Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


«Усход—Захад»

«Беларусь 1», з 12 сакавіка

Гераіня доўгайграючай (48 серый у 2 сезонах) меладрамы сумеснай расійска-ўкраінска-турэцкай вытворчасці — Таццяна, якой некалі сяброўка нагадала трывалы шлюб і чатырох дзяцей, у рэальнасці атрымала вельмі сумнеўнае шчасце: меркантыльнага мужа і бяздзетнасць даўжынёй у дзесяць гадоў.

Аднойчы разам з мужам Таццяна едзе ў Стамбул, дзе трапляе на прыём да вядомага рэпрадуктолага Кемаля і ўжо праз некалькі тыдняў даведваецца, што зацяжарыла. Але праблемы толькі пачынаюцца, бо жанчына разумее, што бацькам яе будучага дзіцяці можа быць зусім не законны муж — а ў яе каханага доктара, аказваецца, ужо ёсць нявеста і сваякі, якія катэгарычна супраць уваходжання ў сям'ю славянкі. Асаблівая «разынка» серыяла ў тым, што, як сцвярджаюць яго аўтары, сюжэт заснаваны на рэальных падзеях інтэрнацыянальнага сямейнага шчасця.


«Капітан»

«Беларусь 3», 15 сакавіка

Гэты гісторыка-прыгодніцкі фільм, які французскі рэжысёр Андрэ Юнебель зняў за некалькі гадоў да «Фантамаса», стаў адным з улюбёных у савецкіх гледачоў. Яго прафесійна дублявалі на рускай мове і мноства разоў паказвалі ў кіно і па тэлебачанні — шмат у чым дзякуючы абаянню галоўнага персанажа, героя-каханка Жана Марэ.

...1616 год. Сыну забітага караля Людовіку ХІІІ усяго 15 гадоў, і ён яшчэ занадта юны для кіравання краінай. Таму каралева-маці Марыя Медзічы прызначае на пасаду першага міністра свайго палюбоўніка Канчыні, які таемна прагне сам захапіць трон і стаць уладаром Францыі. Міжволі ў інтрыгу аказваецца ўцягнутым малады шляхцянін Франсуа дэ Капестан, верны законнаму спадчынніку трона, які ўсімі сіламі спрабуе папярэдзіць будучага караля пра смяротную небяспеку, а паралельна знаходзіць выдатных сяброў і сапраўднае каханне...


«Залатая ліхаманка»

«Культура», 18 сакавіка

Прыгодніцкая камедыя Чарлі Чапліна, якая выйшла на экраны амаль стагоддзе таму — у 1925-м, дагэтуль лічыцца адным з самых вядомых фільмаў Вялікага Нямога і адной з дзвюх найлепшых нямых камедый у гісторыі кіно.

Улюбёнец публікі, кволы і кранальны Маленькі валацуга, выпраўляецца насустрач новым прыгодам — на Аляску, на залатых капальнях якой спадзяецца разбагацець. У суровых снежных бурах герой сустракае такіх жа «паляўнічых» на золата, а таксама знаходзіць сваё вялікае каханне, дзеля якога маленькі чалавечак гатовы кінуць выклік абставінам, моцным кулакам і нечакана сапраўды стаць знакамітым і багатым...

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.