёлета вада зноў стала адным з прыярытэтных кірункаў работы. Думаецца, у немалой ступені садзейнічала гэтаму заўвага Прэзідэнта да якасці пітной вады на мінулагоднім кастрычніцкім рэспубліканскім семінары «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны». Кіраўнік дзяржавы заўважыў тады: «26 % проб вады ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях не адпавядаюць патрабаванням нарматываў па колькасці жалеза. Забяспечанасць станцыямі абезжалезвання па рэспубліцы — 42 %. Гэтае пытанне неабходна вырашыць да 2025 года».

— Мы не забываем аб праблеме людзей. Як толькі скончым станцыю ў Кракоўцы, адразу зоймемся праектаваннем наступных станцый, каб не губляць час, — запэўніў намеснік дырэктара ЖКГ. — Якасць вады непасрэдна ўплывае на стан здароўя чалавека. Так што будаўніцтва станцый абезжалезвання — гэта архіважная задача.

Усяго ў Гродзенскай вобласці абласной інвестыцыйнай праграмай на будаўніцтва станцый абезжалезвання запланавана выдаткаваць каля мільёна беларускіх рублёў. Чыстая вада прыйдзе, як мяркуецца, у Ваўкавыскі, Слонімскі, Лідскі, Навагрудскі раёны. А ў Шчучынскім і Гродзенскім раёнах з'явяцца артэзіянскія свідравіны.

У Беларусі трэба збудаваць 1200 станцый абезжалезвання, і гэта толькі ў пасёлках, дзе пражывае звыш 100 чалавек. Аднак аблвыканкамі летась збудавана толькі 10 станцый на суму 8,6 млн рублёў. З якіх 7 млн — крэдытныя рэсурсы, аформленыя па мэтавых дзяржаўных праграмах. Пры гэтым Гомельская, Гродзенская і Магілёўская вобласці ў 2017-м не выдзелілі на гэты кірунак ні капейкі. (З матэрыялаў выніковай калегіі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі за 2017 г.)

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: «Вымыць» лішняе жалеза

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.